Хронікі рэпрэсій за 25 ліпеня: Супраць журналіста Панкаўца завялі крымінальную справу з-за каліноўцаў

У Брэсце за ўдзел у акцыі пратэсту будуць судзіць двух братоў і яшчэ двух чалавек. Супраць Змітра Панкаўца завялі крымінальную справу. Маці анархіста Аляксандра Францкевіча абвінавачваюць у экстрэмізме.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1.webp
  • Супраць журналіста Змітра Панкаўца завялі крымінальную справу

19 чэрвеня супрацоўнікі Следчага камітэта прыехалі з ператрусам на адрас у Барысаўскім раёне Мінскай вобласці, дзе Панкавец афіцыйна зарэгістраваны. Між тым журналіст ужо нейкалькі год жыве па-за межамі краіны.

«Афіцыйна прадставіліся супрацоўнікамі Следчага камітэта, хоць у мяне ёсць здагадкі, што гэта быў не Следчы камітэт. Пры гэтым, як я ведаю, прыехалі па мяне не з Барысава, а з Мінску», — паведаміў БАЖ Зміцер. У выніку вобшуку следчыя нічога не забралі.

«Інфармацыі ў мяне, зразумела, няшмат. Ведаю, што паказвалі панятым дакумент пра тое, што на мяне заведзеная крымінальная справа. Артыкул мне не вядомы, але з расповеду зразумела, што справа нібыта за сувязі з каліноўцамі. Ну, я сапраўды асвятляў гэтую тэму і шмат пісаў пра байцоў палка Каліноўскага ва Украіне. “Госці” таксама прасілі перадаць, што чакаюць мяне ў Беларусі і “грэюць кайданкі” для мяне».

  • Супраць маці анархіста Францкевіча завялі крымінальную справу

Яе абвінавачваюць па артыкуле аб удзеле ў «экстрэмісцкім фармаванні» (арт. 361-1 КК).

«Радыё Свабода» са спасылкай на актывістку Яўгенію Доўгую паведамляе пра тое, што крымінальную справу распачалі і супраць сястры Таццяны, Наталлі Лабацэвіч — маці былога палітвязня Іллі Лабацэвіча.

Аляксандр Францкевіч — актывіст анархісцкага руху і фігурант справы «Рэвалюцыйнага дзеяння». Ён асуджаны да 16 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

  • Пачаўся завочны суд над Андрэем Прылуцкім, экстрадыцыі якога з Расіі дамагалася беларуская пракуратура
andrej_prylucki.jpg

24 ліпеня ў судзе Салігорскага раёна распачаўся разгляд завочнай крымінальнай справы ў дачыненні да Андрэя Прылуцкага. Працэс прызначаны весці суддзя Юрый Блоцкі. 41-гадоваму Андрэю інкрымінаваны арт. 364 КК (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Андрэй Прылуцкі працаваў на «Беларуськаліі» і далучыўся да страйку з патрабаваннем адстаўкі Лукашэнкі ды новых выбараў. Пад пагрозай арышту ён уцёк у Расію, адкуль збіраўся ляцець ва Украіну, але быў затрыманы ў Санкт-Пецярбурскім аэрапорце. Андрэй амаль 6 месяцаў правёў у СІЗА, адкуль пазней выйшаў на волю.

  • Масавы пераслед супрацоўнікаў «БелОМА» і «Пеленг»

Праваабаронцам стала вядома пра пераслед супрацоўнікаў ААТ «Беларускае оптыка-механічнае аб’яднанне» і ААТ «Пеленг». Людзей правяраюць на паліграфе, праглядаюць іх тэлефоны, а таксама выклікаюць на «размовы».

Вядома пра выпадкі, калі людзей адпраўлялі на «суткі» і звальнялі.

«БелОМА» і «Пеленг» знаходзяцца пад міжнароднымі санкцыямі. Аб'яднанне беларускіх сілавікоў BELPOL неаднаразова распавядала, як гэтыя прадпрыемствы абыходзяць санкцыі, а таксама зарабляюць на вайне ва Украіне, пастаўляючы Расіі вайсковыя камплектуючыя і дэталі.

Глядзіце таксама

  • Суд за пратэсты 2020-га ў Брэсце

У Брэсце за ўдзел у акцыі пратэсту будуць судзіць двух братоў і яшчэ двух чалавек.

На Берасцейшчыне працягваюцца затрыманні і масавыя суды за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту. Так, у судзе Ленінскага раёна Брэста 6 жніўня распачнецца чарговы суд паводле ч. 1 арт. 342 КК за ўдзел у акцыі 10 жніўня 2020 года. На гэты раз будуць судзіць двух братоў Мацвея і Леаніда Аверчукоў. Пра іх затрыманне стала вядома напачатку чэрвеня. Таксама па гэтай справе праходзяць Алег Літвінчук і Алевціна Гудкова. 

Справу супраць берасцейцаў будзе разглядаць Андрэй Грушко, на рахунку якога мінімум 29 палітычных прысудаў па крымінальных справах. У 2021 годзе ён адправіў у калоніі на тэрміны ад 3,5 да 5 гадоў калоніі за ўдзел у пратэстах 13 палітвязняў.

Нагадаем , 30 ліпеня ў гэтым жа судзе за пратэст 10 жніўня 2020 года пачнуць судзіць 8 чалавек. Агулам толькі за гэтую вясну за гэтую акцыю асудзілі ўжо больш за 20 чалавек.

  • У Асіповічах за «экстрэмізм» затрымалі мужа і жонку

Як паведамляе @MAYDAYMog, затрыманыя — Мікалай і Вера Станкевіч.

Падставай для затрымання Мікалая паслужыла нібыта тое, што ён браў удзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе, а таксама той факт, што ён «напаў на вайскоўца, паддаўшыся ўкраінскай прапагандзе». Падрабязнасцяў інцыдэнту няма.

Веру Станкевіч сілавікі затрымалі за ўдзел у ланцугу салідарнасці ў 2020 годзе ў Асіповічах, а таксама за рэпосты «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у Аднакласніках.

Супраць сужэнцаў распачата крымінальная справа. Дзе яны знаходзяцца зараз — невядома.

  • Гродзенца, які вярнуўся з Польшчы, будуць судзіць за ўдзел у акцыях пратэсту

У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 31 ліпеня за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту ў 2020-м годзе распачнецца суд над 29-гадовым айцішнікам Дзмітрыем Глушчэнкам. Яго затрымалі па вяртанні ў Беларусь з Польшчы напачатку траўня. На «палоннае відэа» гродзенца трапіў) супрацоўніка ГУБАЗіК, які на спіну начапіў сцяг СССР і георгіеўскую стужку. 

Таксама паводле ч.1 арт. 342 КК з Дзмітрыем будуць судзіць Андрэя Карповіча.

Справу разглядае Уладзімір Пазняк, які асудзіў паводле палітычных крымінальных справах мінімум 18 гродзенцаў.

  • Па прыездзе ў Беларусь затрымалі адміністратарку польскага чату «Беларусы Каліша»

«Палоннае відэа» з жанчынай апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы.