Пётр Садоўскі: Адзінае выйсце для беларусаў – працягваць будаваць беларушчыну

1 верасня ў Беларусі ва ўмовах палітычнага крызісу пачынаецца новы навучальны год. У такой сітуацыі актуальным застаецца пытанне далейшай гарантаванасці падмурку беларускага дзяцінства ў краіне. Адзіныя гаранты гэтага – суверэнітэт і Канстытуцыя Беларусі знаходзяцца пад пагрозай праз 30 год пасля абвяшчэння Дэкларацыі незалежнасці 25 жніўня.

Фота з фэйсбука Пятра Садоўскага

Фота з фэйсбука Пятра Садоўскага

Карэспандэнтка Радыё Рацыя Вольга Сямашка паразмаўляла з беларускім мовазнаўцам, палітыкам і дыпламатам Пятром Садоўскім, пра тое, як ідэалогія ўплывае на школьныя праграмы, якіх зменаў у сістэме адукацыі варта чакаць і што могуць зрабіць беларусы ў такіх варунках.
— 1 верасня дзеці Беларусі пойдуць у школы, і на Ваш пункт гледжання, ці сапраўды дзеці ідуць у беларускія школы і ці з іх выпусцяць сапраўды беларусаў?
— Хацеў бы ўзгадаць, што пасля вайны я хадзіў у пачатковыя класы беларускай школы і ў нас тады сапраўды, яшчэ пры савецкай уладзе было запраграмавана беларускае навучанне. Падручнік па мове называўся „Роднае слова”, а падручнік па літаратуры называўся „Родная літаратура”. Вось „роднае”, я хацеў бы падкрэсліць, гэта вытворнік ад слова „род”, а неяк мы пра гэта не задумваемся. Вось мова майго роду, літаратура майго беларускага роду, а тады далей гэты панятак неяк звужаўся, усыхаўся, як тая шагрэневая скура.
Пры розных камуністычных кіраўніках былі нейкія свае адценні. Мазураў не тое, што Кісялёў, а Кісялёў не тое, што Машэраў. Апошні ў памяці народа меў вельмі добрыя водгукі, але добра падкасіў беларускую школу. Што мы маем на сёння? Відавочна сітуацыя горшая. Пры сённяшняй уладзе ў нас пачаліся нейкія дзіўныя адносіны да мовы. У 95-м было заяўлена, што ёсць толькі дзве вялікія мовы, а наша беларуская — нягеглая, слабая. І тым самым наша экзістэнцыя як бы падкашвалася. І цяпер не, з такой школы беларусамі дзеці не выйдуць.
— Якую ролю ў школьнай праграме Беларусі адыгрывае дзяржаўная ідэалогія?
— Школа праз пару гадоў стане зусім іншай, якой я не ведаю, але зразумела, калі ў школу прыйдуць ваенрукі, святары, пераважна, відаць, праваслаўныя, то нічога асабліва беларускага там не з’явіцца. Таму ідэалогія будзе абсалютна панаваць у школе, будуць нейкія новыя бацькоўскія камітэты, магчыма будуць створаны, гэта я так нядобра фантазую, інтэрнаты для дзяцей нядобранадзейных бацькоў. Ідэалогія будзе абсалютна на ўсю катушку.
— Ваш прагноз для Беларусі на бліжэйшы год, чаго чакаць? Ці будзе згуба суверэнітэту на карысць Расіі, і ці бачны раскол у беларускім грамадстве?
— Перспектывы якія, я абсалютны аптыміст, я марафонец і ўсё разглядаю, як кантынуум, як працяг беларускай гісторыі. Цяпер трэба рабіць тое, што мы рабілі ў 80-я гады, ціха, упарта, пазітыўна, не спрачаючыся, не грызучыся са сваімі беларускамоўнымі прыхільнікамі будаваць беларушчыну. Мы тады арганізоўвалі курсы, не афішуючы гэта. Я асабіста быў суаўтарам напісання чытанкі для дзіцячага саду. Мы працавалі з бацькамі, каб яны пісалі заявы ў беларускія школы, гэта і цяпер не выключана, калі ўсё рабіць разумна. Рабіць тое, што застанецца — гэта наша задача. Калі казаць пра знешнія фактары, наколькі яны будуць спрыяць, дык неяк у нас атрымліваецца, што ў пікавыя гадзіны нам не вельмі шанцуе. Помніце, калі былі прэзідэнцкія выбары і вельмі была абвостраная сітуацыя, дык вежы-блізняты былі разбураны ў Амерыцы, цяпер — талібы, бежанцы, COVID. Гэта не вельмі ўсё спрыяе.
Вялікіх поспехаў дабіліся нашы замежныя спікеры, да Байдэна дайшла Ціханоўская, і тут падтрымка абсалютная еўрапейская, але той жа МВФ дае 18 мільярдаў Расіі і каля мільярда — такі ўмоўны крэдыт — Беларусі — што гэта? Букваеды з фондаў не разумеюць, што такое палітыка. Але, тым не менш, усё залежыць ад нас. Калі мы будзем рабіць тое, што я казаў і пашыраць беларушчыну — гэта застанецца і нікуды не дзенецца. А ўсё астатняе не можа працягвацца доўга, нельга жыць супраць законаў прыроды. Праўда на нашым баку, таму я абсалютны аптыміст.