Волчак пра справу Захаранкі: «Прыйдзе час — і праўда стане праўдай: справа ўсё роўна будзе расследаваная»

22 гады таму быў выкрадзены экс-міністр МУС Юрый Мікалаевіч Захаранка. 7 траўня 1999 года ён патэлефанаваў дадому, сказаў жонцы: «Хутка прыйду. Грэй вячэру». Але дадому так і не вярнуўся, нагадвае «Салідарнасць».

premija_volchak.jpg

7 траўня 1999 года каля свайго дома быў выкрадзены Юрый Захаранка.

Пасля яго знікнення была створана грамадская камісія па расследаванні гэтай справы. У раёне дома Захаранкі мы расклеілі ўлёткі, у якіх прасілі адгукнуцца сведак. Да нас паступіла 6 званкоў, — распавёў «Салідарнасці» былы следчы пракуратуры Алег Волчак.

Тады следчым дзякуючы сведкам удалося ўстанавіць, што Юрыя Захаранку схапілі прыкладна 8 брытагаловых мужчын да 30 гадоў і запіхнулі ў «Жыгулі». Пры гэтым Захаранка супраціўляўся і крычаў аб дапамозе.

Паводле слоў Алега Волчака, дыктафонны запіс паказанняў сведак быў прадастаўлены ў пракуратуру, аднак ніякага расследавання праведзена так і не было.

— Большасць людзей ведае пра абставіны і прычыны гэтага злачынства. Следчыя органы, маючы ўсе магчымасці па раскрыцці гэтага злачынства, справу прыпынілі. Падставай з'явілася тое, што ўсімі прынятымі мерамі (як указваюць следчыя ў неаднаразовых адказах сваякам), яны так і не здолелі ўстанавіць асоб, якія маюць дачыненне да выкрадання і забойства дзяржаўнага дзеяча і аднаго з лідараў апазіцыі. Зразумела, што справа не будзе разгледжаная пры цяперашняй уладзе, — робіць выснову Волчак.

Юрый Захаранка ўваходзіў у каманду Аляксандра Лукашэнкі на выбарах 1994 года. Адразу пасля абрання Лукашэнкі прэзідэнтам быў прызначаны міністрам унутраных спраў. У кастрычніку 1995-га кіраўнік дзяржавы адправіў Захаранку ў адстаўку, а ў красавіку 1996 года былы міністр быў паніжаны ў званні да палкоўніка міліцыі і звольнены з МУС нібыта за грубыя фінансавыя парушэнні і хібы ў працы.

Увесну 1999-га Захаранка актыўна ўдзельнічаў у арганізаванай апазіцыяй кампаніі па выбарах прэзідэнта, уваходзіў у каманду былога прэм'ер-міністра Міхаіла Чыгіра.

7 траўня 1999 года ён патэлефанаваў дадому, сказаў жонцы: «Хутка прыйду. Грэй вячэру». Але дадому так і не вярнуўся.

Пасля знікнення Захаранкі, у верасні 1999 года, была распачата крымінальная справа па факце яго забойства па арт. 101 КК («Наўмыснае забойства»). За доўгія гады афіцыйнае следства так нікуды і не прасунулася.

Сям'я Юрыя Мікалаевіча з 2000 года ў Германіі, дзе атрымала палітычны прытулак.

— Справа ўсё роўна будзе расследаваная, бо занадта шмат ёсць зафіксаваных сведчанняў і доказаў. Прыйдзе час — і праўда стане праўдай. Пакаранне няўхільнае для тых, хто да гэтага датычны, — упэўнены праваабаронца Алег Волчак.