«Права вета» сілавікоў і кадравы крызіс. Чаму КДБ вырашае, каго браць на працу?
Цяпер на кожным дзяржаўным прадпрыемстве ёсць свае наглядчыкі ад сілавых структур, без дазволу якіх кіраўнікі не могуць наймаць работнікаў. Чаму сілавікі праводзяць гэтую праверку і што ўплывае на яе вынік?
![Ілюстрацыйная выява «НЧ» Ілюстрацыйная выява «НЧ»](/img/v1/images/fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas3_logo.jpg.crdownload?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ілюстрацыйная выява «НЧ»
Беларусаў часцяком не бяруць на працу зусім не з-за прафесійных або дзелавых якасцей, не таму, што яны схільныя да парушэнняў працоўнай дысцыпліны, а зусім па іншых крытэрах. Па якіх — разбіраліся журналісты «BGmedia».
Парадокс, але ва ўмовах вострага недахопу працоўных рук суіскальнікі вакансій ва ўстановах і кампаніях з дзяржаўным удзелам вымушаныя праходзіць так званы тэст на лаяльнасць у адпаведных органах. Праходзяць яго далёка не ўсе. А так званыя сілавікі атрымалі права блакаваць працаўладкаванне нават на малазначныя пасады.
Журналісты брэсцкага выдання пагаварылі з некалькімі жыхарамі Брэстчыны, якія аказаліся ў падобных сітуацыях. Усе яны кажуць, што не змаглі ўладкавацца на працу ў дзяржустановы і на прадпрыемствы з доляй дзяржавы, паколькі не прайшлі праверку ў КДБ. Прычын адмовы ніхто не называе, а іх патэнцыйны працадаўца толькі атрымлівае ад органаў кароткі адказ — «так» ці «не».
«Права вета» ў камітэта
Ірына* цяпер працуе прадаўцом на рынку. Яшчэ два месяцы таму брэстаўчанка спрабавала ўладкавацца санітаркай у адну з гарадскіх паліклінік. Але не прайшла праз фільтр Камітэта дзяржбяспекі. Ёй адмовілі, не тлумачачы чаму.
— У аддзеле кадраў мне сказалі, што нават галоўны лекар без санкцый КДБ не мае права нікога ўзяць. Хоць я дакладна ведаю, што санітаркі патрабуюцца, іх не хапае. У маім выпадку праверка заняла каля двух тыдняў. Хоць могуць правяраць і паўтара-два месяцы. Ад чаго гэта залежыць, не ведаю. Але я не прыцягвалася ні па якіх артыкулах. Так, была падпісаная на некаторыя каналы, якія цяпер называюць «экстрэмісцкімі». У 2020 годзе многія цікавіліся палітыкай. Ніхто ж тады не ведаў, што будзе далей. Паступова мая цікавасць да гэтага ўсяго згасла, жыццё дыктуе сваё. Але ніякіх супрацьпраўных дзеянняў я дакладна не здзяйсняла.
Глядзіце таксама
![Колькасць занятых у эканоміцы знізілася на 500 тыся чалавек у параўнанні з 2010 годам Мінус 500 тысяч чалавек за 13 год: сітуацыя занятасці ў беларускай эканоміцы](/img/v1/images/_belarus_minsk_handal_ekanomika_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2___1__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Падобная праблема, на жаль, назіраецца ў шэрагу галін, уключаючы вытворчасць, адукацыю, навуку, культуру, ахову здароўя. Так, паводле даных Дзяржаўнай службы занятасці, толькі ў сістэме аховы здароўя Брэста патрабуецца каля ста лекараў, 135 медыцынскіх сясцёр, 24 фельчары і 104 санітары. Усяго — 368 адкрытых вакансій. Гэта ў тры разы больш, чым год таму.
Падобная гісторыя ў жыхара Брэсцкага раёна Мікалая*, які хацеў уладкавацца на адно з прадпрыемстваў лясной гаспадаркі.
— Я спытаў кіраўніка гэтай гаспадаркі, прычым тут КДБ і якую пагрозу я, будучы простым дрывасекам, магу ўяўляць для нацыянальнай бяспекі дзяржавы. Той толькі паціснуў плячыма і выказаў здагадку: можа, яны баяцца, што вы даведаецеся якую-небудзь сакрэтную інфармацыю і станеце яе распаўсюджваць. Мне здаецца, ён гаварыў пра гэта з іроніяй. Але бацькі мне расказвалі, што нават у савецкія часы, пры Брэжневе, да такога абсурду не даходзіла. Тады правяралі на «вашывасць» толькі кандыдатаў на высокія кіруючыя пасады. Звычайных рабацяг гэта ніяк не тычылася.
Не прайшоў праверку на «вернасць партыі ўлады» і яшчэ адзін брэстаўчанін Дзмітрый*.
— Аднаму з прадпрыемстваў восьмага будаўнічага трэста патрэбны быў прараб. Яны размясцілі вакансію ў адкрытым доступе. А ў мяне досвед працы без малога трыццаць гадоў. Начальнік усяляк прасіў прабачэння, гаварыў, што з задавальненнем бы ўзяў нават з падвойным акладам. Добрых спецыялістаў днём з агнём не знайсці, а будаваць трэба, як ні круці. Але кіраўнік цяпер без намесніка па бяспецы кроку ступіць не можа. А ў мяне шлейф яшчэ з дваццатага года цягнецца. Меў неасцярожнасць... нават не ўдзельнічаць, а проста быць іншым назіральнікам, калі ў Брэсце карагоды вадзілі (гаворка пра падзеі 13 верасня 2020-га, калі ў цэнтры горада брэстаўчане зладзілі карагод, а ўлады назвалі гэта «несанкцыянаванай акцыяй», пасля чаго больш за сотню чалавек былі прысуджаныя да розных тэрмінаў абмежавання і нават пазбаўлення волі). Відаць, трапіў у «чорны спіс» як нядобранадзейны элемент.
Дарэчы, Дзмітрый тыдзень таму выехаў у Польшчу і ўладкаваўся там у будаўнічую кампанію з заробкам блізу 2000 еўра.
«Чысты перад рэжымам, але спецыяліст так сабе»
«BGmedia» пагутарылі на ўмовах ананімнасці з супрацоўнікам кадравай службы аднаго з прадпрыемстваў Брэста. Вось як ён ахарактарызаваў сітуацыю, якая склалася на рынку працы:
— Тое, што спецыялістаў не хапае, яшчэ мякка сказана. Мы ўпершыню за 25 гадоў вымушаныя сур'ёзна скарачаць штат і вытворчасць не праз тое, што бюджэт не дазваляе. Наадварот, прадпрыемства вельмі мае патрэбу ў кадрах — гэта тычыцца і рабочых спецыяльнасцей, і тых жа праграмістаў, і кіраўнікоў аддзелаў. Але ўсіх суіскальнікаў, ад прыбіральшчыцы да дырэктара, патрабуюць цяпер прапускаць праз сіта органаў дзяржбяспекі. Не праходзіць яго адсоткаў 35-40, часам нават палова. Многіх з тых, хто не прайшоў, я ведаю асабіста, або, правёўшы сумоўе, магу ацаніць іх дзелавыя якасці на высокім узроўні. А прымаць даводзіцца далёка не заўсёды ў адпаведнасці з гэтымі параметрамі. То-бок чалавек можа быць «чыстым» з пункту гледжання КДБ, але як спецыяліст, мякка кажучы, не вельмі. Мы ж яго вымушаныя браць проста таму, што ў нас няма выбару. Потым яшчэ доўга яго навучаць, а часам даводзіцца звальняць па прычыне прафнепрыдатнасці.
Глядзіце таксама
![Дэфіцыт кадраў у Беларусі У краіне дэфіцыт кадраў: звальненняў больш, чым працаўладкаванняў](/img/v1/images/_belarus_zyccjo_praca_ljudzi_ekanomika_2024_fota_novy_czas_logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Тэст на адданасць рэжыму сёння ў аснове пры прыёме на працу, асабліва ў дзяржаўныя ўстановы і дзяржкампаніі. І наўрад ці сітуацыя тут кардынальна зменіцца найбліжэйшым часам, калі ўлады ўжо пачалі падрыхтоўку да так званых прэзідэнцкіх выбараў 2025 года. Лаяльнасць у працоўных калектывах для рэжыму цяпер значна важней за прафесіяналізм асобных работнікаў і іх здольнасць прынесці канкрэтную карысць бізнесу.
«Чорныя спісы» перашкаджаюць развіццю эканомікі
Каля 75% працадаўцаў лічаць, што дэфіцыт кадраў застанецца асноўнай праблемай рынку працы Беларусі ў 2024 годзе. Такі галоўны вынік апытання, праведзенага сайтам па пошуку працы rabota.by.
У апытанні прынялі ўдзел 183 прадстаўнікі кампаній-наймальнікаў, з якіх амаль кожны другі — спецыяліст па падборы персаналу. Так, у топ-3 найбольш распаўсюджаных знешніх прычын увайшлі: працоўная міграцыя, адсутнасць спецыялістаў з патрабаванымі навыкамі і «дэмаграфічная яма».
На думку эканаміста Льва Львоўскага, змякчыць сітуацыю з дэфіцытам кадраў дапамаглі б такія меры з боку ўладаў, як адмова ад далейшых рэпрэсій і ад так званых «чорных спісаў» работнікаў. Гэта значыць, з аднаго боку, варта было б перастаць звальняць людзей за палітыку, а з другога — не адмаўляць ім у працаўладкаванні праз тое, што яны ўдзельнічалі ў мірных мітынгах, адбывалі арышт, данацілі ў непажаданыя для ўладаў структуры або падпісваліся на так званыя «экстрэмісцкія рэсурсы».
Між тым, паводле стану на 1 чэрвеня 2024 года, незанятых вакансій па краіне ўжо 145 тысяч. Недахоп кадраў перашкаджае развіццю эканомікі Беларусі, гавораць не толькі незалежныя эксперты. Пра праблему сталі адкрыта заяўляць і чыноўнікі. Яны прызнаюць, што дэфіцыт працоўных рук зніжае патэнцыйныя магчымасці росту ВУП. А ў якасці шляху вырашэння праблемы прапануюць... вярнуць у краіну тых, хто выехаў у Еўропу.
Глядзіце таксама
![Польскі суддзя Томаш Шмыт -- рэдкая ўдача для беларускіх спецслужбаў Бяспройгрышная латарэя беларускіх спецслужбаў](/img/v1/images/khalodnaja_vaina_bk_novy_chas__17_.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1716018246&w=660)
Так, намесніца міністра эканомікі Таццяна Бранцэвіч падчас круглага стала ў газеце «Рэспубліка» ўзняла пытанне абвастрэння кадравага дэфіцыту на рынку працы.
— Нашы людзі адукаваныя, працавітыя, талерантныя, законапаслухмяныя і выканаўчыя. І нашы еўрапейскія суседзі не асабліва хочуць бачыць у сябе гасцей з Афрыкі ці Блізкага Усходу, але шырока адчыняюць дзверы для беларусаў, — сказала намесніца міністра.
Прапановы вярнуць спецыялістаў, якія з'ехалі за мяжу, хаця б для частковага вырашэння праблем на рынку працы гучаць і ў Міністэрстве эканомікі. Але як гэта зрабіць, ніхто публічна не гаворыць, бо гэта можа не спадабацца дыктатару Лукашэнку і яго апрычнікам з КДБ і іншых сілавых структур.
* Імёны герояў змененыя