«Праблема Варэнухі» ў маштабах дзяржавы
Безумоўна, асноўнай падзеяй тыдня стала перастрэлка ў Мінску, у выніку якой загінулі айцішнік і супрацоўнік КДБ. Да відэа, што нам далі паглядзець спецслужбы, вельмі шмат пытанняў. Але асноўнае пытанне не пра гэта. Яно — пра давер да ўлады ўвогуле і да службовых асоб у прыватнасці.
Першая ж думка, якая ўзнікла практычна ва ўсіх пасля апублікавання відэа перастрэлкі: «Ці не фэйк гэта?» Журналісты адразу кінуліся ў розныя бакі: адны пачалі шукаць экспертаў па мантажы, другія — правяраць, ці існуе наогул такі чалавек, як Зельцэр, трэція — разбіраць, якія выкарыстоўваліся тыпы зброі, і гэтак далей. Вядома, «газетчыкі часам задаюць дурныя пытанні: яны глядзяць на сонца і пытаюцца, ці свеціць яно», як казаў вядомы ў свой час баксёр Соні Лістан. Аднак факт у тым, што першапачатковай інфармацыі не паверыў ніхто.
Журналісты з праверкай справіліся. Але ад гэтага з’явілася яшчэ больш пытанняў.
Насамрэч сітуацыя з перастрэлкай яскрава паказвае ўзровень даверу да ўлады. Людзі проста не вераць таму, што трапляе да іх з уладных, «афіцыйных» крыніц. Адпаведна, такі ж узровень даверу (дакладней, недаверу) да любой апрылюдненай чыноўнікамі інфармацыі. І не мае значэння, гэта высокапастаўлены кіраўнік альбо дробны клерк з выканкама.
Больш за тое — улада працягвае рабіць усё, каб ёй не верылі.
На пачатку тыдня, напрыклад, сілавікі выказаліся па пытанні міграцыйнага крызісу. Лукашэнка сто разоў палохаў «калектыўны Захад» адкрыццём беларускіх межаў для мігрантаў. І калі ён гэтую пагрозу ажыццявіў, аказалася, што ў таго самага «калектыўнага Захаду» ёсць чым адказаць. Аказалася, што ў іх таксама ёсць памежнікі (неверагодна, так?), у іх ёсць службы аховы мяжы (хто б мог падумаць?), у іх таксама ёсць мытнікі і інжынерныя войскі, здольныя ўзвесці агароджы на памежжы (проста дзіўна!). І тыя мігранты, якімі Лукашэнка палохаў Захад, ператварыліся ў праблему для нашай краіны.
Намеснік міністра МУС Мікалай Карпянкоў у праграме «Тыдзень» на СТБ шчыра здзіўляецца: «Хто б мог уявіць яшчэ паўгода таму, што будуць уведзеныя такія жорсткія санкцыі: першыя, другія, трэція, чацвёртыя і кардоны выбудаваныя, што будзе гэтая правакацыя з самалётам, што нашы самалёты “Белавія” не будуць пускаць у Заходнюю Еўропу, што натаўскія войскі — яны будуць прысутнічаць практычна ва ўсіх дзяржавах — і ў Літве, і ў Латвіі, і ў Польшчы. Украіна заняла такую агрэсіўную пазіцыю... Плюс з дапамогай гэтай, скажам так, загадзя справакаванай іх агрэсіўнай палітыкі гібрыдная вайна з дапамогай нелегальных мігрантаў у нас на мяжы...» — пералічыў ён.
Расчарую спадара Карпянкова — не бывае падзей без наступстваў. Калі табе «іншым разам не да законаў», то знойдзецца нехта, хто хаця б пастараецца прывесці цябе ў прытомнасць. Але вінаваты пры гэтым зусім не ён.
Цяперашні намеснік міністра таксама заявіў, што для дэстабілізацыі абстаноўкі ў Беларусь закідваюцца тэрарысты і экстрэмісты, сабраныя па ўсёй Заходняй Еўропе. «І яны спрабуюць пад выглядам нібыта, скажам так, вяртання да нас мігрантаў, што нелегальна трапілі да іх, закідваць да нас тэрарыстаў сюды і экстрэмістаў. Па ўсёй Заходняй Еўропе збіраюць і ігілаўцаў, усіх тых, хто ў іх сядзеў у следчых ізалятарах і пад следствам быў, закінуць сюды, у Рэспубліку Беларусь, для таго, каб дэстабілізаваць абстаноўку», — сказаў ён.
Можна было б падумаць, што Карпянкоў жыве ў сваім ілюзорным свеце, створаным яму беларускай прапагандай, і шчыра лічыць, што вакол ворагі, якія спяць і бачаць, каб «дэстабілізаваць абстаноўку». Можна было б — калі б не адно слова ў яго прамове. Гэта слова — «вяртанне». Калі тыя дрэнныя «яны» «вяртаюць» да нас мігрантаў — значыць, да гэтага такія добрыя «мы» тых мігрантаў да іх закінулі, правільна? Інакш бы не было чаго «вяртаць», не? Дык у выніку хто ж арганізаваў «гібрыдную вайну з дапамогай нелегальных мігрантаў у нас на мяжы»?
«Хлусіць не трэба па тэлефоне», — казаў Азазэла Варэнуху ў рамане «Майстар і Маргарыта». Інакш кажучы, не трэба разлічваць, што памяць у людзей не можа ўтрымаць падзеі якіх-небудзь трох месяцаў — паўгода.
А тым часам галоўнакамандуючы правёў пасяджэнне з так званай Канстытуцыйнай камісіяй, дзе заявіў, што рэферэндум па ў чарговы раз абноўленай Канстытуцыі павінен прайсці ў лютым 2022 года. З гэтай прычыны ўсе пералякаліся — і сталі думаць, што ж рабіць, як жа быць. Але практычна адразу ж пасля канкрэтна агучанага тэрміну аказалася, што праект Канстытуцыі, які абяцалі даць Лукашэнку ўжо даўно, добры, але ўсё роўна недапрацаваны. Распускаць Канстытуцыйную камісію з гэтай народы Лукашэнка не будзе, наадварот, сказаў, што «гэта не апошняя наша сустрэча». Аднак і заявіў пра стварэнне яшчэ адной працоўнай групы па змене Канстытуцыі, з якой ён будзе «часцей сустракацца».
Склад гэтай групы не вызначаны, і, напэўна, у яе ўзнікнуць свае ідэі па Асноўным дакуменце. Пасля гэтага, падобна, будзе аб’яднанне вынікаў працы дзвюх груп. Потым праект будзе вынесены на «ўсенароднае абмеркаванне».
Яшчэ пазней «група юрыстаў (якая таксама яшчэ не створаная і не вызначаная. — НЧ) пасля ўсенароднага абмеркавання кожны радок прагледзіць і канчаткова юрыдычнай мовай прапіша дакумент, які будзе выносіцца на рэферэндум».
Да лютага-2022 засталося усяго 4 месяцы, калі лічыць разам з ім — то пяць. Згодна з беларускім Выбарчым кодэксам, дата правядзення рэферэндума вызначаецца не пазней за тры месяцы з дня выдання ўказа аб прызначэнні рэферэндума. То-бок, на ўсю працу па праекце Канстытуцыі, уключна з «усенародным абмеркаваннем», застаецца пару месяцаў.
За год не змаглі напісаць праект, а тут справяцца за два месяцы?
Пра канстытуцыйны рэферэндум улады гавораць з 2014 года і ніяк не могуць (а дакладней — не хочуць) перайсці ад слоў да справы. Што-што, а «цягнуць гуму», «забоўтваць», «узгадняць» і «прапісваць» беларускія чыноўнікі ўмеюць вельмі добра. Дастаткова ўспомніць пра «інтэграцыйныя карты», якія спачатку былі «картамі», потым сталі «праграмамі», а потым аказалася, што гэта зусім неабавязковыя для выканання паперы.
А тут яшчэ і выпадак з айцішнікам Зельцэрам…
Вядома ж, у многіх паўсталі пытанні: чаму супрацоўнікі КДБ, якія «адпрацоўвалі сувязі з тэрарыстычнай арганізацыяй», пайшлі да «тэрарыста» без бронекамізэлек і іншай амуніцыі? Чаму, ламаючы дзверы, яны прадстаўляліся «міліцыяй»? Журналісты высветлілі, што Зельцэр выплачваў мыту на права палявання, а значыць, у яго мог быць «ствол» — чаму гэта высветлілі журналісты ПАСЛЯ інцыдэнту, а не КДБ ДА яго?
Хапае і іншых пытанняў да таго, што нам паказалі, але зараз — не пра гэта. А пра тое, што чым далей, тым менш даверу да улады. І, здаецца, даверу да ўлады няма зусім...