Праціўнікі акумулятарнага завода абмеркавалі арганізацую народнага Веча

На плошчы Леніна ў Брэсце 26 студзеня прыблізна апоўдні чарговым разам сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.

belprauda.org

belprauda.org

Звыш сотні чалавек сабралася на чарговую акцыю пратэста ў Брэсце. Жыхары не згодныя з існаваннем шкоднай вытворчасці бліз горада. Гэтым разам абмяркоўвалася магчымасць арганізацыі Веча і шукалі новыя шляхі да адстойвання сваіх правоў на экалогію. 
Людзі абмяркоўвалі апошнія падзеі:
  – Пакуль не зразумела што будзе па грамадска-экалагічнай экспертызе. На колькі я зразумеў, там адзін чалавек атрымаў дакументы, але наколькі ён кампетэнтны, не зразумела.
 – Улада ўсе законы парушае са свайго боку, законы для яе не абавязковы. Таму яна правакуе на нейкія іншыя дзеянні.

Згодна са звесткамі праваабаронцы Рамана Кісляка, у 12.40 на плошчы было прыкладна 150 чалавек. Міліцыя праз мегафон папярэджвала аб адказнасці за правядзенне несанкцыянаванай акцыі.
Прысутныя на плошчы абмеркавалі перадачу праектнай дакументацыі акумулятарнага завода ТАА „АйПаўэр” на грамадскую экалагічную экспертызу (ГЭЭ). Апавяшчэнне аб правядзенні ГЭЭ было размешчанае 30 снежня на шэрагу афіцыйных сайтаў, у прыватнасці кампаніі 1AK-Group, у якую ўваходзіць «АйПаўэр». У паведамленні гаварылася, што замоўцам грамадскай экалагічнай экспертызы выступае кампанія «АйПаўэр».
Прадметам грамадскай экалагічнай экспертызы з’яўляецца ўстанаўленне адпаведнасці або неадпаведнасці праектнай дакументацыі акумулятарнага завода патрабаванням заканадаўства аб ахове навакольнага асяроддзя і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў. Заявы ад ініцыятараў грамадскай экалагічнай экспертызы прымаліся да 15 студзеня. Паступілі дзве заявы ад трох грамадзян. 21 студзеня праектная дакументацыя была перададзеная аднаму з заяўнікаў Яўгену Скрабутану, двое іншых — Дзмітрый Бекалюк і Уладзімір Мароз — адмовіліся яе прымаць.
23 студзеня кампанія 1AK-Group паведаміла, што 22 студзеня да іх на электронны адрас адкрытай лініі ад Бекалюка і Мароза паступіла адмова прыняць дакументы для правядзення ГЭЭ ў дадатковы дзень. «Са свайго боку мы ацэньваем гэта як нежаданне ініцыятараў браць удзел у працэдуры ГЭЭ і зацягванне часу», — гаварылася ў паведамленні.
Як растлумачыў сёння БелаПАН адзін з лідараў грамадскай кампаніі супраць акумулятарнага завода Дзмітрый Бекалюк, 21 студзеня ён і Мароз прыйшлі ў канферэнц-залу Берасцейскага тэхнапарку, куды былі запрошаныя для атрымання праектнай дакументацыі акумулятарнага завода з мэтай правядзення грамадскай экалагічнай экспертызы.
«Мы не падпісалі акт прыёмкі дакументаў, бо яны не былі падрыхтаваныя ў адпаведнасці з заканадаўствам. На іх не было пячаткі і подпісу, што копіі дакладныя. А гэта вельмі важна. Мы павінны быць упэўненыя, што менавіта па гэтых дакументах будзе праводзіцца дзяржаўная экалагічная экспертыза, — адзначыў Бекалюк. — Акрамя таго, у нас узніклі пытанні, ці законнае правядзенне «АйПаўэрам» гэтай грамадскай экалагічнай экспертызы, замоўцам якой выступіла гэтая кампанія. Таму мы накіравалі звароты ў Мінпрыроды і іншыя дзяржаўныя структуры з просьбай растлумачыць гэтае пытанне і ўсе этапы правядзення грамадскай экалагічнай экспертызы ў адпаведнасці з заканадаўствам. Пасля атрымання адказу мы адновім прыпыненую намі працэдуру атрымання дакументаў. Мы хочам, каб усё было ў межах закона».
Удзельнікі сённяшняй сустрэчы на плошчы таксама выказаліся за правядзенне грамадскай экалагічнай экспертызы. Яны падтрымалі рашэнне Мароза і Бекалюка не прымаць дакументы для правядзення ГЭЭ, якія не адпавядаюць неабходным патрабаванням заканадаўства.
«Дакументы, якія спрабаваў перадаць «АйПаўэр», на мой погляд, фікцыя, — заявіла жыхарка Берасцейскага раёна Ірына Сіліцкая. — Яны нават не пранумаравалі старонкі. Такім чынам, потым можна выняць любую старонку, а замест яе ўставіць іншую і сказаць, што так і было».
«Грамадскасць хоча, каб мы правялі грамадскую экалагічную экспертызу, і мы гатовыя прыняць такія дакументы, але ў адпаведнасці з заканадаўствам», — заявіў прысутным на плошчы Бекалюк.
«Я лічу, што неабходна ўсё дакладна ўзважыць, таму што дарогі назад не будзе», — адзначыў у сваю чаргу Мароз.
Пасля сустрэчы на плошчы, якая доўжылася прыкладна да 12.40, праціўнікі завода прайшлі па цэнтральных вуліцах Брэста — Пушкінскай і Савецкай да кінатэатра «Беларусь».
Акцыі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ладзяцца вось ужо цягам двух гадоў. Паралельна працуе «Свінцовая варта», да якой можа далучыцца кожны жадаючы, папярэдне ўзгадніўшы графік з арганізатарамі.
racyja.com