У Слуцку адзначылі гадавіну антыбальшавіцкага паўстання
Шэсце, мітынг, канцэрт у Слуцкім доме культуры з удзелам Лявона Вольскага на фоне бел-чырвона-белых сцягоў — гэты дзень многім случчанам, якія ўдзельнічалі ў святкаванні ўгодкаў барацьбы за незалежнасць, запомніцца надоўга.

У традыцыйным мітынгу, які арганізавалі Рух «За свабоду», Партыя БНФ і Рух салідарнасці «Разам», прынялі ўдзел больш за 100 чалавек. У парку горада Слуцка зноў прагучалі выступы, адбылося прыняцце прысягі новымі маладафронтаўцам, прагучала малітва «Магутны Божа».

Не абышлося і без казусаў. Галоўны ўваход у парк знаходзіцца з боку цэнтральнай вуліцы Леніна, і ён забаронены для нацыянальна-свядомых шэсцяў. Дазволены толькі «чорны» ўваход з супрацьлеглага боку — з вуліцы Віленскай. Там таксама ёсць цэнтральны і лакальныя ўваходы, якія заўсёды адчынены ў звычайныя дні. Чамусьці на гэты раз большасць з іх былі зачынены на замок. Каб патрапіць на дазволеную пляцоўку, удзельнікам бел-чырвона-белага шэсця давялося прайсці лішнія 500 метраў, якія не былі прапісаны ў маршруце.

Жыхары гораду, якія нават не прымалі ўдзелу ў шэсці і мітынгах, дзівіліся, стоячы перад зачыненымі «шлагбаумамі».
— Я ж раніцой ішоў праз гэта месца ў горад, і праход быў адчынены! — гучна скардзіўся малады мужчына.

Праходы з вуліцы Віленскай праз парк на вуліцу Леніна былі адчынены толькі пасля заканчэння мітынгу. Навошта кіраўніцтву парка спатрэбілася ствараць неспадзяваныя перашкоды ўдзельнікам дазволенага мерапрыемства — застаецца толькі здагадвацца. Няўжо спадзяваліся такім чынам зменшыць колькасць удзельнікаў?

Свята, прысвечанае Слуцкім Героям, прадоўжылася ў актавай зале Дома культуры. Святочны канцэрт ішоў каля трох гадзін, і людзей тут ужо было нашмат болей. Каля чатырохсот чалавек з радасцю віталі Лявона Вольскага, музычныя групы «ХараЧакра» (Салігорск), ZANZIBAR (Мінск), паэта Андрэя Хадановіча. Падпявалі і танчылі пад Лявона Вольскага, якога нельга слухаць ціхенька, па-савецку, нават у кансерватыўным Слуцку. Дарэчы, Лявон Вольскі прызнаўся, што для яго горад не абы-які, паколькі ён тут два гады адслужыў у войску.

«Людскасць» Слуцку ацаніў не толькі знакаміты музыка, але і ўсе прысутныя. Слуцкія ўлады хоць і выставілі немалыя грашовыя сумы за памяшканне, працу ЖКГ і міліцыі, але дазволілі прысутнічаць на сцэне нашым нацыянальным сімвалам — гербу «Пагоня» і бел-чырвона-белым сцягам.
Таму, нягледзячы на фінансавыя і тэхнічныя цяжкасці, арганізатар канцэрту Аліна Нагорная выглядала задаволенай.
Відэа: Ушанаванне памяці барацьбітоў за Незалежнасць у Слуцку