Хронікі рэпрэсій, 24 ліпеня. Вядомага спевака Руслана Мусвідаса будуць судзіць за ўдзел у пратэстах

Сёння пачалі судзіць аднаго з найлепшых беларускіх трэнераў па настольным тэнісе. Затрымалі мужчыну, які быў паранены сілавікамі падчас пратэстаў. Распавядаем галоўнае, што стала вядома пра беларускіх палітвязняў сёння. 

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_logo_1_logo_1.webp

Паводле інфармацыі праваабаронцаў ПЦ «Вясна».

Палітзняволеную маму блогеркі Вольгі Такарчук пачнуць судзіць 1 жніўня

63-гадовую Ірыну Такарчук затрымалі 23 студзеня 2024 году падчас масавага рэйду сілавікоў на сваякоў палітвязняў.

Ёй выставілі абвінавачванне па ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Справу жанчыны пачнуць разглядаць 1 жніўня ў Мінскім гарадскім судзе. Працэс будзе весці суддзя Таццяна Фалькоўская.

Па інфармацыі праваабаронцаў, гэта ўжо пяты суд над затрыманымі падчас студзеньскага рэйду КДБ.

Былога міліцыянта будуць судзіць за каментары пра калег і «заклікі да санкцый»

У Гомельскім абласным судзе 6 жніўня прызначаны працэс над 55-гадовым былым міліцыянтам Віленам Тургунавым. За каментары ў інтэрнэце яму пагражае да 12 гадоў калоніі. Працэс у закрытым рэжыме будзе весці суддзя Алег Харошка. 

Мужчыну абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый, іншым дзеянням, накіраваным на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожнасці) і ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку). Суд адразу зрабілі закрытым.

Да затрымання Тургунаў актыўна вёў старонкі ў розных сацыяльных сетках, дзе выказваўся пра палітычныя і сацыяльныя падзеі. За падтрымку Украіны іншыя карыстальнікі сетак называлі яго «бандэраўцам».

Сёння пачынаюць судзіць аднаго з найлепшых беларускіх трэнераў па настольным тэнісе 

У Брэсцкім абласным судзе 24 ліпеня пачынаецца суд над 63-гадоваму Юрыем Лагадзюком, які прысвяціў сваё жыццё рэабілітацыі людзей з інваліднасцю праз настольны тэніс. Яго гадаванцы нярэдка выйгравалі на чэмпіянатах у Беларусі і іншых краінах.

Мужчына дапамог сотням людзей з інваліднасцю жыць звычайным жыццём, а цяпер яго судзяць за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса. Сутнасць абвінавачвання праваабаронцам невядомая, як і тое, ці ўтрымліваецца мужчына пад вартай.

Справу будзе разглядаць суддзя Андрэй Сіз. Юрыю Лагадзюку пагражае да 6 гадоў калоніі.

Затрымалі мужчыну, які быў паранены сілавікамі падчас пратэстаў

Паведамляецца, што мужчына пакінуў каментар «ябатьки захватили админа?» ў захопленым сілавікамі ў панядзелак чаце «Чат Бурдейного». Таксама сцвярджаецца, што затрыманы пакідаў «негатыўныя каментары» ў іншых чатах.

Вядома, што ў жніўні 2020-га году сілавікі паранілі мужчыну гумавой куляй.

Палітзняволенага Уладзіміра Гундара пазбавілі чарговага кароткатэрміновага спаткання

Пра гэта «Радыё Рацыя» стала вядома  з колаў, блізкіх да сям'і палітвязня:

«У яго ўжо зноў было нейкае правапарушэнне, з-за якога яго пазбавілі кароткатэрміновага спаткання, якое павінна быць яшчэ толькі ў верасні, але наперад яго ўжо пазбавілі. Ён сам не ведае за што. Нават нічога не тлумачылі, проста сказалі, што пазбавілі і ўсё. І нават не ведае на які тэрмін».

Нагадаем, фігуранта «справы Аўтуховіча» асудзілі агулам да 20 гадоў калоніі па некалькіх крымінальных справах.  Па прыбыцці ў калонію яго некалькі разоў змяшчалі ў штрафны ізалятар. Напачатку кастрычніка 2023 года стала вядома, што Гундару ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым.

Супраць удзельніка працоўнай групы «Хрысціянскай візіі» Дзмітрыя Карняенкі распачалі крымінальную справу за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»

 «Гэтыя два тыдні следчыя наведваюць родных у Віцебску і Оршы. Як я зразумеў, вытворчасць па маёй папярэдняй справе (арт. 361-1 КК — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання) не змаглі пацягнуць, бо апытвалі цяпер па  361-4 — садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці. Разумею хлопцаў: збіраць доказы — справа нялёгкая. Таму рашылі ісці шляхам папрасцей. Ставяць у віну інтэрв'ю «Белсату».

Дзмітрый — удзельнік працоўнай групы «Хрысціянская візія». Ён быў вымушаны з'ехаць з Беларусі ў верасні 2021 года, супраць яго распачалі крымінальную справу па ч. 1 арт. 361 КК (Удзел у экстрэмісцкім фармаванні). Перад тым яго судзілі па адміністрацыйных справах за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе.

Праваабаронцы маюць звесткі, што цяпер у Віцебску актыўна шукаюць тых, хто даваў інтэрв'ю «экстрэмісцкім СМІ».

Вядомага спевака Руслана Мусвідаса будуць судзіць за ўдзел у пратэстах

Працэс над ім пачнецца ў пятніцу, 26 ліпеня, у судзе Партызанскага раёна Мінска. Суддзёй па справе прызначаны Аляксандр Супічэнка.

Руслан Мусвідас — шматгадовы саліст Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра імя Фінберга. Перамагаў на мностве фестываляў і вакальных конкурсаў, а зараз выбірае пераможцаў сам: ён быў у журы праекта X Factor Belarus, які праходзіў на тэлеканале «Беларусь 1».

Мусвідас з'яўляецца на большасці дзяржаўных канцэртаў — на святах, «Славянскім базары», рэспубліканскім выпускным вечары і гэтак далей, здымаецца ў навагодніх тэлеканцэртах. Спявае ён і на выбарах — у адзіны дзень галасавання 25 лютага 2024 года ён выступаў на «забаўляльнай праграме для жыхароў Заводскага раёна» на адным з выбарчых участкаў, піша «Люстэрка».

Месяц таму «народным» артыкуле асудзілі і былую жонку спевака — Вераніку.

Актывіста Яўгена Афнагеля ў другі раз збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым

Палітзняволенага актывіста "Еўрапейскай Беларусі", асуджанага да сямі гадоў калоніі, утрымліваюць за кратамі тры гады і 10 месяцаў. У траўні, пасля двух гадоў на турэмным рэжыме, палітвязня зноў перавялі ў наваполацкую калонію, дзе ён раней адбываў свой тэрмін. 

Адразу па прыбыцці ва ўстанову адміністрацыя змясціла яго ў ШІЗА на 45 сутак, а потым перавяла ў ПКТ. Ужо 29 ліпеня ў Наваполацку адбудзецца чарговы суд па замене Яўгену рэжыма ўтрымання, па выніках якога палітвязня могуць перавесці ў турму. Справу будзе разглядаць суддзя Віталь Лапко. 

У Мінску пачаўся чарговы суд па «народным» артыкуле

У судзе Кастрычніцкага раёна Мінска 24 ліпеня пачаўся судовы працэс над Аленай Гуцік паводле ч. 1 арт. 342 КК за ўдзел у пратэсных акцыях. Суддзя Вольга Лаўрыновіч. 

З сацсетак вядома, што Алене 38 гадоў. Апошні раз яна была анлайн у канцы траўня. У статусе ва «Укантакце» жанчыны напісана «МИР».

3D-візуалізатара будуць судзіць за ўдзел у паслявыбарчых акцыях

У якасці доказаў яго «пратэснай дзейнасці» называлі кнігу «Рэвалюцыя». 

У судзе Савецкага раёна Мінска 6 жніўня распачнецца суд над 3D-візуалізатарам Антонам Вайцяховічам. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Справу будзе разглядаць суддзя Алена Жуковіч.

Антона затрымалі напрыканцы траўня — тады сілавікі паказалі «пакаяльнае відэа» з ім. Пры затрыманні яго абвінавачвалі ў шматлікіх дзеяннях: удзел у акцыях пратэсту, абразах у каментарах прапагандыста Азаронка, слівы «Чорную кнігу Беларусі» і рэгістрацыя ў чат-боце плана «Перамога».

У якасці доказаў «пратэснай дзейнасці» тады сілавікі паказалі кадры з кнігай «Рэвалюцыя» Віктара Марціновіча, якую пры ператрусе знайшлі ў Антона.

Палітвязню Сяргею Яфімаву дадалі яшчэ адзін год зняволення

У судзе Барысаўскага раёна 16 траўня палітвязню вынеслі прысуд па новай крымінальнай справе. Суддзя Людміла Зінкевіч прызнала яго вінаватым паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы) і прызначыла яму яшчэ адзін год зняволення ў дадатак да чатырох гадоў калоніі.

Гэта ўжо другі суд над палітвязнем па гэтым артыкуле. Летась у судзе г. Жодзіна яго таксама асудзілі да адгаго года пазбаўлення волі. 

Жыхара Магілёва затрымалі за каментары ў Telegram

Сцвярджаецца, што мужчына пакідаў абразлівыя каментары ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.

Гродзенскага бас-гітарыста судзяць за ўдзел у «экстрэмісцкім фармаванні» і «абразу Лукашэнкі»

Сёння ў Гродзенскім абласным судзе працягваецца судовы працэс над Уладзімірам Навумовічам паводле двух крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і ч. 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім). Гэта ўжо трэцяе пасяджэнне. Першае адбылося 15 ліпеня. Справу разглядае суддзя Мікалай Рачынскі. 

Уладзімір Навумовіч бас-гітарыст кавер-гурта BAND 777. Гарадзенцы выконваюць кампазіцыі вядомых рок-гуртоў, такіх як AC/DC, Guns N’ Roses, Deep Purple. Паводле сацсетак музыкі, яму 61 год.

У праваабаронцы і рэдактара партала orsha.еu Ігара Казмерчака адбыўся чарговы ператрус

Паводле Казмерчака, ён стаў адным з фігурантаў новай крымінальнай справы, распачатай супраць тых, хто даваў інтэрв'ю СМІ, унесеным у спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў».

У сакавіку супраць праваабаронцы распачалі спецвытворчасць. Казмерчаку былі інкрымінаваныя ч. 1 арт. 368 КК (Абраза Лукашэнкі) і ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

«Экстрэмісцкім фармаваннем» прызнаны праект «Propovednik» — ягонага адміністратара затрымалі ў траўні

МУС 24 ліпеня прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» праект «Propovednik». Паводле ведамства, дачыненне да яго мае 52-гадовы Шпак Уладзімір.

Адзначым, што пра затрыманне адміністратара тэлеграм-канала «Propovednik» сілавікі адсправаздачыліся ў траўні. Тады паведамлялася, што мужчына «распальваў нацыянальную і сацыяльную нянавісць, заклікаў да гвалту, выступаў за радыкалізацыю і тэрарызм». Сцвярджалася, што ў дачыненні да затрыманага быў распачаты шэраг крымінальных спраў — яму пагражалі 10 гадамі зняволення.