Прывід беларусіфікацыі
Чыноўнікі выдалі дакумент, словазлучэнне з якога мае ўсе шанцы стаць саркастычным афарызмам. «Прымусовая беларусіфікацыя» — вось чаго мусяць цяпер баяцца чыноўнікі, такая выснова напрошваецца пасля азнаямлення з дзяржаўным цыркулярам.
Чыноўнікі выдалі дакумент, словазлучэнне з якога мае ўсе шанцы стаць саркастычным афарызмам. «Прымусовая беларусіфікацыя» — вось чаго мусяць цяпер баяцца
чыноўнікі, такая выснова напрошваецца пасля азнаямлення з дзяржаўным цыркулярам.
«У выкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы, дадзеных 24 лютага 2012, у ходзе нарады па выніках правядзення нарады Нацыянальнага музычнага праекта «Еўрафэст», першы намеснік
кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.М. Радзькоў звярнуўся да вас з просьбай у 2012 годзе: забяспечваць аптымізацыю расходаў мясцовых бюджэтаў на рэстаўрацыю і рэканструкцыю
гісторыка-культурных каштоўнасцей, пастаноўку спектакляў, фільмаў, канцэртных праграмаў, правядзенне культурна-забаўляльных мерапрыемстваў; прыняць канкрэтныя меры па недапушчэнні правядзення
кіраўнікамі дзяржаўных органаў, іншых арганізацый палітыкі прымусовай беларусіфікацыі і штучнага скарачэння выкарыстання рускай мовы ў іх дзейнасці», — гаворыцца ў лісце да старшыні
Брэсцкага аблвыканкама Канстанціна Сумара за подпісам намесніцы начальніка ўпраўлення справамі Брэсцкага аблвыканкама Вольгі Клімаховіч. Дакумент патрапіў у рэдакцыю «Нашай нівы»,
сапраўднасць ліста журналістам у аблвыканкаме пацвердзілі.
Што такое «прымусовая беларусіфікацыя» дазваляюць разабрацца лічбы статыстыкі. На мове тытульнай нацыі ў краіне навучаецца 19% школьнікаў. Пры гэтым яшчэ дзесяць гадоў таму гэтая
лічба была істотна большай: у 2001–2002 гадах у Беларусі такіх вучняў было 27,8%. А ў 1993–1994 годзе на беларускай мове навучаліся 76% (!) першакласнікаў. Цяпер жа беларускамоўныя
школы размешчаныя ў асноўным у вёсках і невялікіх гарадках.
Таксама з кожным годам усё менш выпускнікоў школ праходзяць тэсціраванне па беларускай мове: у 2007-м такіх было 77 тысяч чалавек, у 2008-м — 68 тысяч, у 2009-м — 63 тысячы, у
2010-м — 67 тысяч, у 2011-м — 52 тысячы.
Да слова: у студзені гэтага года стала вядома, што па ўсёй краіне спыняюцца наборы на спецыяльнасці, звязаныя з беларускай мовай. У Магілёве больш не будуць рыхтаваць педагогаў беларускай, а ў
Мінскім педагагічным універсітэце закрытыя адразу чатыры спецыяльнасці беларускай філалогіі.
Вынікі русіфікацыі, а не беларусізацыі паказвае і агульнанацыянальны перапіс насельніцтва — ужыванне беларускай мовы скарачаецца. У 1999 годзе 36,7% жыхароў краіны заявілі, што дома
размаўляюць па-беларуску, у 2009-м беларускамоўных у побыце засталося ўжо 23,4%. У тым жа 2009 годзе нацыянальнае апытанне НІСЭПД паказала, што 19,8% беларусаў выступаюць за наданне беларускай мове
статуса адзінай дзяржаўнай. Іншыя дадзеныя ў тым жа 2009 годзе падаваў інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі прэзідэнта. Паводле іх, 72% рэспандэнтаў карыстаюцца ў паўсядзённым жыцці рускай
мовай, 11,9% — беларускай. У хатніх умовах часта ці час ад часу ўжываюць беларускую мову 35,1% рэспандэнтаў.
Дырэктар Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі доктар філалагічных навук, прафесар Аляксандр Лукашанец тры гады таму аптымістычна заяўляў, што нацыянальная мова
атрымлівае ўсё большае распаўсюджванне ў інтэрнэце і канфесіянальнай дзейнасці. «Ужо не рэдкасць, калі SMS пішуцца з выкарыстаннем беларускай лацінкі, а служба ў большасці касцёлаў на
беларускай мове — хутчэй традыцыя, чым выключэнне», — адзначаў Аляксандр Лукашанец. Разам з тым на апошнім з’ездзе Таварыства беларускай мовы гучалі меркаванні,
што доступ да мовы цягам апошніх гадоў скараціўся.
Намесніца старшыні ТБМ Алена Анісім гаворыць, што яна супраць навязвання беларускай мовы, але ў жыхароў краіны абавязкова мусіць быць роўны выбар паміж рускай і беларускай. Каб за апошнюю не
даводзілася ваяваць з чыноўнікамі. «Мова мусіць ісці ад душы, а не навязвацца. Але яна мусіць быць прысутная паўсюль, каб людзі мелі выбар, маглі атрымаць адукацыю па-беларуску без
дадатковых намаганняў, як гэта ёсць цяпер, каб чалавек у дзяржустанове меў бланкі па-руску і па-беларуску. Я не разумею тэрміну «штучнае скарачэння ўжывання рускай мовы». З людзьмі,
якія будуць гаварыць па-беларуску, будуць змагацца, ці як? — задаецца рытарычным пытаннем спадарыня Алена. — Я не схільная бачыць, што гэта дзяржаўная палітыка, бо яна фармулюецца
адкрыта. Думаю, што тыя, хто дасылалі гэты дакумент, проста перавысілі паўнамоцтвы».
Дарэчы, Алена Анісім зазначае, што апошнім часам грамадзяне краіны самастойна праяўляюць цікаўнасць да беларускай мовы. «Выкарыстанне яе пашыраецца, мова пачынае пранікаць у фінансавыя
структуры, добра прыжылася ў медыцынскім асяроддзі, іншая справа, што пра гэта мала хто гаворыць. Хутка выйдуць правілы дарожнага руху па-беларуску. Усё гэта паказвае, што мова ў грамадстве
запатрабаваная. Праўда, ёсць істотная праблема — у вышэйшай школе роднай мовы беларусаў зусім няшмат, — працягвае думку намесніца старшыні ТБМ. — На сённяшні дзень пытанне
з навучаннем па-беларуску ў ВНУ стаіць у шэрагу пытанняў маралі. Калі студэнты цікавяцца спецыяльнасцю, краінай, то мусяць вывучаць беларускую мову. Нацыянальная мова мусіць быць абавязковай для
вывучэння, як і ва ўсіх краінах, інакш пра нас увогуле перастануць гаварыць як пра нацыю».
Змаганне з «прымусовай беларусіфікацыяй» найперш выклікае сарказм, а не абурэнне. За столькі гадоў да чаго толькі не прызвычаіліся.