Праваабарончыя арганізацыі прызналі 12 новых палітвязняў, сярод іх чальцы «Вясны» і грамадскія актывісты
Агулам у Беларусі па стане на 15 ліпеня палітвязнямі прызнаныя 566 чалавек.
Ператрусы 14 ліпеня прайшлі ў офісах Праваабарончага цэнтру «Вясна», Беларускай асацыяцыі журналістаў, грамадскай арганізацыі «Імёны», Цэнтру прававой трансфармацыі Lawtrend, руху «За свабоду», Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC, арганізацыі «Гендарныя ініцыятывы», Беларускага Хельсінскага камітэту, Саюзу беларускіх пісьменнікаў, Партыі БНФ, АГП, «Тэрыторыі правоў» ПЭН-цэнтру і іншых.
Пасля ператрусаў па ўсёй Беларусі былі затрыманыя грамадскія дзеячы і актывісты, якія рашэннем праваабарончай супольнасці прызнаныя палітычнымі вязнямі. Агулам новых палітвязняў 12 чалавек:
- Алесь Бяляцкі, кіраўнік «Вясны»
- Уладзімір Лабковіч, юрыст «Вясны»
- Валянцін Стэфановіч, сябра Рады «Вясны»
- Сяргей Сыс, праваабаронца «Вясны» і журналіст
- Алена Лапцёнак, праваабаронца «Вясны»
- Андрэй Палуда, праваабаронца «Вясны»
- Віктар Сазонаў, праваабаронца «Вясны»
- Марына Статкевіч, былая сябра «Вясны»
- Яўгенія Бабаева, праваабаронца
- Ніна Лабковіч, дырэктарка аб’яднання інвестараў Angels Band
- Мікола Шарах, кіраўнік ячэйкі свабоднага прафсаюзу з Полацку
- Сяргей Мацкевіч, Цэнтр «Супольнасць»
«Відавочна, што матывам іх пераследу ёсць праваабарончая і грамадская дзейнасць: прасоўванне міжнародных стандартаў правоў чалавека і дэмакратычных каштоўнасцяў, дзеянні ў абарону права на жыццё, свабоду слова, мірных сходаў і асацыяцыі, права на справядлівы суд і свабоду ад катаванняў», — гаворыцца ў супольнай заяве беларускіх праваабаронцаў.
Праваабаронцы падкрэсліваюць, што пераслед грамадзянскай супольнасці Беларусі ад жніўня 2020 году і да сёння набыў беспрэцэдэнтны маштаб. Такіх масавых рэпрэсій Беларусь не бачыла ад моманту набыцця незалежнасці.
На дзень падпісання заявы ў Беларусі прызнаныя палітвязнямі больш за паўтысячы чалавек, прынамсі 500 знаходзяцца ў турмах і яшчэ тысячы пад следствам у палітычна матываваных абвінавачаннях.
Цягам апошняга году амаль 40000 чалавек былі незаконна затрыманыя і пацярпелі ад катаванняў.