У Польшчы пачаў дзейнічаць скандальны закон аб забароне «бандэраўскай ідэалогіі»

Прыняцце гэтага закона выклікала непакой з боку Украіны, ЗША, Ізраіля. Дакумент прадугледжвае крымінальны пераслед тых, хто будзе "прыпісваць" палякам злачынствы нацыстаў.

flickr.com

flickr.com

У Польшчы 1 сакавіка ўступіў у сілу закон аб інстытуце нацыянальнай памяці. Пра гэта паведамляе "Радыё Свабода".
Гэты дакумент прадугледжвае крымінальны пераслед тых, хто будзе "прыпісваць палякам злачынствы нацыстаў, у прыватнасці будзе ўжываць словазлучэнне "польскія лагеры смерці", а таксама тых, хто будзе адмаўляць "злачынства ўкраінскіх нацыяналістаў, учыненыя ў дачыненні да грамадзян Польшчы ў перыяд 1925-1950 гадоў".
Прыняцце гэтага закона выклікала непакой з боку Украіны, ЗША, Ізраіля. Аднак прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда 6 лютага падпісаў змены ў закон аб інстытуце нацыянальнай памяці.
Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заявіў, што закон "не адпавядае абвешчаным прынцыпам стратэгічнага партнёрства паміж Польшчай і Украінай", і што "гістарычная праўда патрабуе шчырай размовы і дыялогу, а не забаронаў". У Дзярждэпартаменце ЗША заявілі, што польскі закон аб інстытуце нацыянальнай памяці "можа падарваць свабоду слова і акадэмічны дыскурс". Таксама ў дэпартаменце адзначылі, што трэба "быць асцярожнымі, каб не перашкаджаць абмеркаванню і каментаванню Халакосту". Гэтая частка заканадаўчых змен у Польшчы таксама абурыла Ізраіль, дзе закон назвалі "неабгрунтаваным".