Памяняць разетку — Br 300. Да пенсіянераў ходзяць «электрыкі»
І ўсё законна. На пытанне, адкуль фірма ведае адрасы сталых людзей, чуем у адказ, што на двары «XXI-е стагоддзе».

Спадар Яўген Вінчэўскі вывучае дамову з фірмай «Гроднопромсервис». Фота — Васіль Малчанаў/Белсат
Пенсіянеры з Гродна Яўген і Людміла
звярнуліся да “Белсату”, каб распавесці пра свой досвед дачыненняў з фірмай
«Гроднопремсервис».
Спадарыня Людміла, якой пайшоў ужо 81 год, распавядае, што ёй патэлефанавалі незнаёмыя і паведамілі, што прыйдуць праверыць электраправодку. Электрыкі, увайшоўшы ў хату заявілі жанчыне, што за старыя разеткі ёй пагражае штраф.
«Сказалі, што ў вас разеткі старыя. Будзем
мяняць — інакш штраф дамо. Я кажу, што ў мяне муж закончыў электратэхнічны
інстытут. А яны кажуць, гэта яшчэ горш, ён нічога не разумее ў вас», —
распавядае жанчына.

Разетка, якую замянілі. Фота — Васіль Малчанаў/Белсат
«Мяне
не было ўдома. Жонка пусціла іх у хату і яны пачалі абследаваць
электраправодку. Прапанавалі замяніць. Адну разетку замянілі ў пакоі, у спальні
замянілі і выключальнік замянілі. Склалі дамову, па ўсіх правілах. На кожным радку
тое, што прапануюць зрабіць, — распавядае спадар Яўген. — Склалі дамову і выканалі працы. Свае
паслугі яны ацанілі ў 282 рублі. Я ўчора пайшоў да іх, таму што на выходных
ніхто не адказваў. Паказаў дамову, а яны кажуць, што як было заяўлена, так мы і
зрабілі. Дамову разарваць адмовіліся».

Людміла Вінчэўская. Фота — Васіль Малчанаў/Белсат
Перад заменай усе разеткі працавалі добра. Акрамя таго, замест трох упісаных у дакументы разетак электрыкі памянялі толькі дзве, — скардзіцца спадар Яўген.
Дамовы пад дыктоўку?
Да дамовы, далучаныя дзве квітанцыі
фірмы ТАА «Гродопремсервис», адна на 10 рублёў, другая на 170 рублёў, а ў акце
здачы-прыёмкі прац (аказання паслуг) указана 282 рублі. Спадарыня Людміла мае
праблемы з памяццю, і пасля прыходу мужа нават не памятала, што сплаціла 180
рублёў, пра якія сведчаць квітанцыі.

Фота — Васіль Малчанаў/Белсат
Касавага апарата працаўнікі фірмы не мелі. Зараз фірма патрабуе ад пенсіянераў яшчэ 102 рублі.
На другім баку паперкі пад капірку адбітыя заявы з подпісам, прадыктаваныя спадарыні Людміле.
«З коштамі і ўмовамі азнаёмлена і згодна. Прэтэнзіяў не маю. Подпіс. З усімі відамі прац азнаёмлена. Подпіс. Са сваякамі раіцца не трэба. Подпіс. Майстар не прадстаўляўся сацпрацаўніком, супрацоўнікам ЖЭСа і Гроднаэнэрга. 24.11.17 г. Подпіс».
За што электрыкі ТАА «Гродопремсервис» ўзялі гэткія грошы?
Паслуга замены разеткі ў любым з гродзенскіх ЖЭСаў каштуе 2 рублі 58 капеек. Сярэдні кошт за разетку вагаецца каля 5–6 рублёў. Выходзіць, што мінімальная аплата за замену адной разеткі складае каля 9-ці рублёў. Нават, калі ў хаце іх замянілі 4, такая праца ніяк не можа каштаваць 282 рублі.
«Яны аднекуль бяруць інфармацыю, дзе старыя жывуць, ходзяць і навязваюць паслугу. Выбіраюць ахвяру і робяць бізнес. Думаю, што мы не адны такія, і гэтая гісторыя можа здарыцца з іншымі. Як сказаў нам юрыст, для нас адзінае выйсце даказаць, што мая жонка мае праблемы з памяццю і з’яўляецца недзеяздольнай. Пасля мы будзем звяртацца ў суд», — дадае спадар Яўген.
«Даем некалькі дзён на роздумы»
Дырэктар фірмы Сяргей Рубацкі ў сваю чаргу адказаў, што перад правядзеннем працаў кліентаў заўсёды інфармуюць аб коштах — яны ўсе ёсць у прайс-лісце.

Яўген Вінчэўскі, паказвае старую разетку на кухні, якую не замянілі, аднак упісалі ў кошт аплаты. Фота — Васіль Малчанаў/Белсат
Акрамя таго, ён упэўнены, што калі спецыялісты палічылі, што электрыфікацыя патрабавала рамонту, гэта сапраўды было так. Таксама ў размове ён зазначыў, што звычайна кліентам даецца некалькі дзён на роздум, аднак у выпадку са спадарыняй Людмілай працы былі праведзеныя адразу. На пытанне, адкуль у фірмы база дадзеных адрасоў і тэлефонаў пенсіянераў, спадар Сяргей адказаў, што «мы жывём у XXI-м стагоддзі».
«Калі ў людзей ёсць прэтэнзіі, няхай
прыходзяць да нас, і думаю, што мы можам пайсці ім насустрач», — дадаў спадар
Сяргей Рубацкі.Паўліна
Валіш, belsat.eu