Прысуды блогерам Пятрухіну і Кабанаву набылі моц. Іх адпраўляюць у калоніі

Магілёўскі абласны суд пакінуў без задавальнення апеляцыйныя скаргі асуджаных на 3 гады зняволення блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава, паведамляе «Свабода».

Блогеры Пятрухін і Кабанаў

Блогеры Пятрухін і Кабанаў

Неўзабаве палітзняволеных адправяць у месцы адбывання пакарання: Сяргея Кабанава — у папраўчую калонію №1 у Наваполацку, Сяргея Пятрухіна — у калонію №3 («Віцьба») пад Віцебскам.

Пакуль жа яны застаюцца ў следчым ізалятары Магілёва. На волю маюць выйсці праз паўтара года, бо, згодна з пастановай судовай калегіі, 1 дзень, праведзены імі пад вартай ад затрымання да разгляду апеляцыі, адпавядае 1,5 дням.

На разглядзе апеляцый абвінавачаных не было. Хадайніцтва аб прысутнасці Кабанава судовая калегія па крымінальных справах не задаволіла. Інтарэсы абвінавачаных прадстаўлялі адвакаткі Галіна Азоліна і Ірына Тачкар.

У сваіх выступах яны акцэнтавалі ўвагу судовай калегіі на шэрагу парушэнняў норм працэсуальнага права, дапушчаных судом Кастрычніцкага раёна Магілёва. На іх думку, неабгрунтаванае выдаленне падабаронных з судовага пасяджэння да канца працэсу не дазволіла ўсебакова разгледзець справу ды пазбавіла абвінавачаных законнага права на абарону.

Таксама, гаварылі адвакаткі, суд, не дапытаўшы Сяргея Ціханоўскага і Мікалая Статкевіча ды іншых асоб, якія фігуруюць у справе, таксама не дазволіў ўсебакова яе разгледзець. Паводле іх, высновы суду не адпавядаюць матэрыялам справы. Яны прасілі спыніць вытворчасць па справе, а прысуд адмяніць.

Паводле абвінавачання, Пятрухін і Кабанаў у змове з Сяргеем Ціханоўскім ды Мікалаем Статкевічам ажыццяўлялі «ўзгодненую і мэтанакіраваную дзейнасць па стварэнні напярэдадні выбараў 2020 года грамадска-палітычнай напружанасці», рэалізоўвалі планы арганізацыі пратэставага руху пад выглядам пікетаў, збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты.

У абвінавачанні гаварылася, што абвінавачаныя рэалізоўвалі стратэгію змены ўлады Мікалая Статкевіча. Іх дзеянні прывялі да перашкоды працы грамадскага транспарту і прадпрыемстваў, а наступствы адчуваліся, нават калі іх затрымалі.

Прадстаўніца абвінавачвання назвала апеляцыйныя скаргі абвінавачаных і довады адвакатаў неабгрунтаванымі. Віна Кабанава і Пятрухіна, паводле яе, даказаная матэрыяламі справы, а абвінавачанне кваліфікаванае слушна.

14 красавіка ў Кастрычніцкім судзе Магілёва іх прызналі вінаватымі ў «арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак» (арт. 342 Крымінальнага кодэкса) ды «знявазе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў» (арт. 369 КК). Пятрухін асуджаны яшчэ за абразу суддзі Брэсцкага абласнога суда Андрэя Лешчанкі (арт. 391 КК).

Кожны з іх таксама мусіць выплаціць па 750 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды супрацоўніку магілёўскага АМАПа Віталю Аўтушэнку, якога, паводле следства, зняважыла публікацыя блогераў у сацыяльных сетках.

Віну ў інкрымінаваных злачынствах падсудныя не прызналі, але патлумачыць тады сваю пазіцыю на судзе ім не ўдалося. З першага судовага пасяджэння іх выдалілі з залі за парушэнне парадку і больш ім не дазволілі прысутнічаць на працэсе, нават выступіць з апошнім словам. Прадстаўніца абвінавачвання назвала выдаленне абвінавачаных абгрунтаваным. Іх інтарэсы баранілі кваліфікаваныя адвакаты.

Адвакаты Пятрухіна і Кабанава настойвалі, што іх віна не даказаная і трымаецца на меркаваннях. Яны даводзілі падчас разгляду справы ў раённым судзе, што падабаронныя дзейнічалі ў межах правоў, гарантаваных Канстытуцыяй, і заклікалі суддзю Вольгу Краўчанка «прыняць апраўдана смелае і законнае рашэнне з вынясеннем апраўдальнага прысуду».