Развітанне з ілюзіямі: Папа Рымскі – гэта ўсяго біскуп Рыма

Журналіст Дзмітрый Гурневіч наконт заявы Папы Рымскага Францыска наконт Вялікай Расіі адзначыў: «Гэта развітанне з ілюзіямі пра існаванне бясспрэчных аўтарытэтаў», піша «Салідарнасць»

Фота: Marco Bertorello/AFP

Фота: Marco Bertorello/AFP

25 жніўня Папа Францыск падчас тэлемосту звярнуўся да расійскай каталіцкай моладзі, што сабралася ў адным з касцёлаў Санкт-Пецярбургу:

– Вы спадкаемцы вялікай Расіі: вялікай Расіі святых, кіраўнікоў, вялікай Расіі Пятра I, Кацярыны II, той імперыі – вялікай, асвечанай, (краіны) вялікай культуры і вялікай чалавечнасці. Ніколі не адмаўляйцеся ад гэтай спадчыны, вы спадчыннікі вялікай Матухны Расіі, ідзіце наперад з гэтым.

– Відавочна, што гэта не апошняе захапленне Папам Рымскім «Вялікай Расіяй», – піша Гурневіч. – Хорхэ Берголья нарадзіўся і вырас у Лацінскай Амерыцы. А гэта рэгіён, дзе палітычная эліта выказваецца сёння на баку Расіі, або заклікае Украіну «да міру», то бок да перамоваў з Расіяй.

Падтрымка Расіі зашкальвае там і сярод масаў.

Справа ў тым, што публічная палітыка ў краінах Лацінскай Амерыкі выбудоўваецца праз прызму антыамерыканізму. Гэта іхная скрэпа, побач з левымі плынямі. «Амерыка заўсёды вінаватая», так там прынята лічыць. Амерыка – гэта кепская імперыя.

І погляд на вайну ва Украіне там вельмі блізкі да расійскіх прапагандысцкіх клішэ – «это Америка мутит». Русафілія – гэта рэакцыя на любую падазронасць адносна Амерыкі.

Але ёсць і добрая навіна. Апошняя дэкада – гэта развітанне з ілюзіямі пра існаванне бясспрэчных аўтарытэтаў. Папа Рымскі – гэта ўсяго біскуп Рыма, які кіруе вялікай інстытуцыяй.

Нават славутая догма ex cathedra, то бок беспамылковасць Папы, датычыць выключна справаў веры.


Украіна вельмі хваравіта адрэагавала на заяву пантыфіка. Так, Алег Нікаленка — афіцыйны прадстаўнік МЗС Украіны назваў словы Папы Рымскага »імперыялістычнай прапагандай". А кіраўнік Украінскай грэкакаталіцкай царквы арцыбіскуп Святаслаў заявіў, што выказванні Францішка выклікала «вялікі боль і трывогу» і выказаў асцярогі, што яно можа «натхніць неакаланіяльныя амбіцыі».