Павел Вусаў: Адукацыя скоціцца не тое што ў савецкія, а ў царскія часы
Грамадзяне абсалютна бездапаможныя ў сутыкненні з дзяржаўнымі інстытутамі. А змены ў школьнай праграме прывядуць да неабмежаванага цемрашальства, адукацыя скоціцца не тое што ў савецкія, а ў царскія часы, лічыць Павел Вусаў
![Б. Кустодзіеў. Земская школа ў Маскоўскай Русі Б. Кустодзіеў. Земская школа ў Маскоўскай Русі](/img/v1/images/23dbba4aec53ebdda63b5eb3edff2850dd646ea4.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Б. Кустодзіеў. Земская школа ў Маскоўскай Русі
1 верасня распачаўся навучальны год. У Беларусі за парты селі 1 млн. 85 тыс. школьнікаў, з іх 118 тысяч — першакласнікі. Школьнікаў ды іх бацькоў чакае шмат новага: праваслаўныя святары ў якасці настаўнікаў патрыятычнага выхавання, ваенрукі і ахова школ міліцыянтамі, а таксама забарона бацькам на наведванне школы.
Палітычны аглядальнік Павел Вусаў лічыць, што такія захады ўлад прывядуць да яшчэ большага раздражнення грамадства палітыкай улад. Пра гэта ён распавёў у эфіры «Польскага радыё»:
— Гэта сведчыць аб тым, што рэжым працягне намаганні, каб паставіць пад поўны кантроль выхаванне дзяцей. Такія спробы рабіліся ўжо даўно, і, як мы бачым, яны ні да чаго не прывялі і наўрад ці прывядуць.
З гэтымі новаўвядзеннямі з’яўляецца дадатковы псіхалагічны цяжар для дзяцей і бацькоў. Звычайныя грамадзяне абсалютна бездапаможныя ў сутыкненні з дзяржаўнымі інстытутамі. У тым ліку школа ператвараецца ў прыладу неабмежаванага ідэалагічнага і псіхалагічнага ўздзеяння на дзяцей.
Бацькі пазбаўленыя якой заўгодна магчымасці ўплываць на адукацыйныя і выхаваўчыя працэсы.
Такі стан рэчаў прывядзе да неабмежаванага цемрашальства, адукацыя скаціцца не тое што ў савецкія, а ў царскія часы, калі дзецьмі займаліся папы, а іх асноўная мэта заключалася ў прымітывізацыі светапогляду вучняў.