Рэферэндумам па забудове
Грамадзяне Першамайскага раёну сталіцы не страчваюць надзеі «даціснуць» улады па правядзенні мясцовага рэферэндуму. Справа ў тым, што Першамайскі — падаецца, самы праблемны раён па ўшчыльняльнай забудове. Зразумела, такая забудова самім жыхарам не падабаецца. І яны прапануюць уладзе пашырыць межы раёна. Але пакуль што ўлада на гэта не пагаджаецца.
Устаноўчы сход ініцыятыўнай групы па правядзенні мясцовага рэферэндуму ў Першамайскім раёне сталіцы адбыўся вечарам 12 снежня ў Мінску ў офісе Партыі БНФ.
Для таго, каб ініцыяваць пытанне аб мясцовым рэферэндуме ў межах аднаго раёна, дастаткова ініцыятыўнай групы з 20 чалавек. У залу ў офісе Партыі БНФ па запрашэнні арганізацыі «Еўраперспектыва» сабралася людзей утрая больш неабходнага. Прычым, арганізатары сходу падышлі да цяперашняй ініцыятывы з усёй адказнасцю: на ўваходзе ў тых, хто прыйшоў на сход, збіралі пашпарты, каб дакладна і без памылак унесці грамадзян у спіс ініцыятыўнай групы па правядзенні рэферэндуму.
Пашпарты апрацоўвалі адразу ж. Бо гэтым разам арганізатары вырашылі падстрахавацца. Каб падчас праверкі подпісаў не прычапіліся, як звычайна, да іх недакладнасці ці несапраўднасці, па заканчэнні сходу ўсе подпісы ініцыятараў рэферэндуму былі завераны натарыусам.
Вядучы сходу, лідар грамадскай ініцыятывы «Еўраперспектыва», якая якраз і займаецца праблемамі рознай «ушчыльняльнай забудовы», Віктар Янчурэвіч патлумачыў, што падобная ініцыятыва — ужо не першая спроба правесці рэферэндум у Першамайскім раёне. 28 лістапада 2012 года 29 жыхароў Першамайскага раёна Мінска правялі сход ініцыятыўнай групы па арганізацыі мясцовага рэферэндуму ў абарону Севастопальскага парку, 18 снежня адпаведныя дакументы былі перададзеныя ў адміністрацыю Першамайскага раёна.
На мясцовы рэферэндум планавалася вынесці два пытанні: «Ці лічыце вы неабходным захаваць Севастопальскі парк як ландшафтна-рэкрэацыйную тэрыторыю ў існуючых ў цяперашні час межах, у тым ліку і свідравіны водазабору Зялёнаўка, якія знаходзяцца на яго тэрыторыі?» і «Ці лічыце вы неабходным развіваць Севастопальскі парк як раённы прагулачны і фізкультурна-аздараўленчы парк, выключыўшы магчымасць узвядзення новых капітальных пабудоў і пракладкі новых аўтамабільных дарог па яго тэрыторыі?».
1 лютага 2013 года мясцовыя ўлады адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятывы, матывуючы гэта тым, што правядзенне работ па рэканструкцыі Севастопальскага парку да 2015 года не плануецца.
Такое рашэнне было абскарджана ў судзе. 4 сакавіка 2013 года суд Першамайскага раёна сталіцы адмовіў ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы аб нерэгістрацыі ініцыятыўнай групы для правядзення рэферэндуму. Далейшыя спробы абскардзіць гэта рашэнне суда таксама былі безвыніковымі.
Ініцыятар сходу, Віктар Янчурэвіч, тлумачыць, што зараз ініцыятары падыходзяць да рэферэндуму больш шырока:
— Будзе ставіцца пытанне не толькі вузкае, не толькі па Севастопальскім парку, але на галасаванне жыхароў раёну будзе прапанавацца пытанне, як развівацца арёну увогуле. Ці гэта будзе пашырэнне раёну, пашырэнне тэрыторыі,і, як следства, забудова новых тэрыторыяў, ці пакінуць планы ўладаў, прынамсі, планы Мінгарвыканкама, па «кропкавай» і ўшчыльняльнай забудове раёна.
— Ці ж вы не ведаеце, як у Беларусі праводзяцца рэферэндумы? Вы сапраўды маеце намер яго праводзіць, ці гэта спроба ціску на ўлады?
— Зразумела, мы ведаем, як у краіне праводзяцца рэферэндумы, і не ходзім у ружовых акулярах. Таму мы не спадзяемся на тое, што мы тут выканалі працэдуру, ініцыятыўная група па правядзенні рэферэндуму будзе зарэгістравана ў ЦВК. Але ўсё ж такі гэта добрая нагода для таго, каб узнімаць гэтую праблему, і прымусіць чыноўнікаў гэтыя праблемы пачуць, і нарэшце вырашаць пытанні.
Найгалоўнейшая праблема зараз — гэта развіццё раёна. На сёння раён проста вычарпаў свае тэрыторыі, свае межы і магчымасці для развіцця. Калі не прымаць кардынальных мераў, то застаецца толькі адзін шлях: перакройваць тыя мікрараёны і тэрыторыі, якія склаліся ўжо дзесяцігоддзямі, і шукаць там «пятачкі», на якіх можна паставіць адзін-два дамы.
Але гэта не ёсць варыянтам для развіцця. Таму мы і ўздымаем пытанне: як далей раёну развівацца? Каб адказ на гэтае пытанне далі не ў Мінгарвыканкаме, а самі жыхары. Каб яны прыйшлі на ўчасткі і далі адказ, ці яны згодныя ўшчыльняцца, ці ўсё ж такі яны выступаюць за тое, каб раён развіваўся, і асвойваліся новыя тэрыторыі. Для таго, каб захаваць зялёныя насаджэнні. Для таго, каб не дапусціць перанаселенасці раёна і ўсіх з гэтым звязаных праблемаў.
— І шмат такіх праблемаў на раёне?
— Прыкладаў праблемаў багата. Гэта і Уручча, якое не адзін год пратэстуе супраць ушчыльнення, і ваенны гарадок, дзе пілуюць дрэвы і будуюць аб’екты, напрыклад, нашумелы «Аудзі-цэнтр», гэта і вуліца Каліноўскага, дзе плануюць лініі ЛЭП перакласці пад зямлю, вырубіць гэтую зялёную зону, а на гэтым месцы пабудаваць дамы. Гэта і Зялёны Луг, дзе вырубаюць лесапаркавую зону пад будаўніцтва ці то спартовага, ці то забаўляльнага аб’екта. Гэта Усход–2, дзе таксама вырубаюць залёную зону пад будаўніцтва, і, канешне ж, Севастопальскі парк, які ёсць вялікім болем жыхароў Першамайскага раёна. Бо гэты парк — вельмі ласая тэрыторыя для забудоўшчыкаў, яна адначасова і вялікая, і кампактная, на якую можна прыходзіць і нешта тут будаваць.
Што ж тычыцца пашырэння раёну, то, па словах Янчурэвіча, пашырыць яго можна вельмі проста. Напрыклад, далучыць у зону раёна пасёлак Бараўляны. Усё роўна ён зараз — амаль горад: туды ходзіць гарадскі транспарт, там гарадская інфраструктура і ўсё іншае. А плошчы для нармальнай, а не «ўшчыльняльнай» забудовы паміж Мінскам і Бараўлянамі вельмі багата.
Такім чынам, жыхары раёна не толькі просяць спыніць ушчыльняльную забудову. Яны яшчэ і прапануюць уладам выйсце з гэтага тупіка. Ці наважыцца ўлада іх паслухаць — вось гэта вялікае пытанне.