Праведнікі народаў свету заклікалі Польшчу і Ізраіль да дыялогу
Прычынай канфлікту паміж Польшчай і Ізраілем сталі змены ў закон аб Інстытуце нацыянальнай памяці.
Польскія Праведнікі народаў свету заклікалі ўлады Польшчы й Ізраіля вярнуцца на шлях дыялогу і еднасці. Адпаведны ліст у Канцылярыю прэм’ер-міністра Польшчы Матэўша Маравецкага накіравалі 50 палякаў, якія ратавалі габрэяў падчас Другой сусветнай вайны.
Пад лістом падпісалася кіраўніцтва Польскага таварыства Праведнікаў народаў свету – няўрадавай арганізацыі, якая была створана ў 1985 годзе па ініцыятыве людзей, узнагароджаных ізраільскім Інстытутам Яд ва-Шэм за выратаванне габрэяў падчас Другой сусветнай вайны.
Прычынай канфлікту паміж Польшчай і Ізраілем сталі змены ў закон аб Інстытуце нацыянальнай памяці, прынятымі польскім парламентам і падпісаныя прэзідэнтам Анджэем Дудай. У прыватнасці, папраўкі прадугледжваюць крымінальную адказнасць за публічнае абвінавачванне польскага народа ў адказнасці за злачынствы нацысцкай Нямеччыны ці іншыя злачынствы супраць чалавецтва. Закон таксама скрытыкавалі, у прыватнасці, ЗША, Украіна й шэраг габрэйскіх ды іншых арганізацый.
Паводле Радыё Рацыя