Хронікі рэпрэсій за 26 ліпеня: палітвязням прапаноўваюць напісаць прашэнне аб памілаванні
З дапамогай праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі інфармацыю пра палітычны пераслед беларусаў з боку рэжыму.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1352 дні, Дзяніс — 1232.
***
Палітвязень Анджэй Пачобут дагэтуль знаходзіцца ў ПКТ. Гродзенскі журналіст за кратамі ўжо 40 месяцаў. 8 лютага 2023 года яго прысудзілі да васьмі гадоў пазбаўлення волі.
Цяпер Пачобут адбывае тэрмін у наваполацкай калоніі №1, дзе на яго ўвесь час аказваецца ціск.
Віцэ-старшыня «Саюза палякаў Беларусі» Марэк Занеўскі падчас акцыі салідарнасці з палітвязнем у Беластоку расказаў «Радыё Рацыя», што Пачобута яшчэ ўтрымліваюць у ПКТ.
— На жаль, няма інфармацыі пра Анджэя. Ён знаходзіцца ў Наваполацку, сядзіць у ПКТ у ізаляцыі, і нічога не адбываецца.
Уся гэтая інфармацыя, якая гуляла апошнімі месяцамі (некаторыя гаварылі, што яго выпусцілі, іншыя пісалі, што яго вазілі за мяжу), — вядома, усё гэта няпраўда, усё гэта фэйкі. Нам вельмі прыкра, што такія сітуацыі адбываюцца.
Сітуацыя з Анджэем застаецца вельмі складанай, і на сённяшні дзень мы не бачым яе паляпшэння.
***
На электронныя таргі пляцоўкі «Белюр» выставілі матацыкл «Suzuki» і легкавік «Mercedes-Benz», якія належаць палітвязню Эдуарду Бабарыку — сыну Віктара Бабарыкі.
Таргі прызначылі на канец жніўня, піша «Зеркало».
Эдуард — сын палітыка Віктара Бабарыкі, у чэрвені 2020 года ён быў затрыманы разам з бацькам.
У ліпені 2023 года яго прысудзілі да 8 гадоў калоніі, абвінаваціўшы па артыкулах аб «ухіленні ад выплаты падаткаў» (ч.2 арт.243 КК), «распальванні варожасці» (ч.3 арт.130 КК) і ў «грубым парушэнні парадку» (ч.1 арт.342 КК). Пазней новы суд дадаў яму яшчэ два гады да тэрміну — паводле артыкула аб «непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі».
***
Сілавікі затрымалі беларуса, які ў 2020 годзе ўдзельнічаў у мітынгу ў Брэсце. Ролік з ім апублікаваў праўладны тэлеграм-канал, піша «Медыязона».
На міліцэйскім відэа мужчына прадстаўляецца Уладзіславам. Ён кажа, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у мітынгу. Пасля таго, як мужчына скончыў польскі ўніверсітэт, ён вярнуўся ў Беларусь і быў затрыманы.
Паводле інфармацыі «Медыязоны», хлопца затрымалі на пачатку чэрвеня.
***
Палітвязням, у якіх заканчваюцца тэрміны, прапанавалі напісаць прашэнні аб памілаванні, паведаміла крыніца «Радыё Свабода» са спасылкай на сваякоў зняволеных калоніі № 15 пад Магілёвам. Сваё імя крыніца прасіла не называць у мэтах бяспекі. Крыніца дадала да гэтай інфармацыі некаторыя падрабязнасці.
— На пачатку месяца з калоніі па амністыі выйшлі палітвязні, у якіх вялікія праблемы са здароўем. Некалькі чалавек. А цяпер выклікалі палітвязняў, у якіх са здароўем адносна нармальна, але ў іх неўзабаве заканчваюцца тэрміны. Месяц, а то і пара тыдняў — і на свабоду. І прапанавалі ім пісаць прашэнні аб памілаванні.
Сказалі, што Лукашэнка можа падпісаць, хай чакаюць. Некаторыя цяпер думаюць, ці варта пагаджацца, бо і без таго спадзяюцца выйсці неўзабаве на волю, — расказала крыніца.
Колькасці тых, каму было прапанавана пісаць прашэнні аб памілаванні, суразмоўца не ведае.
— Гэта некалькі чалавек, не адзінкі. Але сярод іх дакладна няма тых, каму выходзіць на волю яшчэ няхутка, — сказала крыніца.
***
Музыку і вядоўцу Паўла Пашкевіча будуць судзіць за ўдзел у пратэстах у жніўні 2020 года, яму выстаўленае абвінавачанне паводле артыкула аб «грубым парушэнні парадку», піша «Зеркало» са спасылкай на расклад пасяджэнняў на сайце Вярхоўнага суда.
Пра затрыманне Пашкевіча стала вядома ў траўні 2024 года, блізкія да сілавікоў каналы публікавалі відэа з ім.
Аўтары канала паказвалі на тое, што ў яго ёсць татуіроўка лацінкай «Žyvie Biełaruś», і намякалі на тое, што на яго нібыта данеслі гледачы.
***
Паўла Якаўлева і Валянціна Алфёрава, кіраўніка Віцебскага цэнтра стандартызацыі і яго філіяла (РУП «Эталон») будуць судзіць па артыкуле аб «абразе Лукашэнкі» (арт.368 КК), піша тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю».
Акрамя таго, Якаўлеву і Алфёраву прад'яўлена абвінавачанне па артыкулах аб «атрыманні хабару», «крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі», «службовым падлогу» (ч.1 арт.430, ч.2 арт.210, ч.1 арт.427 КК).
У чым менавіта абвінавачваюць чыноўнікаў — невядома.
Справа чыноўнікаў паступіла ў суд Першамайскага раёна Віцебска.
***
Жыхару Мінска стала дрэнна на вуліцы, ён звярнуўся па дапамогу да міліцыянтаў. Тыя давезлі яго да лякарні, там заўважылі ў яго «экстрэмісцкую» татуіроўку і знялі з ім відэа, якое апублікаваў праўладны канал, піша «Медыязона».
На відэа, запісаным пад прымусам, мінчук кажа, што міліцыянты давялі яго да прыёмнага пункта лякарні ў Бараўлянах, заўважылі ў яго татуіроўку «ACAB» і «правялі гутарку». Пасля «гутаркі» мінчук на відэа паабяцаў звесці татуіроўку.
Пасля мантажнай злепкі ў відэа зноў паказваюць мінчука, ён кажа, што зафарбаваў татуіроўку і сам прыйшоў на Рэвалюцыйную, 3 (будынак ГУБАЗіКа ў Мінску), каб паказаць, што «слова сваё стрымаў».
***
На дзяржканале «Беларусь 1» паказалі сюжэт з прысуджаным да смяротнага пакарання грамадзянінам Германіі Рыка Крыгерам. На відэа ён расказвае пра тое, як трапіў у Беларусь, гаворыць, што цяпер «час працуе супраць яго», і ўдакладняе, што не ведаў, што на чыгуначнай станцыі ў Азярышчы нешта выбухнула (тэракт, у якім яго абвінавацілі).
Грамадзянін Германіі пацвердзіў, што раней працаваў ахоўнікам у пасольстве ЗША ў Берліне і ў германскім Чырвоным Крыжы. Ён кажа, што атрымаў прафесію выратавальніка, падчас працы ў пасольстве навучыўся абыходзіцца са зброяй і каля года таму вырашыў паехаць ваяваць ва Украіну.
«Я ўвесь час глядзеў па тэлевізары навіны з Украіны і вырашыў, што магу там спатрэбіцца», — расказвае Крыгер у відэа.
***
Гамельчука Антона Лісічкіна абвінавачваюць у «абразе прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК) і «распальванні варожасці» (ч.1 арт.130 КК), паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Працэс над ім пачаўся ў Гомельскім абласным судзе ў закрытым рэжыме.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Лісічкіну 25 гадоў. У 2019 годзе ён вярнуўся з войска.
***
Журналістаў-следчых з «Бюро медыя» абвясцілі ў міждзяржаўны вышук. Інфармацыю пра гэта «Медыязона» выявіла ў расійскай базе вышуку МУС.
У вышук абвешчаныя журналісты Аляксандр Ярашэвіч, Аляксей Карпека і Вольга Альхіменка.
Па якіх артыкулах яны абвешчаныя ў вышук, не ўдакладняецца.
«Крымінальныя справы супраць чальцоў каманды "Бюро" мы расцэньваем як рэакцыю на нашы расследаванні і спробу ціску ўладаў Беларусі на незалежную журналістыку. Лукашэнкаўскія ўлады праводзяць планамерную палітыку пераследу і крыміналізацыі любой грамадска-палітычнай журналістыкі, якая не гатовая станавіцца рупарам дзяржаўнай прапаганды або гуляць паводле правілаў дзеючай улады», — пракаментавалі «Медыязоне» ў «Бюро медыя».
***
У Беларусі плюс сем новых палітвязняў.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, гэта Ігар Жывалун, Наталля Левая, Юрый Лагадзюк, Таццяна Францкевіч, Наталля Лабацэвіч, Алеся Дзернакоўская, Аляксандр Сырыца.
***
Па заяве пракурора Бешанковіцкага раёна інфармацыйная прадукцыя YouTube-канала «Дай Дарогу!» прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Пра гэта паведаміла Генпракуратура на сваёй старонцы ў Facebook.
На афіцыйны YouTube-канал гурта «Дай Дарогу!» падпісаныя амаль 25 тысяч чалавек.
Раней «экстрэмісцкімі матэрыяламі» былі прызнаныя дзве песні гурта: «Баю-бай» і «10 мільёнаў рабоў».
***
Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 540 дзён, Максіма Знака — 534 дні, Мікалая Статкевіча — 531 дзень, Ігара Лосіка — 523 дні, Віктара Бабарыкі — 460 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 390 дзён, Уладзіміра Гундара — 357 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1387 чалавек.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1492 чалавек. Сярод іх — 195 жанчын і 4 непаўнагадовых. 21 палітвязень адпраўлены на прымусовае лячэнне.