Сапраўдныя цуды і дзе яны жывуць

Распавядаем па сакрэту.

bc115284382a7cf2d47010aaefd78eef_thumb_1920x0__1_.jpg

Прыемная мітусня, калядныя хіты ў кожнай краме, каляровыя гірлянды, школьнікі з падарункавымі наборамі цукерак. Мы ўсе, хто так спяшаецца выбраць усім сябрам ды блізкім падарункі, павіншаваць, нагатаваць смачных страваў, распланаваць карпаратывы… За што мы любім Новы год? І за падарункі, і за святочнасць, і за выходныя, у рэшце рэшт. Але галоўным чынам за гэтае глыбока дзіцячае чаканне цудаў, якое ўсё роўна суправаджае нас усё жыццё, аднойчы пасяліўшыся ў душы, насуперак празаічнай рэальнасці. Хаця б раз на год павінны здарацца цуды! Мяркуем, хоць аднойчы і вы так думалі, але ці задумваліся, на якія цуды вы здольныя самі? Мы з задавальненнем падкажам.
Яшчэ роўна адна нядзеля засталася да Новага года, і ў гэтую нядзелю, як і кожную нядзелю ўжо два гады, у далёкім і прыгожым кутку нашай радзімы неабыякавыя жыхары збяруцца на цэнтральнай плошчы. Берасцейцы няспынна бароняць свой горад ад экалагічнай катастрофы і працягваюць змагацца супраць акумулятарнага завода, які быў пабудаваны і нават некаторы час працаваў. Актывісты неслі варту ўночы, каб фіксаваць працу шкоднага прадпрыемства, сутыкаліся з ціскам і судамі, але і здабылі пэўныя перамогі. На жаль, апошняя кропка ў гэтай гісторыі яшчэ не пастаўлена, і людзі працягваюць збірацца ў горадзе па нядзелях, нават узімку. Згадзіцеся, выключны прыклад салідарнасці і ўпартай барацьбы ў нашай краіне. То чым не нагода падтрымаць іх? Зрэшты, як даўно вы не былі ў Берасці? А можа, ніколі? Зладзьце сабе добрую вандроўку і падарыце суграмадзянам сваю салідарнасць. Няхай у апошнюю нядзелю года на плошчы будзе не пара сотняў чалавек, а пара тысяч.

20180429_ber_mityng_zavod_07_khar.jpg

Нават калі ў вас вялікая сям’я, а пагатоў калі вам самотна, у Новы год вы можаце крочыць у новай добрай кампаніі. Вы можаце падарыць сабе сябра! Які будзе верны і пяшчотны і будзе любіць вас аддана і горача. Канешне ж, мы маем на ўвазе хатняга гадаванца, якога вы можаце выбраць дзякуючы нашай серыі матэрыялаў альбо ўзяць з прытулка. Выратаваўшы адно маленькае жыццё, вы не толькі зробіце высакародны ўчынак, але і атрымаеце шмат гадоў любові, радасці і вясёлых прыгодаў.

md2ery3eor8_logo_1.jpg

Некаторыя людзі сустрэнуць Новы год за кратамі, а не за вясёлым сталом. У халодных камерах, а не ў цёплым коле сяброў і родных. Удзельнікі і арганізатары акцый за незалежнасць Беларусі былі асуджаныя гэтымі днямі на суткі: Павел Севярынец, Алесь Чахольскі, Стас Шашок, Леанід Кулакоў, Максім Вінярскі, Яўген Афнагель, Дзяніс і Максім Урбановічы, Алена Талстая... Даслаўшы ім віншавальныя паштоўкі, вы дапаможаце адчуць падтрымку і лягчэй перанесці гэтае несправядлівае пакаранне. Адрас: 1шы завулак Акрэсціна, 36а, Мінск, 220089.

sieviaryniec4_2ib2m.jpg

Дарэчы, абарона незалежнасці — гэта тое, што можна рабіць не толькі на вулічных акцыях. Кожны з нас у кожны дзень свайго жыцця можа рабіць нешта, каб умацоўваць незалежнасць краіны і спрыяць развіццю ды адраджэнню. Пачніце Новы год (а можна і не чакаць яго) з новымі дзеямі па абароне краіны і беларускай мовы. Размаўляйце па-беларуску, аддавайце дзяцей у беларускамоўныя садкі ды школы, падтрымлівайце добрыя праекты, глядзіце фільмы і чытайце кнігі на беларускай мове, слухайце беларускую музыку.


А таксама падтрымлівайце беларускія газеты — добрую беларускую газету «Новы Час», якая штотыдзень рыхтуе для вас самае цікавае і актуальнае. Аформіць падпіску можна ў аддзяленнях Белпошты з любога месяца: падпісны індэкс 63279. Падпісаўшы на «Новы Час» сяброў і родных, вы зробіце ім прыемны падарунак на святы. А мы рады ад усяго сэрца павіншаваць вас з гэтымі святамі!


Цяпло ўзаемападтрымкі і дабрыні сагрэе ў любыя зімовыя маразы. Сапраўдныя цуды насамрэч жывуць у вашых сэрцах. Разбудзіце іх!