Хронікі рэпрэсій за 23 ліпеня: гісторык Ігар Мельнікаў паўгады за кратамі

Сутнасць абвінавачвання ў дачыненні да гісторыка, кандыдат гістарычных навук Ігара Мельнікава невядомая. Чарговы масавы «хапун» у Баранавічах — затрымалі адразу пяць чалавек. Вайсковага аналітыка Ягора Лебядка змяшчалі на 10 сутак у ШІЗА.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1.webp
  • Стала вядома пра арышт гісторыка Ігара Мельнікава: ён за кратамі ўжо паўгода

Сутнасць абвінавачвання ў дачыненні да гісторыка, кандыдат гістарычных навук Ігара Мельнікава невядомая.Сітуацыя з гісторыкам, гідам-рэканструктарам Ігарам Мельнікавым даволі тыповая для цяперашняй Беларусі. Дакладна вядома, што ён арыштаваны і ўтрымліваецца ў СІЗА, але няма канкрэтыкі ні наконт даты затрымання, ні наконт таго, у чым абвінавачваюць Мельнікава, паведаміла Наша Ніва.

Апошняя актыўнасць Мельнікава ў інстаграме была 21 студзеня 2024 года. Неўзабаве гісторык знік: яго затрымалі, і, хутчэй за ўсё, з сутак ён так і не выйшаў.

Калі б Мельнікава затрымлівалі па «народным» артыкуле 342 КК, то справу даўно перадалі б у суд. Тут жа сітуацыя, відавочна, больш складаная. Да некаторых прыяцеляў Мельнікава даходзіла інфармацыя, што гісторыка ўтрымліваюць у СІЗА КДБ. Дзе ён цяпер — не вядома.

Мельнікаў спецыялізаваўся на вайсковай гісторыі і гісторыі перыяду знаходжання Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы (1921-1939). Ён выдаў паўтара дзясяткі кніг па тэме Заходняй Беларусі.

За некалькі тыдняў да арышту Мельнікаў напісаў: «Рыхтую да друку новую кнігу «Прыступіць да ліквідацыі». Новае выданне — гэта ўнікальныя факты па гісторыі барацьбы савецкіх міліцыянераў і чэкістаў супраць былых нацысцкіх памагатых і калабарацыяністаў у першыя пасляваенныя гады. «Прыступіць да ліквідацыі» — гэта лагічны працяг маёй папярэдняй кнігі «Калабарацыянізм. Анатомія здрады». Спадзяюся выдаць кнігу да Дня беларускай міліцыі — 4 сакавіка», — пісаў Мельнікаў за некалькі тыдняў да арышту. Выглядае, што кніга так і не выйшла.

Мельнікаў пакуль не прызнаны палітвязнем, але перадусім таму, што праваабаронцы нідзе публічна не абвяшчалі факт яго пераследу. Аднак няма сумневаў, што калі стане вядомым, па якіх артыкулах абвінавачваюць Мельнікава, то ён атрымае статус палітзняволенага.

  • Вайсковага аналітыка, палітвязня Ягора Лебядка змяшчалі на 10 сутак у ШІЗА

Нагадаем, суддзя Алена Міснік прызначыла палітвязню 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Згодна з матэрыяламі справы, Лебядок «у мэтах забеспячэння дзейнасці публічнага дэструктыўнага канала, інфармацыйную прадукцыя якога суд прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі, даў інтэрв'ю прадстаўніку названага канала на тэму правядзення ўзброенымі сіламі РФ спецыяльнай ваеннай аперацыі на тэрыторыі Украіны і ролі ў ёй Беларусі».

Ягор адбывае свой тэрмін у івацэвіцкай калоніі. Паводле інфармацыі @MAYDAYMog, нядаўна палітвязень мінімум 10 сутак адбыў у штрафным ізалятары.

  • Сілавікі прыйшлі да родных вядучых TikTok-акаўнтаў «Люстэрка» — з імі запісалі «палонныя відэа»

Паведамляецца, што ў дачыненні да вядучых узбуджаны шэраг дадатковых крымінальных спраў. Таксама былі праведзены ператрусы і накладзены арышты на маёмасць.


  • Падрабязнасці пераследу ілюстратаркі, якую асудзілі да 6 гадоў калоніі за данаты

Аказваецца, дзяўчына мела паперу ад КДБ, але затрымалі на мяжы. 

У Брэсцкім аблсудзе 17 ліпеня вынеслі жорсткі прысуд 38-гадовай ілюстратарцы Наталлі Левай. За данаты суддзя Мікалай Сенько прызначыў ёй 6 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

«Наша Ніва», спасылаючыся на допісы ў сацсетках знаёмых Наталлі, паведаміла падрабязнасці яе пераследу. Вядома, што Наталля жыла некаторы час у Польшчы і працавала 2D-мастачкай і мастачкай-пастаноўшчыцай. У снежні 2023-га Наталля звольнілася і вырашыла вярнуцца на радзіму. 

Чалавек, знаёмы з сітуацыяй, напісаў у сацсетках, што калегі адгаворвалі жанчыну вяртацца дадому, але яна сказала, што моцна сумуе па радзіме ды ўжо сплаціла ў кратным памеры данаты за 2020-ы і мае паперу ад КДБ. 

Але — нагадваюць правабаронцы — такая папера ад КДБ не мае юрыдычнай моцы. 

Наталлю затрымалі на мяжы. Звесткі пра ахвяраванні маглі знайсці ў яе банкаўскай праграме, асабістых перапісках, праграме для куплі крыптавалютаў, фота ці памяці тэлефона.

  • Сёння пачынаюць судзіць чарговую айцішніцу, якая вярнулася дадому з Польшчы

Лізавеце Макрыдзінай 25 гадоў. Родам яна з Гродна, скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «камп'ютарная бяспека». Ужо пасля другога курса яна пайшла працаваць праграмісткай у кампанію SENLA, але пасля перавучылася на бізнэс-аналітыка. Нядаўна дзяўчына пераехала ў Польшчу, імаверна, пасля вайны.

Лізавету затрымалі пасля таго, як яна вярнулася ў Беларусь. У профілі Linkedin яна апошні раз нешта лайкала тры месяцы таму.

Працэс над Лізаветай пачаўся сёння ў судзе Кастрычніцкага раёну Гродна. Дзяўчыну вінавацяць па «народным» 342-м артыкуле КК за ўдзел у пратэстах, ёй пагражае да трох гадоў калоніі. Судзіць Макрыдзіну будзе Уладзімір Пазняк.


  • Завочна судзяць полацкага бізнесмена Уладзіміра Захарава

Сёння ў Віцебскім абласным судзе распачынаецца разгляд справы полацкага бізнесмена Уладзіміра Захарава. Суд адбываецца ў межах спецвытворчасці. 

Уладзіміру інкрымінаваныя ч. 3 арт. 243 КК (Ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў), ч. 2 арт. 243-1 КК (Ухіленне ад выканання абавязкаў падатковага агента па пералічэнні падаткаў, збораў), ч. 1 арт. 243-3 (Ухіленне ад выплаты страхавых узносаў), арт. 369-1 (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).

Справу разглядае Андрэй Прэйс.

  • Чарговая псіхолага-псіхіятрычная экспертыза Паліны Шарэнда-Панасюк, верагодна, скончылася

Пра гэта напісаў у Facebook муж Паліны.

«Паліны ўжо няма ў Цэнтры судовых экспертызаў у Навінках. Экспертыза скончылася, так і не пачаўшыся. Магчыма, Паліну этапавалі адтуль яшчэ на мінулым тыдні. Мы так і не паспелі перадаць ёй туды прадукты, неабходныя рэчы і лекі. Мы не ведаем, дзе яна зараз знаходзіцца, і які стан яе здароўя».

Нагадаем, два разы жанчыну адпраўлялі на экспертызу ў РНПЦ псіхічнага здароўя. Гэта было перад яе першым судом у 2021 годзе, а потым пасля спробы Паліны адмовіцца ад беларускага грамадзянства. Яшчэ адна такая экспертыза праводзілася наўпрост у следчым ізалятары. Цяпер актывістку ў чацвёрты раз адправілі на экспертызу.

Палітзняволеная мусіла выйсці на волю 21 траўня, але за два дні да гэтага яе этапавалі ў СІЗА у межах новай крымінальнай справы паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі).

  • Чарговы масавы «хапун» у Баранавічах — затрымалі адразу пяць чалавек

Усіх іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў паслявыбарчай акцыі пратэсту 9 жніўня 2020-га году.

Паводле інфармацыі @mediazona_by, сярод затрыманых Максім Громаў, Аляксей Пашкевіч і Аліна Сівец.