Грузінскія ўлады запэўнілі, што пагадненне з КДБ Беларусі не закране простых грамадзян

Дамова паміж службай дзяржаўнай бяспекі Грузіі і Камітэтам дзяржбяспекі Беларусі не будзе прымяняцца ў дачыненні да шараговых грамадзян, падкрэсліў прэм'ер-міністр Іраклій Гарыбашвілі.

irakli_gharibashvili_321422_768x512.jpg

«Гэтае пагадненне не будзе выкарыстоўвацца супраць грамадзян, у тым ліку супраць грамадзян Беларусі. Гэта звычайнае рамачнае пагадненне, у межах якога службы бяспекі заключаюць пагадненне аб супрацоўніцтве ў кантэксце транснацыянальных злачынстваў, тэрарызму і іншага. Паўтаруся, гэтае пагадненне не накіравана на грамадзян», — цытуе Гарыбашвілі sova.news.

Нагадаем, 1 жніўня ў сілу ўступіла пагадненне, якое рэгламентуе супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне КДБ і СБГ. Дакумент быў распрацаваны яшчэ ў 2016 годзе, аднак працэдуры ўзгаднення зацягнуліся на пяць гадоў.

У рамках дакумента Грузія і Беларусь дамаўляюцца аб абмене інфармацыяй, аказанні садзейнічання ў барацьбе са злачынствамі супраць дзяржбяспекі, тэрарызмам і кібер-тэрарызмам, арганізаванай злачыннасцю, незаконным абаротам зброі, карупцыяй, разгалошваннем сакрэтнай інфармацыі і г. д. Формы супрацоўніцтва прадугледжваюць выкананне запытаў і перадачу персанальных даных, правядзенне сумесных мерапрыемстваў, абмен досведам і інш.