Рэлігійная свабода ў Беларусі: Канстытуцыя гарантуе, улады абмяжоўваюць

Дзярждэпартамэнт ЗША апублікаваў даклад «Міжнародная рэлігійная свабода», у якім ацэньваецца сытуацыя з гарантаваннем веравызнання ў дзвюх сотнях краінаў свету.

67e4a94d_ad6f_49d5_af13_1b66221c4e2f_cx0_cy5_cw0_w1023_r1_s.jpg

У раздзеле, які тычыцца Беларусі, аўтары даследвання адзначаюць, што Канстытуцыя дзяржавы гарантуе рэлігійную свабоду, але іншыя законы і палітыка ўладаў яе абмяжоўвае.
«Канстытуцыя дае людзям свабоду вызнаваць і практыкаваць любыя рэлігіі, але забараняе рэлігійную дзейнасць, накіраваную супраць суверэнітэту дзяржавы, яе канстытуцыйнай сыстэмы і грамадзянскай згоды», — адзначаецца ў дакладзе Дзярждэпартамэнту ЗША аб сітуацыі са свабодай рэлігіі ў свеце ў 2016 годзе.
Аўтары дакладу звяртаюць увагу на «вызначальную ролю» Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ). Дзякуючы дамове з дзяржавай, ёй гарантаваныя правы і прывілеі, якіх не маюць іншыя канфэсіі. Пры тым, што заканадаўства краіны фармальна і прызнае гістарычную важнасць «традыцыйнай» для краіны каталіцкай веры, іўдаізму, ісламу і лютэранства.
У дакладзе звяртаецца ўвага на тое, што зарэгістраваныя ў Беларусі рэлігійныя групы павінны атрымліваць дазвол на правядзенне імпрэзаў па-за сваімі памяшканнямі, а таксама на ўвоз у краіну і распаўсюд рэлігійнай літаратуры. Таксама заканадаўства краіны забараняе ўсю рэлігійную дзейнасць незарэгістраваных групаў.
«Урад працягвае затрымліваць або штрафаваць асобаў, якія арганізоўвалі або прымалі рэлігійныя сходы ў прыватных дамах, і за адмову ад службы ў войску, нягледзячы на прыняцьцё закону аб альтэрнатыўнай службе. Таксама адмаўляюць у рэгістрацыі малалікім рэлігійным групам і заяўляюць аб магчымасці адмены рэгістрацыі некаторых супольнасцяў Сведак Яговы», — гаворыцца ў дакумэнце.
Акрамя таго, заяўляюць аўтары дакладу, улады Беларусі працягваюць назіраць за незарэгістраванымі рэлігійнымі суполкамі. Незалежныя рэлігійныя эксперты сцвярджаюць, што «многія суполкі па-ранейшаму неахвотна паведамляюць пра злоўжыванні і абмежаванні праз страх пакарання».
Звяртаецца ўвага на тое, што ў мусульманскага і пратэстанцкага духавенства, а таксама духавенства нетрадыцыйных канфэсіяў, няма доступу да зняволеных адпаведнага веравызнання ў беларускіх турмах, у той час як такі доступ маюць БПЦ і рымска-каталіцкія святары.
Аўтары дакладу таксама згадваюць шэраг выпадкаў вандалізму, учыненых у Беларусі ў дачыненні да габрэйскіх мэмарыялаў.
Паводле svaboda.org