ПРАЕКЦЫІ. Нацыяналізм як ён ёсць

Мы вось тут цяпер усё сацыялкай бавімся, на дыктатуру наракаем, эканамічнымі рэчамі займаемся па самыя вушы. І забыліся, што існуюць канфлікты на нацыянальнай, нават этнічнай глебе. 



mikus_avatar_250.jpg

Алесь Мікус. Музыка, перакладчык, публіцыст. Нарадзіўся ў 1982 годзе ў Мінску. Адукацыя: аддзяленне псіхалогіі БДУ, аспірантура АПА. Асабісты сайт: quarkmal.net.

Нас ад іх умела ізалявалі, каб не было ўладзе лішніх праблем. «Нашы палякі», «нашы яўрэі»... Але гэта не значыць, што так будзе вечна. Кацёл унутры кіпіць. 
 


Дый той кацёл не можа не кіпець, калі навокал таксама шкварчыць. Прыгледземся пільней да таго, што навокал робіцца. Усходнееўрапейскія нацыі маюць багата крыўдаў і нядобрых калектыўных эмоцый. 
*** 
Літоўцы злыя на палякаў за Жалігоўскага, «Сярэднюю Літву» і забранне Віленшчыны на перыяд 1920-1939 г. Таксама за Пунск — кавалак зямлі з літоўскім насельніцтвам на тэрыторыі Польшчы. Трымцяць перад немцамі літоўцы за Клайпеду-Мемель, на якую паквапіліся ў 1923 г. Цешацца картамі з «літоўскімі землямі» да Маладзечна. Настальгуюць па «балцкай Прусіі». 
 


Палякі — найбольшыя завадатары нацыяналісцкага духу ў рэгіёне. Усё, бадай, ад іх і пайшло. Немцаў яны страшэнна баяцца, усё падлічваюць, колькі заходняпольскіх СМІ немцы цяпер скупілі. Самыя радыкалы хочуць межаў на стан 1772 году. Памятаюць наваградца Міцкевіча, крамянчаніна Славацкага, свянцянскага Пілсудскага. Дзе была пальшчызна, там Польшча. 
 


Украінцы падняліся, іх дух заведзены, яны на пад'ёме, хоць у гарачцы сваіх унутраных падзей, падобна, так і згараць. Але там нацыяналізм вельмі злы і агрэсіўны. Палякаў люта ненавідзяць, Валынскую разню абгрунтоўваюць аргументамі. Нават самаму прыхільнаму беларусу нагадваюць пра Берасцейшчыну. У Расіі паглядаюць мінімум на Кубань, максімум — на тэрыторыі да Уралу. 
 


Што да беларусаў. Таксама з нядаўняга часу пачалі ўлівацца ў «слаўную сям'ю» ўсходнееўрапейскіх нацыяналізмаў. Вільню — вярнуць, пажадана аж па Коўна. Нянавісць да «лятувісаў», або «жмудзінаў» (ці нават «жмудзінасаў») усё большая. Калі не Вільню, дык хоць Смаленск, пажадана да Цвяры ці нават да Мажайску. Яшчэ Беласток, Чарнігаў (менш смела) і Дзвінск. 
*** 
І самае цікавае, што ўсе маюць рацыю, усе правыя. Як так? А так. Гісторыя ж — прасціна бясконцая, выцягваць з яе несканчонага палатна цікавыя табе фрагменты можна хоць да скону. 
 


Па-беларуску пад Коўна гавораць? Ну так, як і пад Вільняй. Там Луцкевічы жылі. Значыць, там беларуская зямля. А літоўцы кажуць: дык гэта ж славянізацыя была, мянялі ранейшую ідэнтычнасць балцкамоўных жыхароў, значыць там літоўская зямля адвеку. А палякі: не, там палякамі сябе безліч народу лічыла і лічыць, нават змагаецца за сваю польскасць, значыць, гэта польская зямля. А рускія: ай не, там быў царскі бот, гаварылі па-руску ў пэўны перыяд, быў Георгіеўскі праспект, і ўвогуле некалі славяне былі аж да Берліна, значыць, там руская зямля. І яўрэі дадаюць: Віленскі гаон там быў, і палова яўрэйскага насельніцтва ў горадзе, вы такі пра што ўсе. 
 


І дзе тут праўда? А нідзе. Як назваць такі стан, калі нібыта ўсе маюць рацыю? Ахлакратыя нацый? 
 


Усе апынуліся закладнікамі двух фактараў. З аднаго боку, адкрытасць гісторыі — усё што хочаш інтэрпрэтуй як хочаш. З іншага боку — процілеглае гэтаму, фанабэрыстае імкненне мець адзіны выклад, мона-наратыў. Колішняя квітнеючая шматстайнасць пасыпалася дробнымі кавалкамі, якія прэтэндуюць на сваю праўду і лепяць сабе праціўнікаў. 
 


Добра тут хіба што астраўным нацыям — брытанцам, японцам, ісландцам. Яны ўлюбёнцы бога, бо ён даў ім прыродныя межы, дазволіўшы быць хіба што культурнымі ці папуляцыйнымі экспансіяністамі, а не азлобленымі адсуджвальнікамі чужога (ну ці не чужога, а, ок, скрадзенага) майна па кавалачку, па шнурочку. 
 


Нехта марыць пра федэрацыйнасць, пра «інтэрмарыюм». Пра такую рэалізацыю архетыпу «выраю», дзе ўсе тыя процілегласці будуць знятыя. Вопыт ЕС або РФ паказвае, што гэта ілюзія, майя. 
 


Мы хутка, відаць, праклянем тую прастору, прасторавасць, зямлю, на якой не можам ніяк ужыцца і якая змушае грызціся з суседзямі. Або не праклянем, але звядземся ў інтэрнэт. Мудрае рашэнне тых, хто накіроўвае свет. Каб не дазваляць нам, неразумным, гневацца і ненавідзець, заплямліваючы сваю карму. 
 


naviny.by

Фота з сайта naviny.by