«Прынцыпова не аплочваю штраф за мітынг». З карткі жыхара Магілёва знялі ўвесь заробак
262 рублі зніклі імгненна.
![kaardynatar_belaruskaj_hrystsiyanskaj_demakratyi_pa_magilyouskaj_voblastsi_aleg_aksyonau_kopiya.jpg kaardynatar_belaruskaj_hrystsiyanskaj_demakratyi_pa_magilyouskaj_voblastsi_aleg_aksyonau_kopiya.jpg](/img/v1/images/kaardynatar_belaruskaj_hrystsiyanskaj_demakratyi_pa_magilyouskaj_voblastsi_aleg_aksyonau_kopiya.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
20 студзеня на заробкавую картку Алега Аксёнава прыйшлі 262 рублі заробку, піша «Белсат». Менавіта столькі ён атрымлівае, як дагляднік жылога комплексу. Ужо праз пару хвілін пасля залічэння ўся сума была знятая з рахунку. Калі Алег звярнуўся ў «Альфа-банк», што абслугоўвае ягоны рахунак, яму патлумачылі, што спісанне грошай адбылося на запыт судовых выканаўцаў.
18 верасня суд Ленінскага раёну Магілёва аштрафаваў Аксёнава
за ўдзел у мірным мітынгу пратэсту 23 жніўня і прысудзіў яму штраф памерам 30
б. в. — 810 рублёў. Праўда, у судовай пастанове суддзя Алена Літвіна забылася
адзначыць памер штрафу. На што абласны суд 8 снежня не звярнуў ніякае ўвагі і
пакінуў пастанову актуальнаю. Да 8 студзеня ў Алега Аксёнава быў час на
добраахвотную аплату штрафу, але ён не зрабіў гэтага прынцыпова.
«Я не лічу сябе вінаватым і таму не аплочваў штраф паводле
арт. 23.34 КаАП добраахвотна. Наша Канстытуцыя дазваляе людзям збірацца на
мірныя сходы, і правы чалавека гэта таксама дазваляюць. Я ведаю, што гэтыя
грошы дзяржава пусціць на фінансаванне АМАПу ды іншых сілавых структураў. А мне
не падабаецца іхная праца. Увогуле мне не падабаюцца гэтыя ўлады, і я не жадаю
іх фінансаваць», — пракаментаваў Аксёнаў.
Алег Аксёнаў вядомы як каардынатар Беларускае хрысціянскае
дэмакратыі ў Магілёўскай вобласці. Ён сцвярджае, што за ім пільна сочыць КДБ і
таму яму цяжка знайсці сабе хоць якую працу.
«Толькі я ўладкуюся на новую працу — і ўжо праз пару месяцаў
мне кажуць: прабачце, але вы нам не падыходзіце. Адзінае месца, дзе мне ўдалося
затрымацца, — гэта праца ў жылым комплексе. Так, заробак тут не вялікі, але
хоць які», — кажа Алег.
Аксёнаў быў вельмі абураны, калі з ягонага рахунку ў
«Альфа-банку» спісалі цалкам увесь заробак. Прычым так хутка, што калі б хацеў — не паспеў бы зняць грошай. Алег не разумее, як маглі зняць увесь заробак — чым цяпер яму плаціць за камуналку, за што набываць ежу? Мужчына меркаваў, што
грошы з яго будуць спаганяць у любым разе, але разлічваў, што будуць вылічваць
з заробку пэўны адсодак.
У «Альфа-банку» Алегу Аксёнаву патлумачылі, што яшчэ з 1
студзеня 2020 года запрацавала аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма выканання
грашовых абавязкаў. Яна была распрацаваная згодна з загадам прэзідэнта ад
16.10.2018 г для спрашчэння працэдуры спагнання грашовых абавязкаў.
Калі казаць прасцей, то аўтаматызаваная сістэма выканання
грашовых абавязкаў дазваляе судовым выканаўцам шукаць грошы неплацельнікаў ва
ўсіх банках і спаганяць пазыкі з іхных рахункаў. Гэтак яно і адбылося ў
сітуацыі з Аксёнавым. Але мужчына ўсё роўна звярнуўся па тлумачэнні ў аддзел
судовага выканання Ленінскага раёну. Праўда, там яму не змаглі пракаментаваць
сітуацыі ды прапанавалі напісаць зварот.
![spagnanne_groshaj_kopiya.jpg spagnanne_groshaj_kopiya.jpg](/img/v1/images/spagnanne_groshaj_kopiya.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Праваабаронца магілёўскае «Вясны» Барыс Бухель не бачыць у
сітуацыі са спісаннем грошай у Аксёнава нейкіх парушэнняў.
«Судовы выканаўца не бачыць, гэта заробак зʼявіўся на
рахунку ці нешта іншае. Ён бачыць грошы і спаганяе іх. Гэта ягоная праца. Лепей
не дапускаць перадачы справы судовым выканаўцам», — кажа Барыс Бухель.
Праваабаронца
перасцерагае ўсіх ад няплаты адміністратыўных штрафаў. Ён раіць не прапускаць
тэрмінаў добраахвотнага пагашэння штрафаў, а пры фінансавых праблемах звяртацца
ў суд з просьбаю пра растэрмінаванне. Бо калі за спагнанне возьмецца
судовы выканаўца, то пазыка аўтаматычна вырастае на 10 %, якія бярэ за працу
гэты адмысловец.
Нагадаем, што ў грамадзянаў на добраахвотную аплату
адміністрацыйнага штрафу ёсць 1 месяц з моманту ўступлення выраку ў законную
сілу або 1 месяц пасля абскарджання.
Каб атрымаць растэрмінаванне ў аплаце штрафу, вы павінны
звярнуцца з адпаведнаю заяваю ў суд, які вам выпісаў гэты штраф. Трэба паспець
гэта зрабіць у час, адведзены на добраахвотную аплату штрафу. Пытанне
развяжацца станоўча, калі вы далучыце да заявы дакументы, што пацвердзяць
фінансавыя цяжкасці. Напрыклад, маленькі аклад ці пенсійнае пасведчанне.
Калі вы ўсё ж такі прапусцілі тэрмін добраахвотнае аплаты
штрафу, вы можаце звярнуцца да судовага выканаўцы і папрасіць яго накіраваць
ліст вам на афіцыйнае месца працы. Тады штраф будзе вылічвацца з вашага заробку
штомесяц, але не больш, чым 50 % заробку за раз.