Вялікабрытанія. Галасуй з жывёлай!

Апошнія выбары ў брытанскі парламент запомніліся не толькі трыумфам кансерватараў пад кіраўніцтвам Борыса Джонсана.

2019_12_12t095148z_984147549_rc2ltd9ko0wz_rtrmadp_3_britain_election.jpg.jpg

Прэса адзначае, што на гэтых выбарах вельмі модна стала прыходзіць галасаваць у кампаніі са сваімі хатнімі гадаванцамі.

Не застаўся ўбаку ад флэшмобу і сам прэм’ер Джонсан, які заявіўся на выбарчы ўчастак з сабакам Дзілін. З сабакам прыйшоў галасаваць і лонданскі мэр-лейбарыст Садзік Хан. 

На поўдні Англіі бачылі двух выбаршчыкаў, якія прыехалі галасаваць на конях. А адзін з лідараў апазіцыйнай партыі ліберал-дэмакратаў вырашыў выканаць грамадзянскі абавязак разам са сваёй марской свінкай. 

Мода галасаваць з жывёламі таксама спрыяла яўцы выбаршчыкаў. «Забудзьцеся пра палітыку, вось сапраўдная прычына, каб сёння ўвайсці ў Twitter», — напісаў нейкі выбаршчык у допісе з фатаграфіяй свайго голдэн рэтрывера. 

Застаецца дадаць, што палітычная сітуацыя ў краіне застаецца нестабільнай і нельга выключаць хуткія новыя датэрміновыя выбары. На іх мы пабачым, ці стане новай традыцыяй у Брытаніі мода галасаваць з жывёламі.

Паводле брытанскай прэсы