Памёр журналіст і пісьменнік Канстанцін Скуратовіч

Сёння, 4 сакавіка, памёр журналіст, даўні аўтар «Новага Часу» Канстанцін Скуратовіч. Ён стаяў ля вытокаў незалежнай беларускай журналістыкі.

kanstancin_skuratovicz.jpg

Канстанцін Скуратовіч нарадзіўся ў 1952 годзе, вучыўся ў Мінскім сувораўскім вучылішчы і ў БДУ. Быў кандыдатам філасофскіх навук.

Як журналіст пісаў на сацыяльна-палітычныя тэмы, супрацоўнічаў з «Новым Часам», газетай «Беларусы і рынак».



Адной з апошніх прац Канстанціна Скуратовіча як пісьменніка стала сумесная з гісторыкам Аляксандрам Куляевым кніга пра беларусаў, якія бралі ўдзел у «зімняй вайне» — нападзе СССР на Фінляндыю ў 1939–1940 гадах «Востраў Суомі. Ажыццёўленая ўтопія». Пра актуальнасць гэтай кнігі ў 2019 годзе Канстанцін Скуратовіч казаў, што напісаў яе пад уражаннем грузіна-расійскай вайны 2008 года. «Потым прыйшоў 2014 год: спачатку Крым, потым былі падзеі на Данбасе. І стала зразумела, што сітуацыя — як непагашаны рэактар. Саркафаг на ім нібыта стаіць, але як толькі з'явіцца самая малая магчымасць, ён можа ўзарвацца». Пісьменнік адзначаў, што «„ДНР“ і „ЛНР“ — копіі Карэла-Фінскай ССР». У СССР на момант распаду было 15 саюзных рэспублік, але да 1956 года іх было 16. Гаворка пра Карэла-Фінскую ССР са сталіцай у Петразаводску.

Прачытаць артыкулы Канстанціна Скуратовіча можна тут

Што да шанцаў Беларусі захаваць незалежнасць, то тут Скуратовіч яшчэ чатыры гады таму, да пратэстаў 2020 года і вайны ва Украіне, быў не вельмі аптымістычны. «Як беларускі нацыяналіст мушу адзначыць, што пакуль наша дзяржава існуе толькі таму, што Расія пераацаніла сябе, захрасла ва Украіне. Гэта пакуль яны там звязаныя, мы яшчэ можам жыць і спадзявацца».