Праваабаронцы прадставілі альтэрнатыўны даклад па катаваннях у Беларусі
Аўтары дакумента канстатуюць, што ў Беларусі існуюць сур’ёзныя праблемы з абаронай ад катаванняў як у заканадаўстве, так і ў практыцы яго прымянення.
Беларускія ўлады ўжо даслалі свае адказы на пытанні Камітэта супраць катаванняў ААН да дзяржавы адносна таго, як рэфармуецца заканадаўства і змяняецца практыка яго прымянення згодна з Канвенцыяй супраць катаванняў, якую падпісала наша дзяржава. Гэта ўжо пяты даклад афіцыйнага Мінска. Беларускія праваабаронцы маюць магчымасць прадставіць свой альтэрнатыўны даклад, які таксама будзе разглядацца Камітэтам 27 красавіка.
Сёлета альтэрнатыўны даклад падрыхтавалі прадстаўнікі РГА "Прававая ініцыятыва", ПЦ “Вясна”, Беларускага дакументацыйнага цэнтра, “Офіса па правах людзей з інваліднасцю”, ініцыятывы “Праваабаронцы супраць катаванняў” і Беларускага Хельсінкскага Камітэта.
Сяргей Усцінаў у якасці адной з галоўных праблемаў адзначыў адсутнасць у Крымінальным кодэксе асобнага артыкула, дзе прадугледжана адказнасць за катаванні. Умоўна кажучы, міліцыянта, які дазволіў сабе катаванні затрыманага, могуць прыцягнуць да адказнасці хіба што за перавышэнне паўнамоцтваў. Таксама ў якасці сур’ёзных заўвагаў прамоўца адзначыў магчымасць па-засудовага заключэння за краты, адсутнасць належнай медычнай дапамогі ў месцах зняволення, закрытасць пенітэнцыярнай сістэмы ад грамадства. Беларуская дзяржава не пагаджаецца на прыезд спецдакладчыка па катаваннях (паводле афіцыйнай версіі, у нас катаванняў няма), адзінкавыя расследаванні па катаваннях практычна сабатуюцца. Судзі не рэагуюць на заявы аб катаваннях, якія робяць падсудныя падчас судовых слуханняў.
Раіса Міхайлоўская звяртала ўвагу на сур’ёзнае ўмяшальніцтва дзяржавы ў працу адвакатаў (у тым ліку з удзелам КДБ), залежнасць інстытута адвакатуры ад Мінюста, які можа лёгка пазбавіць няўгоднага дзяржаве адваката ліцэнзіі, што вядзе да пазбаўлення права грамадзян на належную абарону. Таксама прамоўца ўзгадала тэму палітычна матываваных гвалтоўных знікненняў 19 гадоў таму. Паводле яе слоў, расследаванне практычна спынілася.
Дзмітрый Чарных распавёў пра каласальную залежнасць судовай сістэмы ад выканаўчай улады і Лукашэнкі, а таксама звярнуў увагу на непразрыстасць прызначэння суддзяў. Пра неабмежаваны ўплыў кіраўніка краіны на суддзяў (акрамя таго, што ён прызначае і здымае з пасады) сведчыць той факт, што суддзя нават не можа абскардзіць прыцягненне да дысцыплінарнай адказнасці, калі яно ініцыявана кіраўніком дзяржавы.
Як адзначыў у сваім выступе Павал Сапелка, праваабаронцы ў сваім дакладзе давалі адказы на пытанні Камітэта супраць катаванняў, на якія пагадзілася адказаць Беларусь. Задачы асвятліць усе выпадкі парушэння правоў і катаванняў не было. Таксама па кожным пункце прапаноўваліся рэкамендацыі, якія дазволяць палепшыць сітуацыю у канкрэтнай вобласці. Паводле прамоўцы, узгаданыя праблемы ёсць у многіх іншых краінах, але пытанне – як на гэта рэагуюць улады, ці спрабуюць шчыра нешта палепшыць ці даюць фармальныя адказы міжнародным структурам. Павал Сапелка лічыць, што беларускія ўлады пакуль, нажаль, не рэагуюць на праблему катаванняў унутры краіны належным чынам.
“Смерць у турме – віна турмы. Калі яна не расследуецца, дзяржава парушае права на расследаванне”, — зазначыў Павал Сапелка. Улады з розных нагодаў адмаўляюць прадстаўнікам грамадства ў інспектаванні турмаў. Таму адна з рэкамендацый праваабаронцаў – адкрыць месцы няволі для маніторынгу грамадскімі камісіямі.
Асобна дакладчык спыніўся на тэме смяротнага пакарання. Паводле яго слоў, гэта тое, што аддзяляе Беларусь ад цывілізаванага еўрапейскага свету. Прычым працэдура выканання прысуду, закрытасць інфармацыі пра пакаранне і месца пахавання для сваякоў засталася як у савецкія часы. Прычым дзяржава дэманструе ў гэтым пытанні незразумелую крыважэрнасць: 9 прысудаў чакалі разгляду ў Камітэце па правах чалавека, у шасці з іх КПЧ устанавіў, што прысуды вынесеныя з парушэннем права на справядлівы суд. Тым не менш, усе гэтыя прысуды без затрымак былі выкананыя. На сённяшні дзень 6 чалавек чакаюць сваёй чаргі на расстрэл. У якасці рэкамендацыі прапануецца ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне і адкрыццё інфармацыі па смяротных пакараннях.
Агучваліся таксама праблемы адсутнасці належнага медычнага абслугоўвання ў турмах, што часта вядзе да інвалідызацыі ці нават смерці, выкарыстанне прымусовага лячэння ў якасці пакарання, гвалт у войску ды іншыя.
Праваабаронцы канстатавалі, што на сённяшні дзень існуе значнае неразуменне дзяржавай праваабарончых праблемаў, таму па сістэмных пытаннях (катаванні, адвакатура, суды) асаблівых зрухаў няма. Яны паўтараюцца з даклада ў даклад кожныя чатыры гады. Але тое, што дзяржава пачала супрацоўнічаць з Камітэтам па правах чалавека і Камітэтам супраць катаванняў – ужо немалы крок.
Даклад праваабаронцаў будзе прадстаўлены на 63-й сесіі Камітэта супраць катаванняў ААН, якая пройдзе ў Жэневе з 23 красавіка па 16 траўня, як альтэрнатыўны дзяржаўнай справаздачы аб выкананні Канвенцыі супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання.
Азнаёміцца з дакладам можна тут.
Фота аўтара