Праваабаронцы пачалі назіранне за выбарамі

Чарговыя мясцовыя выбары пройдуць па старым выбарчым заканадаўстве. Пра гэта 16 лістапада распавялі журналістам каардынатары кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Уладзімір Лабковіч і Алег Гулак

Уладзімір Лабковіч і Алег Гулак

Па словах старшыні Беларускага Хельсінскага камітэта (БХК) Алега Гулака, кампанія 16 лістапада пачала назіранне за выбарамі, прадстаўнік БХК ужо прысутнічаў на пасяджэнні Цэнтрвыбаркаму днём раней. Гулак адзначыў, што кампанія цягам больш як году падавала шмат прапановаў па паляпшэнні выбарчага заканадаўства, але, на жаль, ніякіх зменаў не адбылося. Прычым, адпаведныя прапановы ўносілі таксама дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, кампанія «Гавары праўду», нават была створана адпаведная міжведамасная камісія.
«Аднак выбарчая кампанія пачынаецца па старым заканадаўстве, усе тыя хібы, пра якія мы казалі, застаюцца. У той жа час, нам будзе цікава паглядзець, ці зменіцца нават пры старым заканадаўстве практыка правядзення выбараў, бо нават пры такім заканадаўстве можна правесці справядлівыя выбары, калі ёсць вялікае жаданне і дакладная воля», — падкрэсліў кіраўнік БХК.
У сваю чаргу, каардынатар кампаніі Уладзімір Лабковіч (ПЦ «Вясна») звярнуў увагу пра закрытасць дзейнасці ЦВК. «Праца Цэнтральнай выбарчай камісіі была закрыта не толькі для нас як назіральнікаў, але і для Бюро па дэмакратыі і правах чалавека (БДіПЧ) АБСЕ, якое таксама зрабіла шэраг высноваў і прапановаў, што да ўдасканалення беларускага выбарчага заканадаўства», — канстатаваў юрыст.
Лабковіч дадаў, што выбарчы працэс у Беларусі цалкам дэградаваў, таму праваабаронцы спыніліся на чатырох праблемах, якія яны лічаць крытычнымі. Гэта пытанні фармавання выбарчых камісіяў, датэрміновага галасавання, падліку галасоў і судовых спрэчак.
«Мы знаходзімся ў сітуацыі, калі суд не вырашае спрэчкі паміж камісіямі і палітычнымі суб’ектамі, якія ўдзельнічаюць у выбарах, альбо назіральнікамі», — адзначыў праваабаронца. Ён гатовы пагадзіцца са словамі старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, сказанымі ёю пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 14 лістапада, што мясцовыя выбары будуць стэрыльнымі. «У нас весь працэс выбараў паводле досведу ўсіх апошніх кампаніяў стэрылізаваны максімальна», — упэўнены Лабковіч.
Ён паведаміў, што кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» будзе надаваць увагу не толькі падліку галасоў, але і фармаванню выбарчых камісіяў, рэгістрацыі кандыдатаў, працы ініцыятыўных груп. Ужо ў чацвер у абласных і рэгіянальных выбарчых структурах пачалі працу 29 доўгатэрміновых назіральнікаў ад кампаніі. На кароткатэрміновае назіранне праваабаронцы будуць імкнуцца прыцягнуць некалькі соцень валанцёраў.