Беларусы ў Грузіі патрабуюць скасаваць дамову са спецслужбамі Лукашэнкі
Гаворка ідзе аб пагадненні паміж КДБ Беларусі і Службай дзяржбяспекі Грузіі, якая ўступіла ў сілу ў гэтым месяцы.
Дамова рэгламентуе супрацоўніцтва бакоў у барацьбе з шэрагам злачынстваў і прадугледжвае абмен інфармацыяй і персанальнымі данымі. У беларускай дыяспары лічаць, што дакумент можа пагражаць бяспецы людзей, якія пераехалі ў Грузію з Беларусі праз пераслед па палітычных матывах.
Афіцыйных даных, колькі грамадзян Беларусі эмігравалі ў Грузію, няма. Але, паводле ацэнак саміх прадстаўнікоў дыяспары, лічба можа ісці на дзясяткі, а то і на сотні чалавек. Большасць беларусаў у Грузіі ўстрымліваюцца ад размовы з журналістамі і пазбягаюць масавых акцый. Частка актывістаў, якія з’ехалі, падкрэсліваюць, што Грузія, у адрозненне ад сваіх бліжэйшых партнёраў, краін ЕС, Украіны, ЗША, займае больш лаяльную пазіцыю ў дачыненні да Беларусі. Цяперашнія ўлады Грузіі таксама ўстрымліваюцца ад крытыкі ў бок Менска і не падтрымліваюць санкцыі супраць беларускіх уладаў.
racyja.com