Націск на слове «сучасная»
Рэспубліканскую педагагічную нараду, якая адбылася 24 жніўня, я б не аднёс да прахадных мерапрыемстваў. Хто з нас не памятае славутае: «Згубім настаўніка — капец, будзем хадзіць п'яныя і дурныя».
Ні сабе, ні сваім дзецям і ўнукам такой будучыні ніхто не захоча. Адсюль — павышаная ўвага да мерапрыемства. Мабыць, яго галоўную думку лепш за ўсё перадае наступная цытата: «Педагогі ў чарговы раз пацвердзілі, што адукацыя — гэта не сфера паслуг, не бізнес, а аплот беларускай дзяржаўнасці, сацыяльна значная галіна эканомікі».
Так званая «беларуская мадэль» — поўная парадоксаў, што не дзіўна, улічваючы яе падлеткавы ўзрост (па мерках сацыяльных мадэляў, зразумела). У прыватнасці, бацькі-заснавальнікі ніяк не могуць разабрацца з галоўнай каштоўнасцю свайго тварэння. У залежнасці ад незразумелых іншаму назіральніку абставінаў, у якасці такой выступае то просты чалавек-працаўнік, то дзяржава. Хто тут — мэта, а хто — сродак? На цвярозую галаву гэта разабраць няпроста.
Здавалася б, Канстытуцыя падвойнага тлумачэння не дапускае. Нагадаю чытачам яе 2-і артыкул: «Чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з'яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы».
Калі гэта так, то дзяржава — усяго толькі сродак, інструмент для рэалізацыі правоў і свабодаў грамадзян краіны. Але не варта верыць таму, што напісана, тым больш калі тое напісана ў Канстытуцыі або на плоце.
Нямецкі філосаф Імануіл Кант (1724–1804), аўтар канцэпцыі «дзяржава — начны вартаўнік», па зразумелай прычыне на Рэспубліканскай педагагічнай нарадзе не прысутнічаў. Калі б філосаф быў сярод яе ўдзельнікаў, ён не паверыў бы, што машына часу перанесла яго ў XXI стагоддзе — і не ў Афрыку, а ў цэнтр Еўропы.
Кант — адна з самых уплывовых фігур у заходняй філасофіі Новага часу. Калі б яму давялося ўваскрэснуць, яго і на гарматны стрэл не дапусцілі б да прафесарскай кафедры ні ў адным з беларускіх універсітэтаў.
Зразумець гэта нескладана. Сацыяльную, выхаваўчую і адукацыйную функцыі Кант выводзіў за межы кампетэнцыі дзяржавы.
За прапаганду такіх поглядаў у дзяржаве для народа і за кратамі можна аказацца. За адпаведным артыкулам справа не стане.
Варта прызнаць, што і на радзіме філосафа ў XVIII стагоддзі за агітацыю аддзялення адукацыі ад дзяржавы па галаве не гладзілі.
Выраб ПГ-73
Стагоддзем пазней за такога кшталту ерась галавы можна было б пазбавіцца. Філосаф нарадзіўся і памёр у сталіцы Усходняй Прусіі Кёнігсбергу. Яе жалезнаму канцлеру Ота фон Бісмарку (1815–1898), які агнём і мячом аб'яднаў Германію, незаслужана прыпісваюць наступнае выказванне: «Войны выйграюць не генералы, войны выйграюць школьныя настаўнікі і парафіяльныя святары».
Беларусь пасля жніўня 2020 года аказалася ў стане вайны са сваімі еўрапейскімі суседзямі. Пакуль гібрыднай. Але хто дасць гарантыю, што ў любы момант гібрыдная вайна не перарасце ў трэцюю сусветную? Пра такую магчымасць беларусаў рэгулярна папярэджваюць з самай высокай трыбуны. А зверху бачна ўсё.
«Войны выйграюць не генералы, войны выйграюць школьныя настаўнікі і парафіяльныя святары». Камусьці гэты афарызм — соль на рану, а камусьці — на душу бальзам.
Выбар залежыць ад часу, у якім жыве чалавек. У кожнага ён свой. Не важна, «якое мілае ў нас тысячагоддзе на дварэ». Зусім не абавязкова жыць у сучаснасці. Жыць можна ў будучыні або ў мінулым. Апошні варыянт вырваўся ў нас у лідары — і саступаць сваім калегам не мае намеру.
Беларуская мадэль на сучасным этапе свайго развіцця мае патрэбу ў настаўніках, здольных навучаць эфектыўнаму прымяненню не толькі вырабу ПГ-73 (палка гумавая) і яго сучасных мадыфікацый, але і найноўшых зенітных комплексаў. Інакш нас раздушаць.
А раптам пранясе!
Аднак вернемся ў Палац Незалежнасці, дзе праходзіла Рэспубліканская педагагічная нарада. Чарговая цытата: «Пытанне, якое сёння, як гаворыцца, вісіць у паветры: ці павінна школа ўдзельнічаць у палітычным жыцці краіны? Адказ адназначны: школа не можа быць па-за палітыкай. Наогул, палітыкі не бывае без школы. Але палітыка там павінна быць толькі адна — дзяржаўная».
Як варта паставіцца да цытаты? Адказ залежыць ад таго, што мы разумеем пад палітыкай. Адкрываем Вікіпедыю: «Палітыка — форма грамадскай свядомасці, якая выказвае карпаратыўныя інтарэсы супольнасці і выяўляецца ў грамадзянскай супольнасці (дзяржаве) у выглядзе плыняў, рухаў, прафсаюзаў і іншых грамадскіх арганізацый і аб'яднанняў па спецыфічных інтарэсах».
З такім вызначэннем не тое, што да сярэдзіны беларускай мадэлі, але і да сярэдзіны Свіслачы не даляціш. І найноўшы комплекс С-400 для гэтага не спатрэбіцца. Дастаткова будзе С-300 ці хаця б ПЗРК (пераносны зенітны ракетны комплекс).
Тым не менш я паспрабую рызыкнуць і далейшыя свае развагі будаваць на падставе вызначэння, прыведзенага ў Вікіпедыі. А раптам пранясе!
Прыметнік «сучасная» ў папярэднім абзацы паўтораны тройчы. Як божы дарунак не варта блытаць з яечняй, так сучасную дзяржаву — з той, якую Беніта Мусаліні выбудаваў у свой час у Італіі. Базавы прынцып арганізацыі жыцця ўнутры яе межаў ні для каго не з'яўляецца таямніцай. Дучэ сфармуляваў яго наступным чынам: «Усё ў дзяржаве, нічога па-за дзяржавай, нічога супраць дзяржавы».
Сучасная дзяржава — гэта інстытут па аказанні паслуг сваім грамадзянам. У першую чаргу, паслуг па забеспячэнні бяспекі. Зразумела, ёсць і другая, і трэцяя, і дваццаць пятая чарга. Сваё месца ў гэтым пераліку займаюць і адукацыйныя паслугі.
Праблема беларускай мадэлі палягае ў тым, што сучаснасць ёй супрацьпаказаная. Аднак жа жыць хочацца! А паколькі для выжывання ўсе сродкі добрыя — даводзіцца плыць супраць мэйнстрыму. Як доўга яшчэ будзе працягвацца заплыў? Я не Настрадамус. Пытанне не да мяне.