У аўторак у Літве затрыманыя ўсяго 22 мігранты
Літоўскія памежнікі ў аўторак затрымалі ўсяго 22 мігрантаў, якія незаконна перасеклі мяжу з Беларуссю. Гэта найменшы сутачны паказчык у ліпені.
Агулам з пачатку года былі затрыманы 1738 мігрантаў, з якіх 1077 — у ліпені, паведамляе REFORM.by са спасылкай на ўпраўленне Дзяржаўнай мяжы МУС Літвы.
Большую частку затрыманых складаюць грамадзяне Ірака або якія прадставіліся такімі — 846 чалавек.
Літва пачала значна ўзмацняць ахову сваёй мяжы. На мінулым тыдні пачалося будаўніцтва плота з калючага дроту на мяжы з Беларуссю. Беларуска-літоўскую мяжу патрулююць не толькі літоўскія памежнікі і вайскоўцы: ім дапамагаюць, эстонскія паліцэйскія і памежнікі, сілы Еўрапейскага агенцтва памежнай і берагавой аховы «FRONTEX», Службы грамадскай бяспекі, «Саюза стралкоў» і іншых устаноў.
Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс заявіў, што выкарыстанне міграцыі ў якасці зброі супраць краін ЕС нават больш цынічнае, чым угон самалёта «Ryanair». «Рэжымы, якія выкарыстоўваюць мігрантаў у якасці зброі гібрыднага нападу, павінны атрымаць балючы агульны адказ з боку ЕС», — адзначыў ён і падняў пытанне ў Брусэлі ўзмацнення санкцый адносна ўлад РБ.