Маці зніклага журналіста Дзмітрыя Завадскага адмовілася ад хіміятэрапіі

Восенню мінулага года Вольга Завадская атрымала першую групу інваліднасці. «Народная Воля» пацікавілася здароўем Вольгі Рыгораўны.

izobrazhenie_2023_01_10_000018540_768x440.png

Нагадаем, што маці гвалтоўна выкрадзенага ў 2000 годзе тэлеаператара Змітра Завадcкага апошнія гады была прыкавана да інваліднага крэсла. У яе проста грымучая сумесь сур'ёзных дыягназаў — цукровы дыябет, анкалогія, дыфузная полінейрапатыя (калі паступова адмаўляюць рукі-ногі). Вольга Рыгораўна прайшла дзясяткі сеансаў хіміятэрапіі, апрамяненне.

«Са здароўем у мяне не вельмі добра, я цяпер хворая ляжачая, ужо нават не сядзячая, — распавядала яна каля двух гадоў таму. — Муж мяне ўсюды цягае за сабой на руках і танчыць вакол мяне ўвесь час. Разумею, што яму цяжка, але добра, што ён побач. Дай Бог Сяргею здароўя і цярпення! Пасля апрамянення ў мяне і гаворка крыху парушылася, і слых. Увогуле, усё мае свае наступствы... Але я па натуры безжурботная. Цяжка, вядома, але трываць можна...»

Сёння Вольга Рыгораўна не можа перасоўвацца нават пры дапамозе хадункоў. Яна адмовілася ад хіміятэрапіі.

Размаўляць ёй вельмі цяжка, яна прамаўляе фразы нараспеў, мабыць, сабраўшы ўсе свае сілы. І кажа вельмі павольна.

«Яна трохі горш стала казаць, — распавядае яе муж Сяргей. — Шмат яна вам, вядома, не раскажа, але ўсё выслухае, зразумее, усміхнецца. Вольга Рыгораўна наогул не ходзіць, увесь час ляжыць, але для прыёму ежы я, вядома, стараюся яе пасадзіць. Горш бачыць стала… З кастрычніка мінулага года ёй далі першую групу інваліднасці. На другой групе яна прабыла пяць гадоў без аднаго месяца… Два гады таму мы цалкам адмовіліся ад хіміятэрапіі. Розныя схемы тэрапіі ёй прызначалі — нешта дапамагло, ад чагосьці горш стала.

Яе паставілі на ўлік у хоспіс. У Вольгі Рыгораўны пухліна галаўнога мозгу, яна часам скардзіцца на болі. На шчасце, для купіравання прыступаў пакуль атрымоўваецца абыходзіцца таблеткамі. Дактары кажуць, што, калі таблеткі перастануць дапамагаць (іх можна шэсць штук у суткі прымаць, але мы пакуль адной-дзвюма абыходзімся), будуць прыязджаць калоць ужо самыя моцныя абязбольвальныя. Мы неяк «хуткую» выклікалі, загаварылі з фельчарам пра хоспіс, дык яна сказала: маўляў, калі ёсць магчымасць абыходзіцца без хоспіса, лепш без яго... Я пагадзіўся. Таму мы з Вольгай такі варыянт нават і не разглядаем. Справімся!

Пакуль самае складанае — каб паела, таму што пасля ежы яна як быццам кашляць пачынае…

Што лекары кажуць? Мы да іх цяпер рэдка ходзім. Раней рэгулярна ездзілі на кансультацыі, але кожны раз — новы доктар, які не ведае ўсёй гісторыі яе хваробы, чытае медкарту ў камп'ютары. Ну што ён за пяць-дзесяць хвілін вывучыць?.. Таму мы пакуль самі спраўляемся. Дзякуй Богу, няма рэцыдываў. Так што ў нас няхай і не залатая, але сярэдзіна. Жывём паціху!..

Сёмы год пайшоў, як яна гераічна змагаецца з сур'ёзнымі хваробамі».

Паводле слоў Сяргея, у апошні час ніякіх паведамленняў ад афіцыйных органаў, звязаных з расследаваннем крымінальнай справы Дзмітрыя Завадскага, на імя Вольгі Рыгораўны не паступала: «Раней былі проста адпіскі, а цяпер наогул нічога. Быццам забыліся ўсе. Мы наогул апошнія гады жывём вельмі адасоблена, нават не тэлефануе ніхто, акрамя блізкіх. Ці то ўсе з'ехалі, ці то баяцца...»

«Сяргей, абдымайце моцна Вольгу Рыгораўну, хай усё ў вас будзе добра!» — сказала карэспандэнт «НВ» на развітанне мужу Вольгі Завадскай.

«Чула? — тут жа з усмешкай перапытвае Сяргей жонку. — Будзеш абдымацца?»

«Буду!» — імгненна адказвае яна…

«Вольга Рыгораўна малайчына — стаічна пераносіць усе нягоды, нягледзячы ні на што, не маркоціцца, — кажа Сяргей. — Ёй сілы волі не займаць — у гэтым сэнсе ў яе характар вельмі моцны. Я таксама, гледзячы на яе, стараюся не губляць аптымізму. Гэта лепш, чым слёзы выціраць. Прарвёмся!»

izobrazhenie_2023_01_10_000200648.png

Аператар расійскага тэлебачання (ОРТ) Дзмітрый Завадскі 7 ліпеня 2000 года знік пры нявысветленых абставінах па дарозе ў аэрапорт.

Вясной 1997 года журналіст быў арыштаваны разам з журналістам ОРТ Паўлам Шараметам за рэпартаж аб празрыстасці беларуска-літоўскай мяжы і ўмоўна асуджаны на паўтара года пазбаўлення волі.

З кастрычніка 1999-га па травень 2000 года працаваў у Чачэніі, дзе разам з Шараметам здымаў для ОРТ фільм «Чачэнскі дзённік».

Выкраданне Змітра Завадскага афіцыйна лічыцца раскрытым. Вінаватымі ў ім былі прызнаны афіцэры спецпадраздзялення МУС «Алмаз» Валерый Ігнатовіч і Максім Малік (асуджаныя да пажыццёвага зняволення), былы курсант Акадэміі МУС Аляксей Гуз (асуджаны да 25 гадоў пазбаўлення волі), а таксама раней тройчы судзімы грамадзянін Сяргей Савушкін (асуджаны да 12 гадоў пазбаўлення волі). Аднак асуджаныя не прызналі сваёй віны ні па адным з эпізодаў.

Цела зніклага журналіста да гэтага часу не знойдзена.