Мандат спецдакладчыка СПЧ ААН па Беларусі працягнуты яшчэ на год. Афіцыйны Мінск зноў феерычна лічыць галасы
Чальцы Савета па правах чалавека ААН 13 ліпеня прагаласавалі за рэзалюцыі па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, якая прадугледжвае працягненне на год мандата спецдакладчыка па правах чалавека ў Беларусі.
Рэзалюцыя заклікае ўлады ўзаемадзейнічаць са спецдакладчыкам і вярнуцца да дыялогу, а таксама даць яму магчымасць наведваць Беларусь і мець зносіны з зацікаўленымі асобамі ва ўрадзе і з ліку грамадзянскай супольнасці, перадае АФН.
Чальцы Савета выказалі глыбокую заклапочанасць парушэннямі правоў чалавека і бесперапыннымі паведамленнямі аб катаваннях і жорсткім абыходжанні з затрыманымі. Яны чарговым разам заклікалі беларускі ўрад да захавання ўзятых на сябе міжнародных абавязанняў у сферы абароны правоў чалавека і запатрабавалі неадкладнага вызвалення ўсіх рэпрэсаваных, а таксама неперадузятага расследавання паведамленняў аб парушэннях правоў чалавека і катаваннях.
СПЧ таксама настойвае на тым, каб у Беларусі было перагледжана заканадаўства аб выбарах, якое цяпер ідзе насуперак міжнародным дэмакратычным патрабаванням, а таксама каб быў створаны дзяржаўны орган па наглядзе за выкананнем правоў чалавека.
Афіцыйны прадстаўнік Беларусі ў ААН Юрый Амбражэвіч раскрытыкаваў рэзалюцыю і дзеянні Еўрапейскага Саюза ў дачыненні да Беларусі, заклікаў не ўмешвацца ў справы краіны і галасаваць «супраць». Яго сваімі выступамі падтрымалі прадстаўнікі Расіі, Венесуэлы, Кітая, Кубы і Эрэтрыі.
Па прапанове Расіі было праведзена галасаванне, згодна з якім рэзалюцыя была прынятая: 21 краіна-удзельніца выступіла «за», 7 — «супраць», 19 — «устрымаліся».
МЗС Беларусі назвала прынятую Саветам па правах чалавека ААН рэзалюцыю падставай для ціску на краіны, якія не падпарадкоўваюцца дыктату Захаду, і заявіў, што рэзалюцыю «не падтрымалі большасць чальцоў Савета», бо колькасць галасоў «супраць» і «ўстрымаліся» перавышае колькасць краін, якія прагаласавалі «за» яе прыняцце.