Кітай адмаўляецца ад Лукашэнкі? Зяленскі прапанаваў Украіну як «мост у Еўропу» для кітайскага бізнесу

13 ліпеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і старшыня КНР Сі Цзіньпін правялі тэлефонную размову.

3549_724x0_803.jpg


Сярод тэм, якія абмеркавалі лідары Украіны і КНР, была рэалізацыя інфраструктурных праектаў, у тым ліку праектаў па развіцці інфраструктуры марскіх партоў, будаўніцтве і мадэрнізацыі дарог, развіццю чыгунак. Зяленскі выказаў надзею, што Украіна можа стаць «мостам у Еўропу» для кітайскага бізнесу, паведамляе REFORM.by са спасылкай на офіс украінскага прэзідэнта.

«Кітай — гандлёва-эканамічны партнёр Украіны нумар адзін у свеце. І мы зацікаўлены ў поўнай рэалізацыі патэнцыялу двухбаковага ўзаемадзеяння, перш за ўсё, у сферах гандлю і буйных інфраструктурных праектах», — заявіў Зяленскі.

Кіеў і Пекін пацвердзілі зацікаўленасць у нарошчванні ўкраінскага экспарту ў Кітай, абмеркавалі магчымасці павелічэння аб’ёмаў гандлю паміж краінамі.

Сі Цзіньпін заявіў, што Кітай падтрымлівае суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Кіраўнікі дзвюх краін абмяняліся запрашэннямі здзейсніць візіты ў зручны час.

Раней Кітай разглядаў Беларусь як «мост у Еўропу». Аднак на мінулым тыдні Лукашэнка прапанаваў абмежаваць транзіт з краін ЕС у Кітай праз Беларусь. «Хай праз Фінляндыю ў Кітай і Расію пастаўляюць сваю прадукцыю. Або праз Украіну (там добрыя дарогі) няхай едуць і пастаўляюць туды», — заявіў ён.

Бачна, Лукашэнку ў Кітаі добра пачулі і зразумелі.