Прасцей купіць, чым перавыхаваць? Вучымся рабіць падарункі правільна
Напэўна, кожны з бацькоў не раз чухаў патыліцу: што пакласці пад елку для свайго горача любімага дзіцяці? Які падарунак купіць? Гэта павінна быць карысная рэч з пункту гледжання бацькоў, або тое, што хоча малеча?
Дзеці пішуць лісты Дзеду Марозу. А бацькі ацэньваюць, ці па кішэні гэтаму дзядулі ажыццявіць жаданне дзіцяці.Чаго ж хочуць сучасныя дзеці? Паколькі мне шмат даводзіцца працаваць з дзецьмі рознага ўзросту, я вырашыла высветліць, што хочуць сучасныя дзеці атрымаць на Новы год.
Дзесяць з апытаных падлеткаў (ад 11 да 14 гадоў) жадаюць у падарунак да Новага года айфон. Пытаюся ў самага малодшага: «У цябе і так круты тэлефон, відавочна, яшчэ новы, і дарагая мадэль. Навошта табе айфон?». Адказ: «Дык айфон яшчэ круцейшы і дорага каштуе».
Некаторыя рэспандэнты папрасілі б у Дзеда Мароза новы гіраскутэр, двое падлеткаў хацелі б паехаць усёй сям’ёй на адпачынак за мяжу, тры чалавекі пажадалі атрымаць у падарунак новы гульнявы кампутар, дзве дзяўчынкі мараць пра новыя красоўкі. Думаю, цяжка прыйдзецца Дзеду Марозу. Гэта ж колькі сродкаў трэба для рэалізацыі ўсіх жаданняў!
Мой вопыт паказвае, што большасць бацькоў аддае перавагу выхаванню дзяцей з дапамогай матэрыяльных стымулаў. Калі яны хочуць, каб павысілася паспяховасць па прадметах або былі добрыя паводзіны ў школе і дома, то амаль заўсёды абяцаюць дзіцяці падарыць за гэта буйную суму грошай або новы гаджэт. Так праяўляюць клопат і любоў. А потым, калі трэба пакараць за нешта, то, часцей за ўсё, забіраюць гэтую праяўленую любоў і забараняюць ёю карыстацца. Гэта значыць, падарункі выкарыстоўваюцца як сродкі кіравання і кантролю над паводзінамі дзіцяці.
Вядома, дарагія падарункі не павінны дарыцца проста так. І іх трэба заслужыць. У дзіцяці з’явіцца стымул стаць лепш, да чагосьці імкнуцца.
Але тут ёсць і падвох: матэрыяльныя падарункі не робяць дзяцей шчаслівымі; дзеці вучацца ацэньваць сябе і іншых па колькасці дарагіх рэчаў. А стаўшы дарослымі, яны для падкрэслівання свайго сацыяльнага поспеху імкнуцца абрасці дарагімі рэчамі. Мы жывем у час спажывання. Рэдка хто з людзей, якія маюць дастаткова грошай, адмовіцца ад чарговай пары красовак або новай дарогай сумкі. Па статусе належыць!
Вернемся да падарункаў. Вельмі часта бацькі лічаць, што марнаваць вялікую суму на падарунак дзіцяці — гэта праява любові і клопату. Яны завальваюць сваіх дзяцей дарагімі падарункамі, а тыя падрастаюць, і пачынаюць ужо патрабаваць новыя рэчы. Апетыты растуць, і надыходзіць момант, калі бацькі ўжо не здольныя задаволіць патрэбы свайго дзіцяці. Тады пачынаюцца праблемы.
Калі вы збіраецеся падараваць дзіцяці нешта вельмі дарагое, то адкладзіце на некаторы час куплю і сумленна адкажыце сабе на пытанне: «Навошта я гэта раблю?»
Шмат хто з нас рос у часы дэфіцыту тавараў і ва ўмовах недахопу грошай, таму, купляючы дарагія падарункі, мы як бы ажыццяўляем свае дзіцячыя мары.
Бывае, што дарагімі падарункамі мы кампенсуем тую ўвагу, якую недаатрымлівае дзіця з-за вечнай нашай занятасці на працы. У нашым грамадстве шмат працаваць — сацыяльна ўхваляецца. А вось праводзіць час са сваёй сям’ёй — такога ўхвалення і блізка няма, гэта «дармаедствам» патыхае. З-за пачуцця віны бацькі заробленыя грошы марнуюць на каштоўныя падарункі. А што, можам сабе дазволіць, гэта ж я для дзяцей стараюся!
Часцяком тое, што падарыць дзіцяці, дыктуе мода. Маркетолагі імкнуцца выклікаць у бацькоў пачуццё, што дарагія падарункі дадуць магчымасць дзіцяці адчуваць сябе камфортна ў асяроддзі аднагодкаў. А мы ж любім сваіх дзяцей! І як нам дазволіць, каб нашае дзіця зайздросціла іншым? Хай і ў яго будзе! І не важна, што гэта можа каштаваць адзін, а то і два месячныя заробкі.
І дзіця прывыкае атрымліваць усё самае лепшае і дарагое. А калі бацькі раптам заўважылі, што запыты дзіцяці ім ужо не па кішэні, пачынаецца — слёзы, соплі і дрэнныя паводзіны. Прасцей купіць, чым перавыхаваць?
Бывае, што дзіця жыве з адным з бацькоў, а другі дорыць дарагія падарункі, каб перацягнуць малое на свой бок. Ну і, вядома, нашы дарагія і горача любімыя бабулі і дзядулі. Для любімай унучкі з пенсіі могуць дазволіць сабе раз у год буйныя прэзенты. Будуць эканоміць, збіраць, але ўсё ж хай і мае ўнук ці ўнучка пацешацца!
Я ніякім чынам не хачу сказаць, што дзецям нельга дарыць дарагія падарункі. Але я затое, каб гэтыя падарункі былі аплачаныя нейкімі намаганнямі з боку дзіцяці. І, вядома, важна ўлічваць інтарэсы дзіцяці, абгаворваць іх загадзя.
Калі вы хочаце выпрацаваць ў дзіцяці нейкія навыкі паводзінаў, то паспрабуйце скласці з ім кантракт, дамову паводзінаў. Напрыклад, калі дзіця павысіць паспяховасць па прадметах на нейкую колькасць балаў, то атрымае падарунак. Само сабою зразумела, што гэта не павінна быць проста шакаладка ці нейкая дробная цацанка. Калі рэч нязначная для дзіцяці, то наўрад ці яна будзе матываваць яго на подзвігі і працу над сабою.
І тут ёсць пэўныя правілы. Такі кантракт абавязкова павінен быць запісаны на паперы. У ім павінны быць прапісаныя вашыя патрабаванні, крытэрыі, па якіх вы будзеце ацэньваць выкананне абавязацельстваў. Таксама неабходна напісаць, на які тэрмін заключаецца дамова — на лета, на адну вучэбную чвэрць і гэтак далей. Калі дзіцяці не ўмее чытаць, дамова ўсё роўна складаецца пісьмова, але суправаджаецца зразумелымі ілюстрацыямі (маляваць іх — асобны цікавы занятак). Усе палажэнні дамовы павінны быць сфармуляваныя дакладна і адназначна. Калі «дзіця павінна рабіць ўрокі», то абавязкова ўдакладніць, калі, як, у якім аб’ёме, і што будзе з’яўляцца канчатковым крытэрам.
Напрыклад, фраза «рабіць урокі кожны дзень пасля школы» не тлумачыць, па якіх крытэрах будзе ацэньвацца вынік. А вось «зрабіць усе заданні, якія зададзеныя ў гэты дзень, сесці за ўрокі не пазней 15:00 і скончыць не пазней 17:00» — размова іншая. Варта дадаць, што, безумоўна, заданні павінны быць зробленыя без памылак і ўказаць, хто менавіта ажыццяўляе кантроль якасці.
І абавязкова прапісаць тыя наступствы, якія атрымае дзіця пасля выканання сваіх абавязальніцтваў. Яны павінны быць суразмерныя і адэкватныя выдаткаваным дзіцём намаганням. Усе абавязацельствы з боку дарослых павінны быць апісаныя таксама выразна і адназначна, як і абавязацельствы дзіцяці. І гэтак жа важна дамовіцца, як будуць фіксавацца вынікі: магчыма гэта будзе нейкі чэк-ліст, дзе бацькі будуць адзначаць, што зроблена, і якасць выканання. Або дзіця можа атрымліваць жэтоны за выкананую працу, а потым абмяняць іх на прыз. І, вядома ж, дамова павінна быць падпісаная ўсімі яе ўдзельнікамі. Гэта абавязкова.
Дамова павінна выконвацца няўхільна. Калі атрымліваецца так, што бацькі па нейкіх прычынах не могуць выканаць свае абавязацельствы, гэтую сітуацыю неабходна абмеркаваць з дзіцём і даць яму выбар: альбо ён атрымае свой падарунак пазней, альбо заменіць на іншы, даступны ў дадзеных абставінах.
Сучасныя дзеці прывыклі атрымліваць усё і адразу. Але ў жыцці так будзе не заўсёды, і, як правіла, не бывае ўвогуле. Таму трэба прывучаць дзяцей, чакаючы цуду, прыкладаць намаганні для таго, каб ён адбыўся. І калі кантракт выкананы цалкам, радавацца разам з імі і ганарыцца тым, што дзіця паставіла перад сабою мэту — і змагло яе рэалізаваць. Гэта навучыць нашых дзяцей правільна ставіць мэты, планаваць крокі па іх дасягненні, адсочваць і карэктаваць вынікі. А самае галоўнае — працаваць.
І няхай нашыя дзеці атрымліваюць заслужаныя падарункі!
*****
Таццяна Говар — педагог-псіхолаг, аўтар праекта «Школа для падлеткаў “Знайдзі сваю справу”» і трэнінгу па навучанні бацькоў метадам пазітыўнага выхавання «Супермаці, супертата».
Аўтарка шэрагу артыкулаў пра пазітыўнае выхаванне ў «Новым Часе».