Праект «Я бачу!» прадставіў рэцэпты самых карысных для зроку страў
Урач-афтальмолаг, дыетолаг і прафесійны кухар распавялі, як клапаціцца пра здароўе вачэй з дапамогай правільна падабранага рацыёну, і падзяліліся сакрэтамі прыгатавання простых і пры гэтым карысных для зроку страў.
19 верасня ў Мінску прайшоў незвычайны кулінарны майстар-клас ад дабрачыннага праекта «Я бачу!». Майстар-клас арганізаваны ў рамках распачатай надоечы сацыяльнай інфармацыйнай кампаніі «Я бачу ўсё, таму што сілкуюся правільна!».
З верасня праект «Я бачу!», які рэалізуецца Беларускім дзіцячым фондам і кампаніяй velcom пры падтрымцы Брэсцкага аблвыканкама і Міністэрства аховы здароўя РБ, аднавіў сваю дзейнасць у сельскіх школах Брэсцкай вобласці пасля перапынку на летнія вакацыі. Мабільныя афтальмалагічныя брыгады пачалі сваю працу ў Жабінкаўскім раёне. Пасля гэтага эстафету прыняў Пружанскі раён — у ім агляды пройдуць па 28 верасня. А з 1 кастрычніка брыгады лекараў-афтальмолагаў працягнуць выезды у сельскія школы Бярозаўскага, Ганцавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў.
«Клопат пра здароўе дзяцей — адна з прыярытэтных задач Беларускага дзіцячага фонду. «Я бачу!» — гэта значны медыцынскі праект нашай арганізацыі, які дазваляе аказваць дзейсную дапамогу вялікай колькасці дзяцей, — паведаміў дырэктар Беларускага дзіцячага фонду Аляксандр Трухан. — Рэалізуючы гэты праект, мы імкнемся зрабіць дыягнастычную дапамогу лекараў-афтальмолагаў больш даступнай для дзяцей, якія пражываюць у сельскай мясцовасці: лекары прыязджаюць непасрэдна ў тыя населеныя пункты, дзе дзеці жывуць і вучацца. Эфект гэтай дапамогі велізарны, бо чым раней будуць выяўленыя лекарамі парушэнні зроку, тым раней іх можна лячыць і не дапусціць сур'ёзных паталогій. Але яшчэ адным важным складнікам праекта з'яўляецца інфармацыйная праца па прафілактыцы парушэнняў зроку. Важна разумець і дарослым, і дзецям, што некаторыя захворванні органаў зроку можна папярэдзіць, выконваючы нескладаныя правілы харчавання і робячы рэгулярна зарадку для вачэй. Мы спадзяемся, што праект «Я бачу!» яшчэ раз зверне ўвагу дарослых на клопат пра здароўе дзяцей у цэлым».
Акрамя аказання непасрэднай афтальмалагічны дапамогі навучэнцам у школах, значным складнікам праекту «Я бачу!» з'яўляецца прафілактыка захворванняў зроку. Яго арганізатары імкнуцца данесці да як мага большай колькасці жыхароў Беларусі неабходнасць клапаціцца аб уласным зроку, знаёмячы іх з даступнымі кожнаму спосабамі захаваць здароўе вачэй — ад нескладанай зрокавай гімнастыкі да правільна падабранага рацыёну.
«Ужо трэці год запар праект «Я бачу!» арганізуе працу мабільных афтальмалагічных брыгад у сельскіх школах розных абласцей Беларусі — Магілёўскай, Гомельскай, а зараз і Брэсцкай. За гэты час больш за 30 тысяч дзяцей атрымалі неабходную, але не заўсёды даступную ім дапамогу кваліфікаваных лекараў-афтальмолагаў, а да канца гэтага года іх стане яшчэ больш. Новая сацыяльная інфармацыйная кампанія дазваляе пашырыць праект на жыхароў гарадоў і завастрае ўвагу на прадухіленні парушэнняў зроку — з дапамогай як гульнявой зарадкі, так і правільна арганізаванага харчавання», — пракаментаваў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый velcom Мікалай Брэдзялёў.
У рамках сацыяльнай інфармацыйнай кампаніі «Я бачу ўсё, таму што сілкуюся правільна!» жыхары Мінска і гарадоў Брэсцкай вобласці ўжо мелі магчымасць даведацца пра тое, якія прадукты і ў якіх спалучэннях найбольш карысныя для падтрымання вастрыні зроку. А ўдзельнікі майстар-класа, які адбыўся ў кулінарнай студыі Le Gourmet, навучыліся гатаваць з гэтых прадуктаў — такіх як рыба, морква, спаржавая фасоля, гарбуз, тварог, арэхі — некалькі нескладаных і смачных страў: ад запечанай з гароднінай скумбрыі да тварожна-гарбузовай запяканкі і асвяжальных напояў. Ім дапамагалі шэф-повар кулінарнай студыі Le Gourmet Аляксей Радзько, спецыяліст па дыеталогіі і нутрыцыялогіі, выкладчык школы здаровага харчавання і лекар-тэрапеўт Анастасія Уласевіч і лекар-афтальмолаг УАЗ «Брэсцкая дзіцячая абласная бальніца», вядучы афтальмолаг праекта «Я бачу!» Крысціна Бялянічава.
«У пытанні захавання добрага зроку харчаванне грае далёка не апошнюю ролю. Незбалансаваны рацыён, недастатковае спажыванне гародніны, зеляніны, садавіны, любоў да нездаровых перакусаў здольныя прывесці да многіх праблем — ад паніжанага тонусу вочнай мышцы і сіндрому сухога вока да парушэнняў у абменных працэсах сятчаткі і іншых не менш сур'ёзных наступстваў. Меню, якое мы распрацавалі для гэтага майстар-класа, складаецца з карысных для зроку прадуктаў. Прычым прыгатаваць іх дзеці могуць разам з бацькамі або нават самастойна — і праз такія нескладаныя дзеянні выхаваць у сабе ўсвядомленае стаўленне да клопату пра ўласны зрок і правільнае харчаванне ў цэлым», — адзначыла Крысціна Бялянічава.
З 2016 года праект «Я бачу!» ахапіў тры рэгіёны Беларусі — Магілёўскую, Гомельскую і Брэсцкую вобласці. Колькасць дзяцей, якія атрымалі дыягнастычную дапамогу, у цяперашні момант набліжаецца да 31 тыс. Агульная статыстыка за 2,5 гады рэалізацыі праекта ў лічбах: у 32,73% школьнікаў выяўлены розныя паталогіі зроку. Больш чым палову гэтых выпадкаў — 54,38% — складаюць парушэнні, якія ўдалося дыягнаставаць упершыню менавіта дзякуючы абследаванню афтальмалогіі мабільных брыгад.
У 2018 годзе на першым этапе праекта «Я бачу!» выязнымі брыгадамі афтальмолагаў былі абследаваны 5835 навучэнцаў 66 сярэдніх школ Брэсцкай вобласці — у Маларыцкім, Камянецкім і Кобрынскім раёнах. У 2373 дзяцей былі выяўленыя паталогіі зроку, 665 дзецям патрабавалася акуляравая карэкцыя, 16 школьнікаў былі накіраваны на лячэнне ў стацыянар, 60 атрымалі накіраванні на дадатковае абследаванне.
У верасні ў Жабінкаўскім раёне лекары правялі дыягностыку зроку ў 743 дзяцей у 7 школах. У 274 дзяцей выявілі паталогію, пры гэтым у 201 з іх дыягназ быў устаноўлены ўпершыню. Афтальмолагі выпісалі 68 рэцэптаў на акуляры, адправілі 2 дзяцей на дадатковае абследаванне, а 1 дзіця — на кансерватыўнае лячэнне.
Паводле прэс-рэлізу