Рэальныя і афіцыйныя лічбы працоўнай эміграцыі адрозніваюцца ў дзесяць разоў

Рэальных заробкавых эмігрантаў нашмат болей, чымся ў афіцыйных звестках.



У польскім падраздзяленні UBER, якое займаецца дастаўкай ежы, працуюць пераважна замежнікі. Фота — Jaap Arriens/NurPhoto via ZUMA Press)

У польскім падраздзяленні UBER, якое займаецца дастаўкай ежы, працуюць пераважна замежнікі. Фота — Jaap Arriens/NurPhoto via ZUMA Press)

Спецыялісты патлумачылі прычыну таго, чаму лічбы так адрозніваюцца.

Паводле звестак Дэпартамента па грамадзянству і міграцыі, летась працаваць за мяжу выехала 10 700 беларусаў. Для параўнання: у 2016-м на заробкі афіцыйна з’ехала 7 400 чалавек.

Больш за ўсё беларусаў летась выехала на працу ў Расію: 6 156 чалавек. Суседняя краіна пакуль застаецца самым папулярным кірункам для нашых суайчыннікаў.

Частка беларусаў пачала пераарыентоўвацца на працу на Захадзе — напрыклад, у Польшчы. Паводле афіцыйных звестак, туды на заробкі выехала 2 978 чалавек (у 2016 годзе — 931 чалавек).

Рэальных заробкавых эмігрантаў нашмат болей, чымся ў афіцыйных звестках.

МЗС Польшчы ў размове з «Белсатам» заявіла, што польскія кансулаты выдалі беларусам больш як 35 тысяч працоўных візаў. Гэта амаль на 20 тысяч болей, чым у 2016 годзе. І ў 7 разоў болей, чым у 2015-м годзе.

Такія адрозненні ў афіцыйных беларускіх і польскіх лічбах патлумачыла ў размове з «Ежедневным журналом» кіраўнік праграмы «Ла Страда» Алена Несцярук. Паводле спецыялісткі, афіцыйная беларуская статыстыка ўлічвае толькі тых мігрантаў, якія заключаюць працоўныя дамовы з акрэдытаванымі ў Беларусі фірмамі, якія прапануюць працаўладкаванне за мяжой.

«Але закон не перашкаджае ўладкоўвацца самастойна, і тут трэба разумець, што большасць усё ж такі самі шукаюць сабе працу, самастойна з’язджаюць за мяжу», — распавяла Несцярук.

 belsat.eu