Рэклама «Поедим поедим» побач з Курапатамі — некампетэнтнасць чыноўнікаў ці карупцыя?

Больш за год ідзе змаганне грамадскіх актывістаў за тое, каб ля ўрочышча Курапаты, з заходняга боку мемарыяла, прыбралі рэкламныя білборды скандальнай рэстарацыі «Поедим поедим». Чаму справа, якая, падаецца, мусіла быць вырашаная пасля першага ж звароту ў кампентэнтныя структуры, дагэтуль не завершаная, і рэклама з выявай шашлыкоў працягвае вісець ля месца расстрэлаў тысяч людзей?

98345071_534982520464024_4546747976927674368_n_logo.jpg

«Новы Час» пачаў пісаць пра гэтую гісторыю яшчэ ў жніўні 2019 года. На МКАД, побач з Курапатамі, з заходняга боку мемарыяла, былі размешчаныя тры рэкламныя білборды, у тым ліку білборд з рэкламай рэстарана «Поедим поедим» з выявамі шашлыкоў ды хінкалі, а таксама сацыяльная рэклама пра падаткі ды аліменты. Відавочна, што месца для любой рэкламы выбрана няўдала. Да таго ж у арт. 110 Кодэкса аб культуры пазначана, што сродкі вонкавай рэкламы не павінны ствараць перашкоды для візуальнага ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці, а іх эскізы павінны ўзгадняцца ў міністэрстве культуры. Пасля зварота каардынатаркі «За ўратаванне мемарыяла Курапаты» Ганны Шапуцька ў мінкульт, міністэрства прызнала, што не ўзгадняла ніякай рэкламы і скіравала ліст з тлумачэннямі заканадаўства ў мінскі гарвыканкам ды праінфармавала мінскі райвыканкам пра «неабходнасць вынасу за межы тэрыторыі праекта зон аховы «Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій» ва ўрочышчы Курапаты рэкламных канструкцый, якія супярэчаць артыкулу 110 Кодэкса аб культуры».

67978755_389940745042366_2896121027790635008_n_logo.jpg


Далейшая перапіска чыноўнікаў паміж сабой ды з грамадскімі актывістамі нагадвае гульню ў гарачую бульбу — каму б скінуць адказнасць за незаконную рэкламу і пры гэтым не апячы рук? У сваіх адказах чыноўнікі пачалі масава «прыкідвацца шлангамі» і падмяняць заканадаўчыя тэрміны.
Напрыклад, што піша райвыканкам: «Шчыт, які ўказаны ў Вашых зваротах з рэкламай рэстарацыі «Поедим поедим» (далей — шчыт з рэкламай рэстарана) не размяшчаецца ў межах ахоўнай зоны».
Што піша гарвыканкам: «Па дадзеных дзяржаўнага будаўнічага кадастру сродкі вонкавай рэкламы, размешчаныя ўздоўж МКАД у раёне ўрочышча «Курапаты» ў межах адміністрацыйнай мяжы горада, размешчаны да чырвонай лініі МКАД і, такім чынам, не знаходзяцца ў ахоўнай зоне гісторыка-культурнай каштоўнасці».
Мы з вамі можам і не ведаць адрозненне паняткаў «зоны аховы» і «ахоўныя зоны». А вось кампетэнтныя чыноўнікі ведаць абавязаны. Гэта не ідэнтычныя паняткі, як бы падобна яны не гучалі.
Розніцу тлумачыць грамадская актывістка Ганна Шапуцька: «Згодна з гл.1 п.6 Пастановы №70 Міністэрства культуры, Праектам зон аховы ўстаноўлены наступныя зоны аховы мемарыяла Курапаты: ахоўная зона, зона рэгулявання забудовы, зона аховы ландшафту. Такім чынам, ахоўная зона — гэта ўсяго толькі складная частка зон аховы. Чыноўнікі гарвыканкама і райвыканкама ці тое свядома, ці тое з-за сваёй непрафесійнасці ўводзяць у зман. Дзве металічныя рэкламныя канструкцыі, у тым ліку адна з рэкламай рэстарана, знаходзяцца ў першым участку зоны рэгулявання забудовы. Такім чынам, гэта, безумоўна, не ахоўная зона, але зона аховы.
Таму гэтыя рэкламныя канструкцыі (адна з якіх належыць ТАА «Артасур», а другая — ІП Маслянікаву Р.В) пастаўлены незаконна, і павінны быць дэмантаваныя, як раней была дэмантаваная канструкцыя, што належыла «БелЗнешРэкламе» — і дазволу ад мінкультуры на яе ўсталяванне таксама не было. Трэба адзначыць,што рэкламныя канструкцыі насупраць рэстарана , які ў той час меў назву«Бульбаш-хол» былі сфатаграфаваны журналістамі яшчэ ў 2012 годзе, то-бок яшчэ пры будаўніцтве рэстарана парушалася заканадаўства Рэспублікі Беларусь, бо аніякага дазволу ад мінкультуры не было тады, і не існуе зараз… Мы бачым расцягнутае ў часе, як мінімум, адміністрацыйнае правапарушэнне, а як максімум, злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі — атрыманне незаконных рэкламных паслуг аднымі і атрыманне незаконнага матэрыяльнага даходу за прадстаўленне рэкламных паслуг другімі».
Разумеючы, што ад «шлангаў» з райвыканкама і гарвыканкама толку нямнога, грамадскія актывісты звярнуліся ў Генпракуратуру, адкуль атрымалі даволі адэкватны адказ — маўляў, з выкладзеных абставін угледжваецца магчымае парушэнне Кодэкса аб культуры. Генпракуратура звярнулася ў Міністэрства культуры з патрабаваннем арганізаваць праверку і вызначыць фактычнае месца размяшчэння сродкаў вонкавай рэкламы — на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці альбо ў зоне яе аховы, ды адпаведнасць рэкламы да іншых патрабаванняў заканадаўства.
Міністэрства культуры не вытрымала кінутай яму гарачай бульбы і ад асэнсавання таго, што некалі ўсё ж давядзецца даць па руках рэстарану «Поедим поедим», страціла рэшткі смеласці. Намеснік Міністра В. І. Грамада ў сваім адказе ігнаруе наяўнасць рэкламных канструкцый у зоне рэгуляванай забудовы мемарыяла Курапаты, блытаючы тэрміны «ахоўная зона» і «зона аховы», фактычна капіюючы слова ў слова адказы чыноўнікаў мінгарвыканкама і мінаблвыканкама. Праўда, намеснік міністра пацвердзіў, што светлавая шыльда рэстарана, пра якую таксама запытвалі грамадскія актывісты, не была ўзгодненая Міністэрствам культуры. Светлавая шыльда на будынку рэстарацыі павінна быць дэмантавана.
Такім чынам, перакідванне гарачай бульбы працягваецца ўжо амаль год. Цяпер абаронцы Курапатаў скіравалі чарговы зварот — на гэты раз уласна міністру культуры, каб ён праверыў, што адказваюць ягоныя падначаленыя і навошта яны ўводзяць у зман Генеральную пракуратуру. Прычыны бачыцца толькі тры — альбо непасрэдная матэрыяльная зацікаўленасць, альбо прафесійная некампетэнтнасць, альбо і неўменне чытаць Пастановы, выдадзеныя ўласным жа міністэрствам.
На карысць думкі, што бюракратам вельмі ўжо не хочацца чапаць рэкламу рэстарана «Поедим поедим» гаворыць і той факт, што чыноўнікі даволі хутка адрэагавалі на іншы білборд — з сацыяльнай рэкламай. Літаральна пасля першых зваротаў абаронцаў Курапатаў мінрайвыканкам адказаў, што эскіз сацыяльнай рэкламы ўжо адправілі на ўзгадненне Мінкульту. Чаму ж тады так замаруджваецца справа з білбордамі «Поедим поедим»?