«Беларусы пачалі страляць адзін у аднаго ў Год народнага адзінства»

«Кепска. Вельмі кепска. Для загінулых, для іх сем'яў, для грамадства, для краіны — кепска», — піша ў сваім тэлеграм-канале аналітык Пётр Кузняцоў па слядах сітуацыі са стралянінай у Мінску.


У мяне не ўзнікла жадання далучыцца да стройнага хору тых, хьто сумняваецца і шукае «пытанні». У гэтай сітуацыі канспіралогія выглядае нацягнута. «Фіранка зачынена, фіранка адкрыта, жанчына ля акна», — ну дык чаму жанчына і не магла адкрыць тую фіранку? Усе «пытанні» там прыкладна такога роду.

Куды важней іншае. Беларусь пачынае апускацца ў хаос, які хутка ніхто не зможа кантраляваць. Народы перажылі і сталінскі тэрор, аднак прынцыповае адрозненне рэалій таго часу было ў тым, што ён не быў такі бачны. Сёння ж прачытанне навіннай стужкі, асабліва з улікам таго, што сутнасць яе не змяняецца месяцамі, адных заганяе ў дэпрэсію, іншых зводзіць з глузду, перад трэцімі ставіць пытанне «Што рабіць?», а кагосьці, можа, падштурхоўвае шукаць для сябе ролю героя.

Улада і сілавікі ўзялі курс на бязмежны тэрор у дачыненні да ўсіх. Садзяць цяпер масава не толькі за пратэсты. Сапраўдная катастрофа ў бізнес-сектары, пайшлі «працаваць» па рабочых, мы мала ведаем, што адбываецца на вёсцы, але і туды ўжо глядзела «ўсёвідушчае вока», калі мы чулі загады саджаць «несуноў».

Цяпер у кагосьці, на фоне таго, што адбылося, можа ўзнікнуць думка татальна закруціць гайкі паляўнічым. А гэта, на хвілінку, 100 тысяч чалавек. Колькі ў краіне незарэгістраваных ствалоў, не ведае ніхто: тут і «рэха вайны», і наступствы перыяду савецкай гісторыі, калі гладкаствол можна было купіць без рэгістрацыі.

Ці можа грамадства нармальна існаваць ва ўмовах не толькі татальнага тэрору, але і ўсеагульнай псіхалагічнай зношанасці? Ці могуць спецслужбы кантраляваць і прагназаваць дзеянні 9 мільёнаў чалавек? Гэта рытарычныя пытанні. Учорашні выпадак паказаў, што яны апынуліся не ў стане спрагназаваць дзеянні аднаго — якога падазравалі ў тэрарызме і пра якога павінны былі ведаць, што ў яго ў кватэры зброя.

Вельмі хочацца паспачуваць і загінулым, і іх сем’ям. Тое, што адбылося — трагедыя: беларусы пачалі страляць адзін у аднаго ў «Год народнага адзінства».

Так быць не павінна. Цяпер усе павінны правесці ўласнае пераасэнсаванне і пераацэнку таго, што адбываецца. Калі гэтага не будзе зроблена, хаос будзе толькі нарастаць.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: