Праваабаронца: Закон аб процідзеянні экстрэмізму ў РФ скіраваны на тое, каб утрымаць уладу любой цаной
Паняцце «русафобія» транслюе імперскасць сучаснай расійскай улады, па сутнасці ставячы рускую мову і культуру вышэй за дзясяткі іншых моў і культур людзей розных нацыянальнасцяў, якія пражываюць у Расіі. Так лічыць расійскі праваабаронца Максім Аленічаў, эксперт Школы грамадзянскай асветы
Новая канцэпцыя — адлюстраванне спробаў палітычнага рэжыму, які забыў, што такое правы чалавека, — утрымаць уладу любой цаной.
Менавіта праз гэтую прызму неабходна разглядаць праект канцэпцыі «Процідзеяння экстрэмізму ў Расійскай Федэрацыі».
Згодна з тэкстам канцэпцыі, расійская дзяржава максімальна пашырае паняцце «экстрэмісцкай дзейнасці», — і напаўняе яго не толькі тэрарыстычнымі арганізацыямі, але і крытыкамі сучаснай улады, якія не здзяйсняюць гвалтоўных злачынстваў, а выказваюць сваё меркаванне наконт неабходнасці вяртання дэмакратыі ў Расію і змену ўлады мірным шляхам – напрыклад, праз выбары.
Так, канцэпцыя прапануе адносіць да экстрэмісцкай дзейнасці актыўнасці нацыянальных рухаў аб дэкаланізацыі (пункт 22), арганізатараў і ўдзельнікаў «няўзгодненых публічных мерапрыемстваў» (пункт 20). Такая дзейнасць абвяшчаецца расійскімі ўладамі незаконнай.
Аднак улады ўжо даўно выкарыстоўваюць закон не для таго, каб развіваць дэмакратыю, змяняльнасць улады і забеспячэння правоў чалавека.
Менавіта таму тыя паняцці, якія ўключаны ў канцэпцыю, могуць самі па сабе быць ідэальна прапісанымі з пункту гледжання права, але ўзнікае пытанне – як яны будуць выкарыстоўвацца?
Для сучаснай улады Федэральны закон «Аб прафілактыцы экстрэмісцкай дзейнасці», прыняты амаль 22 гады таму (25 ліпеня 2002 года) – гэта інструмент, якім яна карыстаецца ў тым ліку для расправы з палітычнымі апанентамі і знішчэння грамадзянскай супольнасці ў РФ.
Напрыклад, за апошнія 3 гады расійскія суды на аснове заканадаўства аб экстрэмізме абвясцілі экстрэмісцкімі «Штабы Навальнага», ФБК, міжнародны грамадскі рух ЛГБТ, рухі «Я/МЫ Фургал» і дзясяткі іншых. Пасля гэтага ў Расіі былі распачатыя сотні крымінальных спраў, па многіх з якіх людзі прысуджаныя да рэальнага пазбаўлення волі.
Паняцце «ксенафобія», якому дадзена вызначэнне ў канцэпцыі, адлюстроўвае сэнс з'явы і не выклікае сур'ёзных пытанняў да фармулёўкі.
У той жа час паняцце «русафобія» транслюе імперскасць сучаснай расійскай улады, па сутнасці ставячы рускую мову і культуру вышэй за дзясяткі іншых моў і культур людзей розных нацыянальнасцяў, якія пражываюць у Расіі.
Тое, як сфармулявана вызначэнне, не адпавядае патрабаванням да «якасці прававой нормы», таму што яно ўтрымлівае ў сабе ацэначныя паняцці (непрыязнае, прадузятае, варожае стаўленне), якія на практыцы могуць тлумачыцца праваахоўнымі органамі максімальна шырока і ў залежнасці ад палітычнага вектара ў краіне.
Акрамя таго, самі па сабе «дыскрымінацыйныя дзеянні» не могуць існаваць у вакууме, дыскрымінацыя заўсёды ўстанаўлівае неабгрунтаванае абмежаванне правоў і магчымасцяў людзей у залежнасці ад прыналежнасці да сацыяльнай групы – паводле нацыянальнасці, мовы, рэлігіі, гендэру, гендэрнай ідэнтычнасці, сэксуальнай арыентацыі ці іншых.
У праектаванай норме такая падстава дыскрымінацыі адсутнічае. Гэта азначае, што выкарыстанне праваахоўнымі органамі паняцця «русафобія» на практыцы не будзе нічым абмежавана і дазволіць расійскім праваахоўным органам выкарыстоўваць яго адвольна, прыцягваючы людзей за парушэнні заканадаўства аб экстрэмізме да адміністрацыйнай і (або) крымінальнай адказнасці.