Гэта каштуе 15 000 долараў: падрабязнасці пра беларускі шлях нелегалаў у Літву

Журналісты «Медиазоны» апублікавалі вялікае расследаванне, у якім паспрабавалі разабрацца, як арганізавана нелегальная міграцыя грамадзян Ірака ў ЕС праз Беларусь.

Каля паловы затрыманых у Літве на мяжы з Беларуссю нелегальных мігрантаў — гэта грамадзяне Ірака / Reuters​

Каля паловы затрыманых у Літве на мяжы з Беларуссю нелегальных мігрантаў — гэта грамадзяне Ірака / Reuters​


Сёлета рэзка ўзрос паток нелегальных мігрантаў з тэрыторыі Беларусі ў Літву. Літоўскія ўлады і чыноўнікі ЕС гавораць пра датычнасць беларускіх улад да арганізацыі гэтага патоку, паведамляе «Еўрарадыё».

Адзін з журналістаў праекта прадставіўся чалавекам, які хоча бегчы ў Еўропу, і пагутарыў з некалькімі праваднікамі.

«У размовах праваднікі пераконваюць, што шлях у Еўропу праз Беларусь — легальны, бо падарожнікам выдаюць турыстычныя візы. Візы і квіткі забяспечвае сетка іракскіх і беларускіх тураператараў», — піша выданне.

Кантрабандысты забяспечваюць сваім кліентам беларускую візу, білеты на самалёт да Мінска, аплачваюць гасцініцу да перавозкі да мяжы з Літвой. Кошт паслугі — ад 10 да 15 тысяч долараў.

«Беларускі тураператар сустрэне цябе ў аэрапорце. Ты спынішся ў гасцініцы, і я прыеду і адвязу цябе да мяжы», — абяцаў журналісту-кліенту правадыр.

Выданне таксама прыводзіць словы ўладальніка іракскага тураператара Меера Сахебрана. Ён нагадвае, што магчымасць атрымаць турыстычную візу ў Беларусь з’явілася ўсяго тры ці чатыры месяцы таму, кажа, што візы даюць лёгка, але папярэджвае пра заклад у 3000 долараў. Гэтыя грошы павінен унесці кожны, хто едзе ў Беларусь. Калі чалавек не вяртаецца ў Ірак, заклад выплачваюць Беларусі.

«Гэта як штраф. Ты плаціш грошы кампаніі, якая арганізавала турыстычную групу», — тлумачыць Сахебран.

Праз вялікі паток нелегальных мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у Літву з тэрыторыі Беларусі, літоўскі ўрад абвясціў у краіне надзвычайнае становішча, на мяжы пачалі будаваць загароду з калючага дроту. З больш чым 1700 затрыманых з пачатку года на гэтым участку мяжы нелегальных мігрантаў каля паловы — грамадзяне Ірака.

На гэтым фоне ў ЕС заявілі, што дапускаюць увядзенне новых санкцый супраць Беларусі ў адказ на міграцыйны крызіс, арганізаваны на літоўскай мяжы.