Памяці Вацлава Гавэла

14 студзеня у Мінску адбылася вечарына, прысвечаная памяці выбітнага чалавека — праваабаронцы, драматурга, дзявятага прэзідэнта Чэхаславаччыны і першага прэзідэнта Чэхіі Вацлава Гавэла (05.10.1936, Прага — 18.12.2011).



havel_viecaryna.jpg

Вечарына была ініцыяваная беларускімі праваабаронцамі і Беларускай асацыяцый журналістаў, каб не толькі прыцягнуць увагу да асобы Гавэла, але і праявіць салідарнасць з беларускімі палітзняволенымі. Такога кшталту сустрэчы раней адбыліся ў Празе (Чэхія) і Вашынгтоне (ЗША).

Памяшканне, дзе праводзілася вечарына, упрыгожвалі здымкі Вацлава Гавэла, беларускіх палітвязняў і чэшскага андэграўнд-гурта «The Plastic People of the Universe». І вечарына распачалася з песні гэтага гурта.

gavel_cheshka.jpg

Выконваючая абавязкі амбасадара Чэхіі ў Беларусі Дагмар Дыдзенка-Наваградска

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначыў, што Вацлаў Гавэл быў адным з заснавальнікаў  «Хартыі–77» — праграмнага дакумента, вакол якога аб’ядналіся палітычныя дысідэнты Чэхаславаччыны. «Прычым нагодай да стварэння «Хартыі–77» стаў арышт у 1976 годзе музыкаў гурта «The Plastic People of the Universe», каторы ўзнік у 1968 годзе ў Празе неўзабаве пасля ўвядзення савецкіх войскаў у сталіцу Чэхаславаччыны і існуе да сённяшняга дня.

Паколькі гурт стаў цэнтрам культуры андэграўнду ў краіне і вакол яго ядналіся музыкі, паэты і мастакі, ён зазнаў пераслед, з 1970 года быў  вымушаны выступаць падпольна ў невялікіх гарадах і мястэчках краіны, а таксама пачаў арганізоўваць фэсты нонканфармісцкай культуры. У адказ на арышты музыкаў пасля чарговага фэсту ў 1976 годзе і ўзнікла «Хартыя–77», якая выступіла ў абарону права музыкаў на свабоду творчасці і распачала акцыю салідарнасці з закратаванымі», — сказаў праваабаронца.

gavel_lukashuk.jpg

Паводле словаў дырэктара Беларускай службы Радыё «Свабода» Аляксандра Лукашука, на 11 верасня 2001 года, калі ісламісты здзейснілі шэраг тэрактаў у ЗША, у Гавэла была запланаваная сустрэча з Васілём Быкавым. «І нягледзячы на ўсе страшныя абставіны гэтага трагічнага дня, народны пісьменнік Беларусі быў прыняты Гавэлам, настолькі яму была важная гэтая сустрэча і настолькі ён разумеў, што такое Беларусь для Еўропы. А калі праз год пасля смерці Быкава мы — пражскія беларусы сабраліся ў кавярні, каб адзначыць дзень нараджэння народнага паэта Беларусі, Вацлаў Гавэл адказаў на наша запрашэнне і далучыўся да нас.

І зараз галоўная рэдакцыйная зала Беларускай службы Радыё «Свабода» і галоўны аэрапорт Прагі носяць імёны Вацлава Гавэла. Пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі мы вырашылі, каб імёны 700 беларускіх палітвязняў у эфіры прачыталі выбітныя людзі свету, у тым ліку і Вацлаў Гавэл. Ён завяршаў гэтыя чытанні. І сёння голас Гавэла застаўся на дыску, дзе розныя вядомыя людзі, у тым ліку Джордж Буш, Кандаліза Райс, Елена Бонэр, Барыс Стругацкі і Сяргей Юрскі чытаюць імёны беларусаў, закратаваных за Плошчу 19 снежня 2010 года.

Роўна праз год я звярнуўся да яго з просьбай напісаць лісты беларускім палітвязням. І 15 снежня 2001 года мне пераслалі яго ліст. Мы вырашылі пачакаць з агалошваннем гэтага ліста да Калядаў, але праз два з паловай дні Вацла Гавэла не стала. І тады мы не сталі чакаць, я пазваніў родным палівязняў і зачытаў гэты ліст, а потым мы яго апублікавалі. Такім чынам, апошні ліст Гавэла ў ягоным жыцці быў да беларусаў, з думкай пра Беларусь і пажаданнем, каб наша Беларусь стала свабоднай», — сказаў Лукашук.   

На вечарыне таксама выступілі пісьменнік Уладзімір Арлоў, выконваючая абавязкі амбасадара Чэхіі ў Беларусі Дагмар Дыдзенка-Наваградска і амбасадар Славакіі ў Беларусі Марыян Серватка. Напрыканцы вечарыны беларускі рок-музыка Лявон Вольскі выканаў шэраг сваіх вядомых твораў.

gavel_slavak.jpg

Амбасадар Славакіі Марыян Серватка

gavel_vol_sk_.jpg

Лявон Вольскі