Партыя КХП-БНФ ушанавала памяць слуцкіх барацьбітоў за незалежнасць

Бел-чырвона-белыя сцягі залуналі 25 лістапада ў Слуцкім гарадскім парку. Сябры КХП-БНФ і іх прыхільнікі завяршылі ў Слуцку ўшанаванне памяці Слуцкага Збройнага чыну традыцыйным мітынгам. Перад гэтым яны ў суправаджэнні супрацоўнікаў ДАІ наведалі Грозаў, Семежава і Вызну.

img_1277_logo.jpg


Каля 60 чалавек уважліва слухалі выступы кіраўнікоў партыі. Сучасная складаная эканамічная і знешнепалітычная сітуацыя, барацьба за Незалежнасць краіны і мужнасць слуцкіх герояў у дваццатыя гады, неабходнасць вяртання гістарычнай памяці — гэтыя і іншыя тэмы былі закрануты амаль ва ўсіх прамовах.

img_1275_logo.jpg


Намеснік старшыні партыі Юрась Беленькі і заклікаў да салідарнасці ў адстойванні беларускіх нацыянальных інтарэсаў.
— Калі мы і надалей будзем ісці ў рэчышчы вялікадзяржаўнай імперскай палітыкі чужой дзяржавы — страцім Незалежнасць, а нашы дзеці і ўнукі будуць адбываць воінскі абавязак не ў Беларусі, а гінуць на Данбасе альбо ў Сірыі, — заявіў намеснік старшыні партыі. — Далёка хадзіць не трэба, бо такая сітуацыя мае месца ў Крыме пасля далучэння яго да Расіі.

img_1276_logo.jpg


Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы надвор'я, каля 20 случчакоў прыйшлі паслухаць выступоўцаў. Сярод іх быў мужчына пенсійнага ўзросту, якога раней ніхто не бачыў на падобных мерапрыемствах. Высветлілася, што Леанід Наркевіч — сваяк вядомага камандзіра 2-га батальёна 1-га Слуцкага палка Антона Сокала-Кутылоўскага, які 2 снежня 1920 года быў назначаны камандзірам 1-й Слуцкай брыгады. Пасля разгрому збярог архіў і сцяг Першага Слуцкага палка. Быў рэпрэсаваны, перанёс шмат пакут. Леанід Уладзіміравіч распавёў, што Антон Сокал-Кутылоўскі прыходзіўся яму братам дзеда па мацярынскай лініі.
Я вырас на савецкай ідэалогіі і лічыў, што ўсе паўстанцы супраць бальшавікоў — гэта ворагі народа, — гаворыць мужчына. — Пра сваё сваяцтва з Антонам даведаўся выпадкова падчас збору подпісаў за перайменаванне вуліцы Камсамольскай у вуліцу Слуцкіх паўстанцаў. Чамусьці мяне гэта тэма зачапіла, успомніў, што прозвішча маёй маці была Кутылоўская і яна цьмяна нешта гаварыла пра паўстанне. Знайшоў праз інтэрнэт унука Антона Сокал-Кутылоўскага, які жыве ў Екацярынбурзе. Высветлілася, што ў нас агульныя карані і знакаміты родзіч.

Антон Сокал-Кутылоўскі

Антон Сокал-Кутылоўскі

Раней Леанід Уладзіміравіч насцярожана ставіўся да бел-чырвона-белых сцягоў, цяпер жа, па яго прызнанню, яго цягне як магнітам да гэтых колераў.
Я зразумеў, што ўдзельнікі Слуцкага Збройнага чыну баранілі сваю Радзіму — вялікую і малую. Схіляюся перад іх мужнасцю і лічу, што ў Слуцку абавязкова павінен стаяць помнік абаронцам Незалежнасці, — выказаў думку сваяк змагара за незалежную Случчыну.

img_1278_logo.jpg