«Нас усіх ператруцяць, як пацукоў, не дапамогуць ніякія лекі!»

Напачатку лета ў сельгаспрадпрыемствах косяць траву, падкормліваюць пасевы, апырскваюць расліны пестыцыдамі. А што рабіць сялянам, чые сядзібы прымыкаюць да палёў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў? Як зменшыць наступствы гвалтоўнай хімізацыі сваіх палеткаў і не патруціцца самім?

prasnaki_007_logo_1.jpg

Трэба рашуча змагацца за здароўе сваіх сямей і карыстацца пунктам 50 СанПін №149, згодна з якім пры наземным апырскванні пестыцыдамі, аграхімікатамі і мінеральнымі ўгнаеннямі санітарныя разрывы ад населеных пунктаў і месцаў адпачынку насельніцтва павінны складаць не менш за 50 метраў, – гаворыць Ніна Анатольеўна Смірнова з вёскі Праснакі Капыльскага раёна. – Інакш нас усіх ператруцяць, як пацукоў, не дапамогуць ніякія лекі.

Ніна Анатольеўна інвалід ІІ групы, жыве з сям’ёй дачкі, якая мае чатырох маленькіх дзяцей і цяжарная пятым. Невялікі «прэзідэнцкі» дамок месціцца на ўскрайку вёскі. Праз дарогу знаходзіцца поле сельскагаспадарчага прадпрыемства, на якім у гэтым годзе пасеяныя цукровыя буракі.

prasnaki1_002.jpg

9 траўня каля 10 гадзін раніцы пачулі гул трактароў і праз адчыненыя вокны ў хаце раптам павеяла невыносным смуродам, – распавядае жанчына. – Убачыла, што блізка да хаты ездзяць трактары і паліваюць буракі пестыцыдамі. Патэлефанавала дырэктару ААТ «Праснакі» Уладзіміру Платуну. Ён параіў зачыніць вокны. 

Ніна Смірнова патэлефаванавала ў Капыльскі РАУС і паведаміла, што сям’ю труцяць. Дзяжурны міліцыянер на заяву адрэгаваў хутка – прыехаў разам з прадстаўніком інспекцыі па справах непаўналетніх. Яны апыталі па гэтай справе членаў сям'і, удакладнілі інфармацыю па абставінах хімізацыі ў дырэктара Уладзіміра Платуна. Матэрыялы па выніках праверкі РАУС былі перададзены ў Капыльскі тэрытарыяльны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Праз дзён 10 прыехалі памочнік доктара-гігіеніста Антаніна Гардзіевіч і мясцовы аграном сельскагаспадарчага прадпрыемства Анастасія Кеўра – для праверкі справы.

Па словах Ніны Анатольеўны, да гэтага часу ніхто з прадпрыемства – ні кіраўнік, ні аграном – нават не папрасілі прабачэння.

Таму я запатрабавала давесці справу да канца – пакараць вінаватых у парушэнні заканадаўства. У сваю чаргу я запытала ў памочніка доктара, чаму цэнтр гігіены і эпідэміялогіі не даводзіць інфармацыю да дырэктараў прадпрыемстваў, не сочыць за выкананнем нормаў санітарнага заканадаўства і абыякава ставіцца да атручвання насельніцтва. У адказ пачула толькі маўчанне, – гаворыць Ніна Анатольеўна.

Праз некаторы час сям’я атрымала адказ з Капыльскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. У ім гаворыцца  аб прыцягненні агранома Анастасіі Кеўра да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафа. Кіраўніку ААТ «Праснакі» Платуну Уладзіміру накіравана інфармацыйнае пісьмо аб неабходнасці захоўвання санітарных нормаў пры апрацоўцы пасеваў пестыцыдамі і недапушчэнні парушэнняў пры работах, якія пагражаюць здароўю насельніцтва.

На межах участка, апрацаванага гербіцыдамі, згодна з заканадаўствам не былі выстаўлены адзіныя знакі бяспекі з надпісам «Апрацавана пестыцыдамі (сродкамі абароны раслін), аграхімікатамі і мінеральнымі ўгнаеннямі», а перад выкананнем работ да насельніцтва не была даведзена інфармацыя аб хімізацыі поля.