Плануемае месца будаўніцтва НВЦ каля Курапатаў не супярэчыць заканадаўству

Плануемае месца ўзвядзення Нацыянальнага выставачнага цэнтру (НВЦ) на полі паміж Курапатамі і «Экспабелам» не супярэчыць заканадаўству. Пра гэта ў адказе на зварот грамадскасці да прэм’ер-міністра краіны Сяргея Румаса паведаміў намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Іван Маркевіч.

kurapaty_7_logo.jpg

Паводле яго, участак, на якім плануецца будаўніцтва НВЦ, прадстаўлены ворнымі землямі ААТ «I Мінская птушкафабрыка» і знаходзіцца ў зоне рэгулюемага будаўніцтва нерухомай матэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння «Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 30-х — 40-х гадоў XX стагоддзя ва ўрочышчы Курапаты».
Разам з тым, як зазначаецца ў адказе, названы ўчастак адносіцца да тэрыторыі, што падлягае спецыяльнаму надгляду, бо месціцца ў трэцім поясе зоны санітарнай аховы водазабору «Навінкі» — аб’екту гаспадарча-пітнога забеспячэння.

kurapaty_nvc_markevicz_2_logo.jpg

Іван Маркевіч лічыць неабгрунтаваным наданне статусу «Месца нацыянальнай памяці» полю паміж Курапатамі і «Экспабелам».
Нагадаем, што з 24 верасня больш за 750 грамадзянаў — жыхароў розных рэгіёнаў Беларусі звярнуліся да кіраўніка ўраду з прапановай адмовіцца ад узвядзення НВЦ каля ўсходняй мяжы Курапатаў.
У звароце да Сяргея Румаса «Захаваем мемарыяльнае поле паміж Курапатамі і "Экспабелам!“» узгадваецца, што па даручэнні кіраўніка дзяржавы Саветам міністраў Беларусі падрыхтавана архітэктурная канцэпцыя НВЦ, дзе прадугледжана яго размяшчэнне паміж Курапатамі і «Экспабелам». Дзеля ажыццяўлення гэтага праекту рыхтуецца адпаведны ўказ кіраўніка дзяржавы.

kurapaty_nvc_markevicz_1_logo.jpg

«На курапацкіх пагорках ляжаць тысячы нашых з Вамі продкаў і суайчыннікаў — бязвінных ахвяраў сталінізму, таму Курапаты сталі святыняй усяго беларускага народу, сваім трагічным мінулым яны яднаюць нацыю і патрабуюць ад нас адказнага, шчырага і сумленнага стаўлення», — падкрэсліваецца ў звароце.
Яго падпісанты лічаць, што ўзвядзенне НВЦ у абраным месцы парушыць гістарычны выгляд поля з яго ландшафтам, краявіднымі пунктамі і грунтовай «Дарогай смерці», па якой ахвяраў вазілі ў Курапаты на расстрэл, стане фактарам дадатковага моцнага антрапагеннага ўціску на ўрочышча, непазбежна паўплывае на ўспрыманне самога НВЦ і яго экспазіцыяў, прынізіць Курапаты як знакавы помнік айчыннай і сусветнай гісторыі.
Апошнія падзеі ў гэтым месцы смутку і пакаяння, у тым ліку планы ўзвесці НВЦ на полі паміж урочышчам і «Экспабелам», сведчаць пра тое, што ў курапацкім пытанні ўлады ігнаруюць пазіцыю беларускай і міжнароднай грамадскасці.
Падпісанты звароту ўпэўненыя, што для захавання Народнага мемарыялу ў Курапатах неабходна перайсці ад супрацьстаяння з грамадскасцю да ўзважанага дыялогу на грунце нарматыўна-прававых дакументаў, аргументаў спецыялістаў і спрадвечных каштоўнасцяў. На думку грамадскасці, асноўнай тэмай такога дыялогу павінна стаць захаванне гістарычнага поля паміж Курапатамі і «Экспабелам», дзе мяркуецца ўзвядзенне НВЦ.
Зыходзячы з таго, што абраны для будаўніцтва НВЦ пляц не адпавядае архітэктурна-ландшафтнаму атачэнню як саміх Курапатаў, так і Нацыянальнага выставачнага цэнтру, грамадскасць прапануе Сяргею Румасу перагледзець тэрыторыю размяшчэння НВЦ і захаваць за полем паміж урочышчам і «Экспабелам» статус месца нацыянальнай памяці.
Раней намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Аляксей Ананіч паведаміў грамадскасці, што ўрад Беларусі разглядае магчымасць размяшчэння НВЦ на іншай тэрыторыі і вядзе распрацоўку альтэрнатыўнай архітэктурнай канцэпцыі.