Хронікі рэпрэсій за 22 ліпеня: выйшаў на волю Мікалай Казлоў, ілюстратарцы з Брэста вынеслі суровы прысуд
З дапамогай праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі інфармацыю пра палітычны пераслед на сённяшні дзень.

***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1348 дзён, Дзяніс — 1228.
***
Выйшаў на волю старшыня АГП Мікалай Казлоў. Пра гэта піша «Наша Ніва».
Мікалай Казлоў прабыў за кратамі крыху менш за два гады. Яго тэрмін павінен быў скончыцца 22 кастрычніка 2024 года, але яго вызвалілі раней, бо ў тэрмін былі залічаны тры месяцы арышту па іншай крымінальнай справе, па якой ён адбываў пакаранне на пачатку 2022 года.
***
Асуджаны да смяротнага пакарання Рыка Крыгер прызнаны вінаватым у «падрыве» на станцыі Азярышча. На судзе мужчына ад дачы паказанняў адмовіўся, піша «Медыязона» са спасылкай на прапагандысцкую газету «Беларусь сегодня».
Паводле інфармацыі выдання, у Беларусь Крыгер прыехаў турыстам з тэлефонамі і беспілотнікам 2 кастрычніка 2023 года. Ад СБУ ён нібыта атрымаў заданне правесці ў Асіповічах выведку і сфатаграфаваць вайсковыя аб'екты.
4 кастрычніка Крыгер сфатаграфаваў тэрыторыю в/ч 97115 і ваенную тэхніку. На наступны дзень — участак чыгуначных шляхоў, вагоны, пагрузачна-разгрузачную платформу побач са станцыяй Азярышча.
Пасля гэтага, пішуць прапагандысты, немец атрымаў каардынаты і фота тайніка з самаробным выбуховым прыстасаваннем, а таксама інструкцыю, як усталяваць яго на чыгунцы. Тайнік Крыгер знайшоў у лесапасадцы ў Першамайскім раёне Мінска, пад апорай ЛЭП. Перавёз выбухоўку і ўсталяваў яе на чыгуначных шляхах станцыі. Пасля гэтага адправіўся ў гасцініцу.
Выбух адбыўся 5 кастрычніка а 23:22. Паводле інфармацыі аднаго са сведак, 6 кастрычніка на шляху, дзе заклалі выбухоўку, павінна была грузіцца ваенная тэхніка.
Крыгера затрымалі 6 кастрычніка. У гэты дзень ён планаваў паляцець у Баку. На судзе мужчына прызнаў сябе вінаватым толькі па адным артыкуле — «Агентурная дзейнасць».
Напрыканцы чэрвеня Мінскі абласны суд прысудзіў Рыка Крыгера да смяротнага пакарання, яго судзілі па шасці крымінальных артыкулах.
***
У Лідзе затрымалі ўладальніка кавярні «Тутака», піша «Вясна». Пра гэта паведамілі 20 ліпеня праўладныя тэлеграм-каналы.
Сцвярджаецца, што прычына затрымання — «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».
***
Суд Ленінскага раёна Магілёва 21 чэрвеня прысудзіў былога палітвязня Паўла Белаголава да пазбаўлення волі за «паклёп» у дачыненні да Лукашэнкі.
Паводле матэрыялаў справы, у лістападзе 2020 года Белаголаў пакінуў пад адным з ролікаў на YouTube негатыўны каментар у бок Лукашэнкі, паведамляе «Салідарнасць» са спасылкай на праваабаронцаў.
На думку дзяржаўнай абвінаваўцы Алены Ісакавай, якая раней неаднаразова ўдзельнічала ў палітычных працэсах, каментар утрымліваў «загадзя ілжывыя выдумкі, якія ганьбяць прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, < ... > злучаныя з абвінавачаннем у здзяйсненні асабліва цяжкага злачынства, накіраваныя на падрыў яго аўтарытэту і фармаванне яго негатыўнага вобразу».
Суддзя Таццяна Рахманенка палічыла віну Паўла Белаголава даказанай і прысудзіла яго да 3 гадоў і 4 месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. У гэты тэрмін увайшоў таксама перыяд «неадбытага пакарання» пасля папярэдняга палітычнага прысуду.
***
Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў відэа з затрыманым за ўдзел у пратэстах брэстаўчанінам, паведамляе «Медыязона». На ім мужчына кажа, што 10 жніўня 2020 года знаходзіўся на праспекце Машэрава сярод мітынгоўцаў і выйшаў на праезную частку. Паводле яго, людзі нецэнзурна лаяліся на адрас міліцыі і кідалі палкі.
У якім статусе знаходзіцца затрыманы і па якім артыкуле яго абвінавачваюць — невядома.
***
У Брэсцкім абласным судзе 17 ліпеня вынеслі суровы прысуд 38-гадовай ілюстратарцы Наталлі Левай. За данаты суддзя Мікалай Сянько прызначыў жанчыне 6 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна».
Акрамя гэтага, яе аштрафавалі на 1 000 базавых велічынь (40 тысяч рублёў) — менавіта такое пакаранне запытала на судзе дзяржаўнае абвінавачванне. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.
Паводле версіі абвінавачвання, якую агучыла прэс-служба Генеральнай пракуратуры, Наталля Левая ў 2021-2022 гадах перавяла на банкаўскія рахункі і віртуальныя кашалькі, «якія знаходзіліся ў карыстанні прадстаўнікоў экстрэмісцкіх фарміраванняў, у тым ліку ўзброеных, напрыклад, "Полк Каліноўскага", грашовыя сродкі і крыптавалюту ў агульнай суме не менш за чатыры тысячы і чатырыста рублёў (на сёння гэта блізу 1 275 еўра)».
Наталлю Левую прызналі вінаватай па наступных артыкулах: ч. 2 арт. 361-1 («Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці»), ч.2 арт. 361-3 («Фінансаванне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях») і арт. 361-2 («Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання»).
***
Начальніцу аддзела сацыяльнага развіцця і карпаратыўнай эстэтыкі Мазырскага НПЗ Лілію Драгель будуць судзіць паводле адміністрацыйнага артыкула аб «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў», піша выданне «Флагшток» са спасылкай на расклад пасяджэнняў на сайце Вярхоўнага суда.
У тым, што будуць судзіць менавіта начальніцу аддзела МНПЗ, сумневаў няма — «Кіберпартызаны» пацвердзілі «Флагштоку», што ў Мазырскім раёне ёсць толькі адзін чалавек з такімі імем, прозвішчам і імем па бацьку.
Працэс прызначаны на 24 ліпеня. Цяпер імя начальніцы застаецца сярод кіруючых кадраў на сайце МНПЗ.
Як піша выданне, раней Драгель працавала начальніцай рэдакцыйна-выдавецкага аддзела завода. Яна ж неаднаразова ўдзельнічала ў правядзенні выбарчых кампаній: была намесніцай старшыні выбарчай камісіі — як мінімум у 2016 і 2019 гадах (выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў), прысутнічала ва ўчастковай выбарчай камісіі ў 2018 годзе (выбары ў мясцовыя саветы).
Яе муж Ігар Драгель таксама працуе на МНПЗ — начальнікам юрыдычнай службы, а ў 2023 годзе чарговы раз быў пераабраны старшынёй назіральнага савета прадпрыемства.
***
У Мінску за ўдзел у пратэстах 2020 года будуць судзіць сямейную пару, бацькоў трох дзяцей Канстанціна і Валерыю Кавалеўскіх, піша «Зеркало».
Кавалеўскім прад'явілі абвінавачанне ў «грубым парушэнні парадку» (арт.342 КК). Справу сямейнай пары суд Цэнтральнага раёна Мінска пачне разглядаць 24 чэрвеня.
Канстанцін і Вераніка Кавалеўскія — муж і жонка з Мінска, ім каля 35 гадоў. Пара выхоўвае траіх дзяцей: сына і дзвюх дачок.
Вераніка, мяркуючы па профілі ў сацсетцы, атрымлівала вышэйшую адукацыю ў віленскім ЕГУ.
Пра затрыманне Кавалеўскага стала вядома 24 чэрвеня 2024 года. Блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў відэа з двума мужчынамі. На відэа яны сказалі, што ўдзельнічалі ў мітынгах 2020 года. Адным з іх быў Канстанцін Кавалеўскі. Веранікі на відэа не было — верагодна, яе затрымалі пазней.
Другім чалавекам з відэа быў мінчанін Арцём Чоп — медык па адукацыі. Яму таксама было прад'яўленае абвінавачанне па арт.342 КК, але ў рамках асобнай крымінальнай справы. Працэс над Арцёмам пачаўся ў тым жа судзе Цэнтральнага раёна ў панядзелак, 22 ліпеня.
***
У судзе Барысаўскага раёна 20 чэрвеня пачаўся суд над Сяргеем Дацюком. Праз месяц суддзя Людміла Зінкевіч прызнала палітвязня вінаватым паводле арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі») і прызначыла яму яшчэ адзін год зняволення.
Пры гэтым Сяргей павінен быў выйсці на волю па заканчэнні тэрміну яшчэ ў сакавіку 2024 года. Але адразу па выхадзе яго затрымалі ў рамках новай крымінальнай справы, піша «Вясна».
39-гадовага Сяргея затрымалі ў сакавіку 2021 года. Тады сілавікі прыйшлі затрымліваць яго маці, хацелі адабраць яе тэлефон. На абарону маці стаў яе сын Сяргей. У выніку яго абвінавацілі ў «гвалце альбо пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» (арт.364 КК).
Сяргею прызначылі тры гады калоніі. Тэрмін ён адбываў у барысаўскай калоніі № 14.
***
Сілавікі затрымалі дырэктара прадпрыемства «Джыпіэр сэрвіс» і адміністратара чата «Чат Бурдзейнага», відэа з ім апублікаваў блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал, піша «Медыязона».
На відэа затрыманы кажа, што адміністраваў дваровы чат, у якім «размяшчалася інфармацыя пратэснага характару», а таксама што ў 2020 годзе ў Мінску хадзіў на пратэсныя маршы.
У «чаце Бурдзейнага» на 22 ліпеня налічваецца 112 чалавек. Мяркуючы з усяго, доступ да чата атрымалі сілавікі — цяпер там публікуюцца рэпосты беларускіх і расійскіх праўладных каналаў, каналаў дзяржмедыя. У апісанні канала «Усё ў нас будзе добра» стаіць эмоджы ў выглядзе дзяржсцяга Беларусі.
***
Рамесніцу з Полацка Нэлі Алфёраву асудзілі паводле артыкула аб «абразе прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК) і адправілі на прымусовае лячэнне, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».
Суд над 38-гадовай Алфёравай прайшоў 18 чэрвеня ў закрытым рэжыме, вынікі яго невядомыя. У ліпені імя рамесніцы з'явілася ў «спісе экстрэмістаў», які вядзе МУС. З яго ж стала ясна, што палачанку адправілі на прымусовае лячэнне.
У 2019 годзе Нэлі Алфёрава балатавалася ў Палату прадстаўнікоў, у 2020-м была назіральніцай на прэзідэнцкіх выбарах, некалькі разоў яе судзілі па адміністрацыйных артыкулах. У 2021 годзе Алфёрава разам з сынам з інваліднасцю з'ехала ў Польшчу, але праз некаторы час вярнулася ў Беларусь.
***
«Экстрэмісцкай» прызналі instagram-старонку палітвязня Уладзіслава Савіна — ён знаходзіцца за кратамі ўжо больш за 3 гады, паведамляюць праваабаронцы.
Адпаведнае рашэнне прынятае судом Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці 12 ліпеня.
На старонку падпісаныя больш за 5300 чалавек, на ёй размешчаны асабістыя фотаздымкі Уладзіслава, у тым ліку з пратэстаў, а таксама вершы палітвязня.
***
Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 536 дні, Максіма Знака — 530 дзён, Мікалая Статкевіча — 527 дзён, Ігара Лосіка — 519 дзён, Віктара Бабарыкі — 456 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 386 дзён, Уладзіміра Гундара — 353 дні.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1376 чалавек.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1479 чалавек. Сярод іх — 188 жанчын і 4 непаўнагадовых. 21 палітвязень адпраўлены на прымусовае лячэнне.