Памерла Вольга Завадская, маці зніклага ў 2000 годзе журналіста Дзмітрыя Завадскага
25 траўня пайшла з жыцця Вольга Завадская, маці журналіста Дзмітрыя Завадскага, які знік у 2000 годзе. Апошнім часам яна вельмі моцна хварэла. Пра смерць Вольгі Завадскай паведаміла ў фэйсбуку Галіна Сіўчык.
Маці гвалтоўна выкрадзенага ў 2000 годзе тэлеаператара Змітра Завадcкага апошнія гады моцна хварэла, была прыкавана да інваліднага крэсла. У яе было шмат хвароб — цукровы дыябет, анкалогія, дыфузная полінейрапатыя (калі паступова адмаўляюць рукі-ногі). Вольга Рыгораўна прайшла дзясяткі сеансаў хіміятэрапіі, апрамяненне.
«Са здароўем у мяне не вельмі добра, я цяпер хворая ляжачая,
ужо нават не сядзячая, — распавядала яна каля двух гадоў таму. — Муж мяне ўсюды
цягае за сабой на руках і танчыць вакол мяне ўвесь час. Разумею, што яму цяжка,
але добра, што ён побач. Дай Бог Сяргею здароўя і цярпення! Пасля апрамянення ў
мяне і гаворка крыху парушылася, і слых. Увогуле, усё мае свае наступствы...
Але я па натуры безжурботная. Цяжка, вядома, але трываць можна...»
У студзені стала вядома, што Вольга Завадская перастала перасоўвацца нават пры дапамозе хадункоў. Яна адмовілася ад хіміятэрапіі.
«Яна трохі горш стала казаць, — распавядаў «Народнай волі» яе муж Сяргей. —
Шмат яна вам, вядома, не раскажа, але ўсё выслухае, зразумее, усміхнецца.
Вольга Рыгораўна наогул не ходзіць, увесь час ляжыць, але для прыёму ежы я,
вядома, стараюся яе пасадзіць. Горш бачыць стала… З кастрычніка мінулага года
ёй далі першую групу інваліднасці. На другой групе яна прабыла пяць гадоў без
аднаго месяца… Два гады таму мы цалкам адмовіліся ад хіміятэрапіі. Розныя схемы
тэрапіі ёй прызначалі — нешта дапамагло, ад чагосьці горш стала.
Яе паставілі на ўлік у хоспіс. У Вольгі Рыгораўны пухліна
галаўнога мозгу, яна часам скардзіцца на болі. На шчасце, для купіравання
прыступаў пакуль атрымоўваецца абыходзіцца таблеткамі. Дактары кажуць, што,
калі таблеткі перастануць дапамагаць (іх можна шэсць штук у суткі прымаць, але
мы пакуль адной-дзвюма абыходзімся), будуць прыязджаць калоць ужо самыя моцныя
абязбольвальныя. Мы неяк «хуткую» выклікалі, загаварылі з фельчарам пра хоспіс,
дык яна сказала: маўляў, калі ёсць магчымасць абыходзіцца без хоспіса, лепш без
яго... Я пагадзіўся. Таму мы з Вольгай такі варыянт нават і не разглядаем.
Што лекары кажуць? Мы да іх цяпер рэдка ходзім. Раней рэгулярна ездзілі на кансультацыі, але кожны раз — новы доктар, які не ведае ўсёй гісторыі яе хваробы, чытае медкарту ў камп'ютары. Ну што ён за пяць-дзесяць хвілін вывучыць?.. Таму мы пакуль самі спраўляемся».
Журналіст Дзмітрый Завадскі быў выкрадзены 7 ліпеня 2000 года, калі накіроўваўся ў аэрапорт «Мінск-2» на аўтамабілі, каб сустракаць свайго калегу Паўла Шарамета. Аўтамабіль быў знойдзены каля аэрапорта, але самога Дзмітрыя з тых часоў ніхто не бачыў.
Знікненне журналіста стала ў адзін шэраг са знікненнямі вядомых апазіцыйных палітыкаў Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, бізнесоўца Анатоля Красоўскага, расследаванне якіх таксама не дало вынікаў і адказаў на ўсе пытанні.
14 сакавіка 2002 года па справе аб выкраданні Дзмітрыя Завадскага былі асуджаны 4 чалавекі — былыя супрацоўнікі спецыяльнага атрада міліцыі «Алмаз».
Мінскі абласны суд прызнаў вінаватым у выкраданні журналіста
групу былога супрацоўніка спецпадраздзялення «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча і
асудзіў дваіх чалавек (Ігнатовіча і Маліка) на пажыццёвае зняволенне,
былога курсанта акадэміі МУС Аляксея Гуза на 25 гадоў зняволення,
беспрацоўнага, раней судзімага Сяргея Савушкіна на 12 гадоў зняволення. Паводле
абвінавачвання, матывам злачынства стала помста: журналіст публічна
абвінаваціў Ігнатовіча ва ўдзеле ў чачэнскай вайне на баку баевікоў.
Асуджаныя не прызналі сваёй віны ні па адным з эпізодаў.
Журналіст Павел Шарамет за два дні да пачатку судовага працэсу на прэс-канферэнцыі ў Маскве распавёў, што замовіў выкраданне яго калегі тагачасны генеральны пракурор Беларусі Віктар Шэйман. Вясной 2000 года ён займаў
пасаду кіраўніка Савета бяспекі і мог быць зацікаўленым у тым, каб знішчыць
сведку дзеянняў беларускіх спецслужбаў у Чачні.
Месца пахавання Дзмітрыя Завадскага да сёння невядомае.
27 лістапада 2003 года суд Фрунзенскага раёна Мінска прыняў рашэнне аб прызнанні зніклага журналіста памерлым.