Беларусы Канады адзначылі 30-я ўгодкі нацыянальнай незалежнасці

29 жніўня ў «Беларускім цэнтры», што ў сталіцы правінцыі Антарыа Таронта, адбыўся ўрачысты сход з нагоды 30-годдзя незалежнасці Беларусі. Па-святочнаму ўпрыгожаная зала была падрыхтаваная дзеля абмежаванай колькасці ўдзельнікаў праз антыкавідныя меры перасцярогі, што сталіся ўведзенымі ўрадам правінцыі.

240873907_4246672028701422_7707741130765294697_n.jpg

Урачыстасці пачаліся са святочнага набажэнства ў Царкве Св. Кірылы Тураўскага пад кіраўніцтвам Першагерарха БАПЦ Архіепіскапа Святаслава, адзначаецца ў справаздачы.

А 12-й гадзіне пачаўся сход беларускай грамадскасці. Напачатку сталіся агучанымі віншаванне Старшыні КХП-БНФ «Адраджэнне» Зянона Пазняка «Найшчаслівейшы дзень у жыцці» і Зварот да беларусаў старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіла.

Далей увазе ўдзельнікаў стаўся прадстаўленым цікавы гадзінны расповед пра падзеі жніўня 1991 г. у СССР, Беларусі, перыпетыі змагання апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце. Падкрэслена вырашальная роля Зянона Пазняка ў самыя крытычныя моманты няроўнага змагання апазіцыі з камуністычнай большасцю падчас ходу «Сесіі Незалежнасці».

Урачысты сход скончыўся спяваннем беларускага гімна «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».

25 сакавіка 1919 г. і 25 жніўня 1991 г. — непарыўна звязаныя гістарычныя даты. Абедзве — самыя значныя ў найноўшай гісторыі нашай краіны. Абедзве стануцца прызнанымі дзяржаўнымі святамі ў новай, дэмакратычнай, нацыянальна адроджанай Беларусі.