Паром ніяк не даплыве. Што адбываецца на Прыпяці ў Жыткавіцкім раёне

У выхадныя актыўны крыгаход зноў пазбавіў жыхароў Жыткавіцкага раёна пантоннай пераправы — яна запрацавала толькі да абеду аўторка. А лёд пакуль замінае прыгнаць з Пінска спецыяльна пабудаваны паром. Раней планавалася, што да 20 сакавіка ён пачне працу.

ddc087a0a31eda25904fb337cf4983c2.jpg

Пасля апошняга аднаўлення пантонная пераправа прапрацавала менш двух сутак. У суботу жыхары раёна атрымалі аператыўныя весткі: рух па пераправе каля вёскі Боркі зноў закрыты. Прыйшлося вярнуцца да ранейшай сістэмы дастаўкі людзей.
Да месца пераправы падыходзіць рэйсавы аўтобус Жыткавічы - Тураў. Людзі, якія едуць на працу, выходзяць з салона і разбіраюць выратавальныя камізэлькі. Наступную частку шляху яны пераадольваюць па вадзе. У выхадныя пасажырскімі перавозкамі займаўся толькі пераабсталяваныя для гэтых мэтаў ледакол «Байкал». За адзін рэйс ён можа перавезці на другі бераг 15-20 пасажыраў. У панядзелак-аўторак хадзілі і катэры МНС.
У 14.00 у аўторак, 20 сакавіка, пантон зноў вярнулі на месца, паведаміў TUT.BY афіцыйны прадстаўнік МНС Беларусі Віталь Навіцкі. Мясцовым жыхарам адправілі смс-паведамленні. Калі з-за надвор'я і крыгахода зноў нешта пойдзе не так — напагатове катэры МНС.
Паром ужо гатовы, запэўнівае генеральны дырэктар прадпрыемства «Гомельаўтадар» Ігар Матвяцоў, застаецца пытанне з транспарціроўкай:
— Кожны дзень мы маніторым сітуацыю, але пакуль паромны рух наладзіць не дазваляе рака. Уніз па плыні, ад пераправы да самага Мазыра, усё ў лёдзе. А уверх па плыні — некалькі «коркаў». Калі мы іх закранем, уся маса лёду пойдзе ўніз і заб'е расчышчанае для пераправы месца, таму што далейшы шлях таксама перакрыты. Тады не толькі не зможа працаваць пантон, але ўстануць і катэры. Застаецца чакаць, калі заторы сыдуць самі ці хаця б ніжэй па плыні з'явіцца вольнае для праходжання лёду месца.
Паром, які звяжа два берагі, пакуль не адрамантуюць трэснуты аўтамабільны мост, пабудавалі на Пінскім суднабудаўніча-суднарамонтным заводзе. Яго разліковая грузападымальнасць — тысяча тон. За адзін рэйс ён зможа перавозіць 50 пасажыраў, а таксама 5 фур або 20-25 легкавых аўтамабіляў.
Паром павінен з'явіцца на Прыпяці ў Жыткавіцкім раёне на гэтым тыдні, абяцаў 15 сакавіка журналістам перад пасяджэннем камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Савеце міністраў намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Калінін.
Паводле яго слоў, у перыяд, калі можа актыўна рухацца лёд (у канцы сакавіка), магчыма, будзе неабходнасць зняць пантонную пераправу — і паромная пераправа павінна будзе працаваць у гэты час. «Мы разлічваем, што летам будзе працаваць і пантонная, і паромная пераправа. Такім чынам мы забяспечым бесперашкоднае перамяшчэнне з аднаго берага на іншы», — паабяцаў Калінін.
7 снежня на аўтамабільным мосце праз Прыпяць у Жыткавічах з'явіліся расколіны, і ён правіснуў. Мост зачынілі для аўтатранспарту, а затым і для пешаходаў. Паводле ацэнак спецыялістаў, прыкладна на год. Адсутнасць аўтамабільных і пешаходных шляхоў праз Прыпяць паралізавала жыццё і эканоміку ў рэгіёне.


Паводле tut.by