Журналісты, праваабаронцы, палітыкі. Ператрусы па ўсёй краіне

Раніцай 14 ліпеня сілавікі прыйшлі з ператрусам да праваабаронцаў «Вясны». Вядома пра затрыманне некалькіх чалавек. Сувязі з лідарам арганізацыі Алесем Бяляцкім няма.

Падчас ператрусу ў БАЖ 16 лютага

Падчас ператрусу ў БАЖ 16 лютага

00.07 Аляксандр Руткевіч і Арына Каршунова вызвалены з КДБ. Затрыманага разам з імі Алеся Мінова не адпусцілі.
23.14 Праваабаронцу з Барысава Алега Мацкевіча вызвалілі.
22.11. Сяржук Сыс затрыманы на 72 гадзіны ў межах крымінальнай справы. Сястра яго жонкі паведамляе, што падчас вобшука хату "разграмілі".

21.45 Сяргея Мацкевіча (Цэнтр Супольнасць) пасля двух вобшукаў і допыта павезлі ў ізалятар на Акрэсціна. Ён таксама затрыманы на 72 гадзіны ў межах крымінальнай справы.
21.39 Ігара Казмерчака адпусцілі. Ён на волі.
20.20. Праваабаронца Алена Лапцёнак затрыманая на 72 гадзіны, паведаміла яе дачка.Сёння ў 7:30 раніцы прайшоў ператрус у праваабаронцы "Вясны" Алены Лапцёнак. У пастанове на ператрус значыліся: ч.1 і 2 арт. 342 і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса. Алену павезлі ў Следчы камітэт. Алена Лапцёнак у статусе падазраванай.
20.18. Стала вядома, што Вольга Смалянка цяпер на волі.На волі таксама і палітык Анатоль Лябедзька.

18.33.
Вобшук адбываецца ў кватэры актывісткі «Аб’яднанай грамадзянскай партыі» (АГП) Вольгі Беляўцовай.
Уладзімір і Ніна Лабковічы затрыманы на 72 гадзіны ў межах крымінальнай справы.

18.20. Стала вядома, што праваабаронца Алесь Бяляцкі затрыманы ў рамках крымінальнай справы.

Бяляцкі не выходзіў на сувязь з самай раніцы. Толькі ў 18 гадзін стала вядома, што ён затрыманы. Крымінальную справу вядзе Цэнтральны апарат Следчага камітэта. Падрабязнасці высвятляюцца.

Ператрус праходзіць у офісным будынку па адрасе вул. Веры Харужай, 22. На вуліцы стаіць бус, у будынак зайшлі сілавікі ў масках. У гэтым будынку знаходзіцца офіс «Аб'яднанай грамадзянскай партыі».18.06. Кіраўнік суполкі «Свабоднага прафсаюза Беларускага» з Полацка Мікалай Шарах затрыманы на 72 гадзіны.
17.28 У офісе сацыялагічнай лабараторыі «Novak» Андрэя Вардамацкага таксама прайшоў ператрус, была канфіскаваная тэхніка. Прыходзілі супрацоўнікі ГУБАЗіКа, паведамілі чытачы «Свабоды».
16.53. Праваабаронцы паведамілі пра ператрус ў старшыні праўлення адукацыйнага цэнтра «ПОСТ» Сафіі Емельянавай. У яе, акрамя кампутара і тэлефона, забралі зборнік апавяданняў «Жанчыны выходзяць з-пад кантролю». Арганізацыя працуе ў сферы нефармальнай і грамадзянскай адукацыі.

Таксама паведамілі пра ператрус у палітыка Анатоля Лябедзькі.

Паводле тэлеканала «Белсат», у Полацку затрымалі паэтку Леру Сом, у яе дома правялі ператрус, забралі тэхніку і павезлі на допыт у Следчы камітэт у Віцебску. Па якой справе – пакуль невядома.

Ператрус таксама быў у офісе Цэнтра інфармацыйна-прававой падтрымкі сацыяльна неабароненых груп насельніцтва «Адвакацыя» (Полацк).16.16. Сястры Валянціна Стэфановіча паведамілі, што ён затрыманы на 72 гадзіны.

У брэсцкага праваабаронцы Кірыла Кафанава з «Human Constanta» забралі сістэмны блок кампутара, два ноўтбукі, два тэлефоны, нататнікі і працоўную дамову. Пасля ператрусу і размовы з супрацоўнікамі ГУБАЗіКа, якія яму прапаноўвалі запісаць відэа (ён адмовіўся), яго адпусцілі. Сказалі, каб праваабаронца чакаў выкліку на афіцыйны допыт. Кірыл Кафанаў — юрыст, займаецца дапамогай уцекачам у Брэсце і аналітычнай працай.

У Кірыла правялі ператрус у рамках арт. 342 і 293 КК. 

15:15 Ператрус у офісе ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» скончаны. Офіс апячатаны, канфіскаваная тэхніка. Барыс Пятровіч і Сюзанна Паўкштэла на свабодзе, пад падпіскай аб неразгалошванні, піша СБП.
15:11 Сілавікі прыйшлі да праваабаронцы «Вясны» са Смаргоні Аляксандра Дзергачова. У яго адбываецца вобшук.
14:40 «Имена» распавялі, што адбывалася ў іх офісе. Раніцай у офіс прыйшлі сілавікі, якія прадставіліся супрацоўнікамі фінансавай міліцыі. Паводле папярэдняй інфармацыі, у офісе прайшоў ператрус, на які не пусцілі адваката. У офісе знаходзіліся дырэктарка «Имён» Кацярына Сяргеева і бухгалтарка Таццяна Аднавол. Таццяна зараз на волі, дома. Яна пад падпіскай аб неразгалошванні. Офіс апячатаны. Паводле інфармацыі «Имён», ператрус плануецца ці ўжо праходзіць у кватэры Кацярыны Сяргеевай.
14:38 Пасля ператрусу Уладзіміра Лабковіча разам з жонкай Нінай павезлі ў ДФР. Зараз Уладзіміра і Ніну Лабковічаў вязуць на допыт у Следчы камітэт. У іх трое непаўналетніх дзяцей, піша «Вясна».

14.16.Таксама адбываюцца вобшукі ў сябраў грамадскага аб’яднання «Фонд імя Льва Сапегі», піша «Наша Ніва».
Гэты фонд займаўся развіццём мясцовага самакіравання ў Беларусі. Пазітыў хіба што ў тым, што прынамсі ад аднаго супрацоўніка ўжо сышлі, забраўшы тэхніку, не затрымалі.
13.59. Затрыманая праваабаронца і былая сяброўка «Вясны» Марына Статкевіч. Перад гэтым у яе быў ператрус. Ператрус адбываецца ў гродзенскай грамадскай арганізацыі «Трэці сектар».

13.42. У «Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый» таксама прыйшлі з ператрусам. 
13.12. «Наша Ніва» паведамляе пра ператрус у эканаміста Яраслава Раманчука. У Барысаве затрымалі праваабаронцу Алега Мацкевіча. Паводле папярэдняй інфармацыі, яго павезлі ў Следчы камітэт у Мінск. Раней Мацкевіча ўжо некалькі разоў выклікалі ў Барысаўскі раённы аддзел СК.
12.42. Сілавікі прыйшлі таксама ў офіс праваабарончай арганізацыі «Гендарныя перспектывы».
Сёння ў 7:30 раніцы прайшоў ператрус у праваабаронцы «Вясны» Алены Лапцёнак. У пастанове на ператрус значыліся: ч.1 і 2 арт. 342 і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса. Алену павезлі ў Следчы камітэт. Невядома, у якім яна статусе.
Больш за 2 гадзіны адсутнічае сувязь з кіраўніком мазырскай філіі «Вясны» Уладзімірам Целепуном. Не адказваюць тэлефоны старшыні «Саюза беларускіх пісьменьнікаў» Барыса Пятровіча і сакратаркі Сюзанны Паўкштэла. У гэты час яны мусілі знаходзіцца ў офісе. Офіс СБП знаходзіцца ў адным памяшканні з офісам ЗБС «Бацькаўшчына», куды прыйшлі з ператрусам.

12.13. Сілавікі прыйшлі ў Цэнтр эканамічных даследаванняў «BEROC», паведамляе «Наша Ніва». Таксама ламаюць дзверы офіса БНФ ў Мінску.
11.50. Ператрусы праходзяць у брэсцкага праваабаронцы Кірылы Кафанава з «Human Constanta» і ў грамадскіх актывістаў Тамары Мацкевіч з «Таварыства беларускай школы» і Сяргея Мацкевіча з «Цэнтра “Супольнасць”». У Кірыла правялі ператрус у межах арт. 342 і 293 КК, забралі сістэмны блок кампутара, два ноўтбукі, два тэлефоны, нататнікі і працоўную дамову. Пасля ператрусу і размовы з супрацоўнікамі ГУБАЗіКа, якія яму прапаноўвалі запісаць відэа (ён адмовіўся), яго адпусцілі. Сказалі, каб праваабаронца чакаў выкліку на афіцыйны допыт, паведамляе «Вясна».
11.36. У Полацку прыйшлі да старшыні «Свабоднага прафсаюза Беларускага» Міколы Шараха, ператрус праводзіцца ў рамках заведзенай 29 сакавіка крымінальнай справы па арт.341 Крымінальнага кодэкса «Апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці», піша «Свабода». Таксама паведамляецца, што з ператрусам прыйшлі ў офіс «Беларускага Хельсінкскага камітэта» ў Мінску. Як паведамляе тэлеграм-канал БАЖ, там «ламаюць дзверы».
11.26. Пачаўся ператрус у офісе Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», паведамляе «Наша Ніва».
11.23. Як высветлілася, праваабаронцу Андрэя Палуду павезлі для ператрусу ў прастору «Тэрыторыя правоў» ва Уруччы (Мінск). Таксама ў сталіцы затрыманая праваабаронца Яўгенія Бабаева. Яе павезлі ў Следчы камітэт.

Раніцай 14 ліпеня сілавікі прыйшлі з пастановай на ператрус да юрыста праваабарончага цэнтрп «Вясна» Уладзіміра Лабковіча. Падрабязнасцей ператрусу пакуль няма, сам Лабковіч паспеў толькі паведаміць пра яго ў Фэйсбуку, піша «Радыё Свабода».

Падчас ператрусу дома ў намесніка старшыні праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянціна Стэфановіча сілавікі забралі тэхніку, самога юрыста таксама звезлі, меркавана, на допыт, паведаміла яго жонка Аліна Стэфановіч. Ператрус скончыўся ў 10:30.

Як паведаміла «Вясна» у сваім тэлеграм-канале, з ператрусам да праваабаронцы «Вясны» Валянціна Стэфановіча прыходзілі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў. У пастанове на правядзенне вобшука значыліся два артыкулы Крымінальнага кодэкса: 342 («Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і 243 («Ухіленне ад выплаты падаткаў»).

«Верагодна, іншыя праваабаронцы, да якіх сёння прыйшлі з ператрусам, праходзяць па гэтых жа артыкулах», — дапускаюць у арганізацыі.

Ператрус таксама прайшоў у каардынатара кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэя Палуды. Цяпер яго вязуць для ператрусу ў іншае месца.

У 8:15 раніцы супрацоўнікі ДФР прыйшлі з ператрусам да гродзенскага праваабаронцы Віктара Сазонава. З ператрусам прыйшлі і да дырэктаркі Цэнтра прававой трансфармацыі «Lawtrend» Вольгі Смалянкі. Ператрус адбудзецца і ў офісе праваабарончай арганізацыі.

Юрась Губарэвіч паведаміў, што прадстаўнікі Следчага камітэта прыйшлі да мінскага офісу Руху «За свабоду». Падобна, ператрус рыхтуецца.

Каля 10-й гадзіны стала вядома, што ў Мінску затрымалі журналіста і праваабаронцу «Вясны» Сяргея Сыса. Знікла сувязь і з кіраўніком «Вясны» Алесем Бяляцкім, пра гэта «Свабодзе паведамілі» яго калегі і жонка Наталля Пінчук.

У невядомым напрамку звезлі галоўнага рэдактара Orsha.eu Ігара Казмерчака. Яго ўжо затрымлівалі 8 ліпеня, тады ў яго дома адбыўся ператрус. Праз трое сутак журналіста выпусцілі з ізалятара.

Кацярына Сінюк з праекта «Имена» паведаміла, што ў офісе з’явіліся нейкія людзі. Мяркуючы па ўсім, гэта супрацоўнікі ДФР. Пакуль Сінюк не валодае іншай інфармацыяй.

«Дзверы ў офіс БАЖ выламаныя. Там сілавікі», — паведамляе тэлеграм-канал «Беларускай асацыяцыі журналістаў».